Увечары каля дзявятае зайшоў да яго ў пакой барон, яго было не пазнаць. Спачатку жартаваў і рагатаў, а потым перахапіла ў яго дыханне, ён упаў на крэсла і праз момант прамовіў:
– Як пан мяркуе, шаноўны пане Вакульскі, часам, я думаю, не паводле ўласнага досведу, бо мая нарачоная вельмі высакародная кабета… але часам, думаю, што кабеты, бывае, падманваюць нас…
– Так, здараецца…
– Можа, гэта не іх віна, – працягваў барон. – Трэба, аднак, прызнаць, часам яны дазваляюць баламуціць сябе спрытным інтрыганам…
– О, дазваляюць.
Барона калаціла, аж зубы ў яго момантамі стукалі. Ён памаўчаў і запытаўся:
– Ці не мяркуе пан, аднак, што варта было б прыняць супраць гэтага меры?..
– Якім чынам?..
– Хоць бы не даваць магчымасці кабеце бачыцца з інтрыганамі…
Вакульскі гучна зарагатаў.
– Можна кабету вызваліць ад інтрыганаў, але ці можна вызваліць яе ад уласных інстынктаў?.. Хіба пан можа даць рады, калі той, хто ў вачах пана толькі баламут ці інтрыган, для яе – самец таго самага гатунку, што і яна сама?..
Паступова апанаваў яго шалёны гнеў. Ён хадзіў па пакоі і казаў:
– Якую барацьбу можна весці з законамі прыроды, паводле якіх сука, хоць і найлепшае пароды, не пойдзе з ільвом, а толькі з сабакам? Пастаў пан перад ёю самых высакародных звяроў, але яна адмовіцца ад іх усіх дзеля сабак… І цяжка гэтаму дзівіцца, бо яны ж адпавядаюць яе гатунку…
– Дык, паводле пана, няма рады? – спытаў барон.
– На сёння – ніякае, а некалі будзе. Шчырасць у чалавечых дачыненнях і вольны выбар. Калі кабеце не трэба будзе ані ўдаваць кахання, ані какетнічаць з усімі, тады яна адразу адсуне тых, хто ёй не падабаецца, і пойдзе за тымі, хто адпавядае яе густу. Тады не будзе ані ашуканых, ані ашуканцаў. Стасункі будуць упарадкаваныя натуральным чынам.
Калі барон пайшоў, Вакульскі лёг у ложак. Ён не спаў усю ноч, але супакоіўся.
“Якія ў мяне прэтэнзіі да панны Ізабэлы? – думаў ён. – Яна ж не казала, што кахае мяне, а дала мне ледзьве цень надзеі, што гэтак можа некалі стацца. Усё як мае быць, бо яна ж мяне амаль не ведае. Што за падазрэнні лезуць мне ў галаву!.. Старскі?.. Але ж яна хоча сасватаць яго пані Вансоўскай, дык, хіба, не збіраецца круціць з ім раман. Старшынёва?.. Старшынёва любіць панну Ізабэлу, яна сама мне пра гэта казала, зрэшты, загадала мне сюды прыехаць… Маю час. Пазнаёмлюся з ёю бліжэй, і калі яна мяне пакахае, буду шчаслівы ды спакойны. Калі не – вярнуся да Гейста. На ўсялякі выпадак прадам камяніцу і краму, пакіну суполку гандлю з Расіяй. Гэта дасць мне каля ста тысяч рублёў штогод, а ёй не будзе рызыкі зрабіцца галантарэйнаю купчыхаю”.
Назаўтра пасля першага снядання ён загадаў засядлаць каня і паехаў нібы агледзець наваколле. Бяздумна ён збочыў на дарогу, якою ўчора ехала каляска панны Ізабэлы і дзе, здавалася яму, яшчэ відаць былі сляды колаў… Потым, таксама машынальна, павярнуў ў бок лесу, куды яны нядаўна ездзілі ў грыбы. У гэтым месцы яна смяялася, тут размаўляла з ім, тут аглядала ўсё навокал…
Падазрэнні, гнеў – усё знікла.
Замест іх паліўся ў сэрца яму жаль гэткім тонкім струменем, як сляза, і гэткім пякучым, як нязгасны агонь…
У лесе ён злез з каня і вёў яго за цуглі.
Вось сцежка, якою яны ішлі тады разам, але яна выглядае ўжо неяк іначай. Гэта частка лесу мусіла быць падобнаю да касцёла, а сёння – ані следу падабенства. Шэра і ціха навокал. Чуваць толькі крумканне варон, якія якраз пралятаюць над лесам, і голас спалоханае вавёркі, якая драпаецца на дрэва і скавыча, як сабачаня.
Вакульскі дайшоў да паляны, дзе яны размаўлялі з паннай Ізабэлай, знайшоў нават той пень, на якім яна сядзела. Усё тут, як і было, а яе няма… На кустах ляшчыны жоўкне лісце, з хвояў звешваецца смутак, як павуцінне. Гэткі няўлоўны, а гэтак яго аблытаў!
“Якая бязглуздзіца, – думаў ён, – рабіцца залежным ад аднае чалавечае істоты! Я ж толькі дзеля яе працаваў, пра яе думаў, ёю жыву. Горш за тое, дзеля яе я пакінуў Гейста… Ну, але што лепшае меў бы я ў Гейста? Быў бы гэткі самы залежны, як сёння, толькі замест прыгожае кабеты маім гаспадаром быў бы стары немец. І гэтак жа працаваў бы, нават больш цяжка, з тою толькі розніцай, што сёння я працую дзеля свайго шчасця, а тады працаваў бы дзеля шчасця іншых, якія тым часам жылі б у сваё задавальненне, толькі за мой кошт.
Зрэшты, ці маю права я наракаць? Год таму я ледзь наважваўся марыць пра панну Ізабэлу, а сёння ўжо я з ёю знаёмы, нават шукаю яе ўзаемнасці… Ці я сапраўды яе ведаю?.. Яна скамянелая арыстакратка, ну, але не бачыла яшчэ нічога на свеце… У яе паэтычная душа ці, можа, яна толькі ўдае гэта… Какетка яна, так, але і гэта зменіцца, калі пакахае мяне… Словам, не ўсё так кепска, а праз год…”
У гэты момант конь павярнуў галаву і заіржаў. Адказала яму ў глыбіні лесу іншае ржанне і тупат капытоў. Неўзабаве ў канцы сцежкі паказалася амазонка, у якой Вакульскі пазнаў пані Вансоўскую.
– Гэй, гэй! – закрычала яна са смехам, саскочыла з каня і аддала повад Вакульскаму.