Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Хвілінку, – сказаў Вакульскі. – Калі пан вернецца ў Варшаву, няхай пан да мяне зойдзе. Магчыма, я паведамлю пану навіну пра вынаходніцтва, якое насамрэч можа палову жыцця забраць, але… спадабаецца пану.

– Паветраныя балоны?.. – запытаўся Ахоцкі і вочы ў яго загарэліся.

– Нешта яшчэ лепшае. Дабранач.

На другі дзень каля полудня Вакульскі пакінуў дом старшынёвай. Праз некалькі гадзін ён быў ужо ў Заслаўлі. Наведаў пробашча і загадаў Венгельку збірацца ў дарогу, у Варшаву. Пасля гэтага пайшоў на руіны замку.

На камені ўжо былі выбітыя чатыры радкі верша. Вакульскі прачытаў іх некалькі разоў і затрымаў позірк на словах:

“Да скону дзён застануцца са мною…”

“А калі не?..” – прашаптаў ён.

Ад гэтае думкі апанавала яго роспач. У той момант было ў яго адно толькі жаданне: каб зямля разышлася пад нагамі і пахавала яго разам з гэтымі руінамі, з гэтым каменем, з гэтым надпісам…

Калі ён вярнуўся ў мястэчка, коні былі ўжо накормленыя, каля фурманкі стаяў Венгелек з зялёнаю скрынкаю.

– А ці думаў ты, калі вернешся назад? – спытаў у яго Вакульскі.

– Калі Бог дасць, пане, – адказаў Венгелек.

– Сядай.

Вакульскі забраўся ў каляску, і яны рушылі. Здалёк старая кабета перахрысціла іх на дарогу. Венгелек заўважыў яе і зняў шапку.

– Няхай мама застаецца здаровая!.. – закрычаў ён з козлаў.


Канец другога тома



ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА


Маем, гэткім чынам, год 1879.

Каб я быў прымхлівы, а галоўнае, каб не разумеў, што пасля найгоршых часоў надыходзяць лепшыя, баяўся б я гэтага году 1879. Бо калі ягоны папярэднік скончыўся пагана, дык гэты пачаўся яшчэ горш.

Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўблыталася ў вайну з Афганістанам, і ў снежні было нават кепска. Аўстрыя мела шмат клопатаў у Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на іспанскага караля Альфонса ды італьянскага караля Гумберта. Абодва ацалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзаф Замойскі225, добры сябра Вакульскага. Я нават думаю, што ягоная смерць перакрэсліла шмат якія планы Стаха.

Год 1879 толькі пачаўся, але хай ён згарыць!.. Англічане не паспелі выкараскацца з Афганістану, а ўжо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрае Надзеі, з нейкімі зулусамі. А тут, у Еўропе, ні больш ні менш успышка чумы паблізу Астрахані, дык з дня на дзень можам чакаць і ў нас.

Што ў нас тут з-за гэтае чумы робіцца!.. Ад кожнага, каго ні спаткаю, толькі і чую: “А што, добра вазіць паркалік з Масквы?! Пабачыш, пан, прывезяце разам з ім яшчэ і маравую пошасць”. А колькі я атрымліваю ананімак з лаянкаю на чым свет стаіць! Здаецца мне, аднак, што пішуць іх, хутчэй за ўсё, купцы, нашы канкурэнты, або фабрыканты паркалю з Лодзі.

Гэтыя б нас у лыжцы вады ўтапілі, каб нават і ніякае чумы не было. Вядома, нават сотае часткі тае лаянкі не пераказваю я Вакульскаму, але, мяркую, ён і сам чуе ды чытае гэтага яшчэ больш, чым я.

Праўду кажучы, хацеў я вось тут, у гэтым месцы, апісаць гісторыю аднае нечуванае справы, справы крымінальнае, якую пані баранеса Кшэшоўская распачала супраць каго?.. Ніхто б не здагадаўся!.. Тае прыгожае, тае пачцівае, тае каханае пані Гэлены Стаўскае. Але з-за лютасці, якую я не ў стане ўтаймаваць, не магу сабрацца з думкамі. Дык дзеля супакаення, хіба, напішу пра штось іншае.

Пачала супраць пані Стаўскае крымінальны працэс, абвінаваціла яе ў крадзяжы... Яе ў крадзяжы! Вядома, атрэсліся мы ад гэтага бруду з трыумфам. Але чаго нам гэта каштавала… Я, напрыклад, далібог, не мог спаць начамі ледзь не два месяцы. А калі палюбіў хадзіць на піва па вечарах, чаго ніколі раней са мною не здаралася, і цяпер аж да паўночы заседжваюся ў шынку, дык гэта з гора і ўсё тут. На яе, на гэту святую кабету, падаць у суд за крадзеж!.. Бог мне сведка, трэба быць гэткаю напаўвар’яткаю, як пані баранеса.

Але заплаціла нам за гэта дурная баба дзесяць тысяч рублёў… Гэх, каб ад мяне тое залежала, я б і сто тысяч з яе выціснуў. Хай бы скуголіла, хай бы раўла, хай бы нават памерла… Гадаўка!

Але зоймемся чым іншым, а не людскімі заганамі.

Праўду кажучы, хто ведае, ці пачцівы Стах, сам таго не жадаючы, не наклікаў бяды на пані Стаўскую, нават, можа, не так ён, як я… Я яго зацягнуў да яе, я раіў Стаху не наведваць тае пачвары пані баранесы, я, нарэшце, пісаў Вакульскаму, калі той быў у Парыжы, каб ён пашукаў там звестак пра Людвіка Стаўскага. Адным словам, не хто іншы, а я сам раз’юшыў гэту ведзьму Кшэшоўскую. Дык і адпакутаваў два месяцы!.. Гора, дый годзе. Пане Божа, калі ты ёсць, усё ж збаў душу маю, калі яна ў мяне ёсць, – як казаў адзін жаўнер з часоў французскае рэвалюцыі.

(Ах, як я старэю, як старэю!.. Замест таго, каб адразу ўзяцца за справу, шукаю боб у гароху, наракаю… Хоць, далібог, удар бы мяне хапіў, каб мусіў адразу пісаць пра той пачварны, пра той ганебны працэс…)

Зараз, толькі збяруся з думкамі.

Перейти на страницу:

Похожие книги