Стах цэлы верасень быў у вёсцы ў старшынёвай Заслаўскае. Чаго ён туды ездзіў, што там рабіў?.. Не магу даўмецца. Але па той пары лістоў, што ён згораўся мне напісаць, бачу: было яму там не надта. Які д’ябал прынёс туды панну Ізабэлу Ленцкую?.. Гэх! Ён жа, хіба, ужо не цікавіцца ёю. Смаркач з мяне, калі не здолею сасватаць яго з паняй Стаўскаю. Сасватаю, правяду да алтара, дапільную, каб прысягнуў, як належыць, а потым… Можа, у лоб сабе стрэлю, ці я знаю?..
(Дурань стары!.. І табе думаць пра гэткага анёла?.. Зрэшты, я пра яе зусім не думаю, асабліва з таго часу, як пераканаўся, што яна кахае Вакульскага. І няхай сабе кахае, абы шчаслівыя былі абое. А я?.. Эй, Кац, стары мой сябра, няўжо ты быў больш адважны за мяне?..)
У лістападзе, якраз у той дзень, калі абваліўся дом на вуліцы Успульнай, Вакульскі вярнуўся з Масквы. І гэтым разам не ведаю я, што ён там рабіў, дастаткова, што зарабіў каля сямідзесяці тысяч рублёў… Гэткія даходы не месцяцца мне ў галаве, але гатовы прысягнуць: справа, да якой Стах меў дачыненне, мусіла быць бездакорная.
Праз пару дзён пасля ягонага вяртання прыходзіць да мяне адзін самавіты купец і кажа:
– Каханы пане Жэцкі, не маю звычкі лезці ў чужыя справы, але – папярэдзь пана Вакульскага (не ад майго імя, а ад свайго), што той ягоны супольнік Сузін – сапраўдная шэльма і, несумненна, хутка збанкрутуе… Папярэдзь яго, пан, бо шкада чалавека… Усё ж Вакульскі, хоць і абраў крывую сцежку, заслугоўвае спачування…
– Што пан называе крывою сцежкаю?
– Анягож, пане Жэцкі, – кажа ён, – хто ездзіць у Парыж, купляе там караблі ў час непаразуменняў з Англіяй і гэтак далей, той, пане Жэцкі, не вызначаецца грамадзянскаю цнотаю.
– Пане даражэнькі, – кажу я, – а чым жа куплянне караблёў розніцца ад купляння хмелю? Хіба, большым заробкам…
– Ну, – зноў кажа ён, – не будзем, пане Жэцкі, заглыбляцца ў гэтую матэрыю. Каб зрабіў так хто іншы, нічога б я не меў супраць, але Вакульскі!.. Мы ж абодва ведаем яго мінулае, а я, можа, лепш за пана, бо не раз светлае памяці Гопфер рабіў у мяне праз яго замовы.
– Пан, – звяртаюся я да таго купца, – кідаеш цень падазрэння на Вакульскага?
– Не, пане, – зноў кажа ён, – я толькі паўтараю тое, пра што гудзе ўвесь горад. Не маю найменшага жадання ачарніць Вакульскага, асабліва ў вачах пана, які з ім сябруе (і слушна, бо пан ведаў гэтага чалавека, калі той быў не такі, як цяпер), але… Згадзіся, пан, што гэты чалавек шкодзіць нашай прамысловасці… Не буду нічога казаць пра яго патрыятызм, пане Жэцкі, але… шчыра пану скажу (бо не хачу крывіць душою перад панам), гэты маскоўскі паркалік… Разумее пан?..
Я быў раз’юшаны. Як-ніяк, а я – экс-паручнік венгерскае пяхоты, аднак не магу зразумець: чым нямецкі паркалік лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом гаворкі не было. Ён, злыдзень, гэтак варушыў брывамі, гэтак паціскаў плячыма і раскладаў рукі, што я ўжо падумаў быў, нібы ён – вялікі патрыёт, а сам я – лайдак, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі ды імперыяламі, безліч куляў ляцела ў мяне над галавою.
Вядома, я распавёў пра гэта Стаху, які паслухаў і сказаў:
– Супакойся, мой каханы. Тыя самыя людзі, якія мяне папярэджваюць, што Сузін – шэльма, месяц таму пісалі Сузіну, што я банкрут, махляр, былы бунтаўнік.
Пасля размовы з тым пачцівым купцом, прозвішча якога нават называць не хочацца, і пасля ўсіх атрыманых ананімак, пастанавіў я запісваць, што кажуць добрыя людзі пра Вакульскага.
Вось першая порцыя: Стах – кепскі патрыёт, бо танным паркалем зашкодзіў крыху лодзьскім фабрыкантам. Bene!.. Пабачым, што будзе далей.
У кастрычніку, дзесьці ў той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (вялізная гэта карціна і велічная, толькі не трэба яе паказваць жаўнерам, якія бралі ўдзел у бітвах), забягае ў склеп Марушэвіч, той сябра пані баранесы Кшэшоўскае. Гляджу на яго – магнат з магнатаў! На пузе, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей пуза, залаты ланцуг, тоўсты – на паўпальца, а доўгі, хоць ты сабак на ім вадзі. На гальштуку – брыльянтавая шпілька, на руках – новыя пальчаткі, на нагах – новыя чаравікі, а на ўсім целе (лядашчае гэта цела, змілуйся, Божа!) – новы гарнітур. І твар пры гэтым, нібы аніводнае ніткі на ім у крэдыт, а ўсё – за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве з ім у адным доме, прасвяціў мяне, што Марушэвіч гуляе ў карты і апошнім часам яму шанцуе.)
Дык залятае гэты франт у краму ў капелюшы на галаве ды з эбенавым кійком у руцэ, неспакойна азіраецца навокал (у яго звычайна бегаюць вочы) і пытаецца:
– Пан Вакульскі тут?.. А, пан Жэцкі!.. На пару слоў…
Вышлі мы з ім за шафы.
– Я з цудоўнаю навіною, – пачаў ён, пяшчотна паціскаючы мне руку. – Можаце, панове, прадаць сваю камяніцу, тую, былую Ленцкага… Баранеса Кшэшоўская яе купіць. Яна ўжо адсудзіла ў мужа свае капіталы і, калі здолееце дамовіцца, дасць дзевяноста тысяч рублёў, можа, нават і адступнога…