– Вам можна… нішто сабе!.. – абурылася яна. – І гэта кажа чалавек прагрэсіўны. У век эмансіпацыі!..
– Ліха з ёю, з гэтай эмансіпацыяй! – адказаў Ахоцкі. – Добрая эмансіпацыя. Вы б хацелі мець усе прывілеі: і мужчынскія, і жаночыя – і ніякіх абавязкаў… Дзверы перад імі адчыняй, месца ім саступай, за якое сам заплаціў, кахай іх, а яны…
– Бо мы – ваша шчасце, – пацвяліла яго пані Вансоўская.
– Якое шчасце?! Сто пяць кабет прыходзіцца на сто мужчын, дык што тут шанаваць?
– Дык жа панскія ўлюбёнкі – гувернанткі, пэўна, і не шануюцца.
– Вядома! Але самыя нязносныя – гэта велікасвецкія дамы і рэстаранныя служанкі. Якія вымаганні, якое крыўлянне!..
– Забываешся, пан, – ганарліва прамовіла пані Вансоўская.
– Ну, дык пацалую ў ручку, – адказаў ён і адразу ж памкнуўся выканаць свой намер.
– Прашу не цалаваць мне гэтае рукі…
– Ну, дык другую…
– А што?! Не казала я, што яшчэ да вечара пацалуе мне пан у абедзве рукі?
– Ах, на міласць Боскую!.. Не жадаю быць у пані на абедзе… тут выйду…
– Спыні, пан, каляску.
– Навошта?
– Ну, калі хочаш тут выходзіць…
– Якраз тут не выйду… О, гора мне з гэткім нязносным характарам!..
Вакульскі прыходзіў да панства Ленцкіх праз дзень-два і часцей за ўсё заспяваў толькі пана Тамаша, які вітаў яго з бацькоўскаю сардэчнасцю, а потым гадзінамі апавядаў пра свае хваробы ды пра свае справы, даючы зразумець, што ўжо лічыць яго амаль сваяком.
Панны Ізабэлы звычайна дома не было: яна была то ў цёткі графіні, то ў знаёмых, то ў краўчых. А калі Вакульскаму шанцавала, яны паспявалі перакінуцца некалькімі словамі, бо панна Ізабэла нават тады або збіралася некуды, або прымала наведнікаў.
Праз некалькі дзён пасля адведзінаў пані Вансоўскае Вакульскі заспеў панну Ізабэлу. Падаючы яму руку, якую ён, як звычайна, з набожным пачуццём пацалаваў, яна сказала:
– Ведае пан, што старшынёва ўжо вельмі слабая?
Вакульскі збянтэжыўся.
– Бедная шляхетная кабета… Каб не баяўся, што мой прыезд устрывожыць яе, паехаў бы… Ці ёсць каму паклапаціцца пра яе?
– О, так, – адказала панна Ізабэла. – Там барон і баранеса Дальскія, бо Эвеліна ўжо выйшла за барона. Там Фэля Яноцкая і… Старскі…
Яе твар злёгку паружавеў, і яна змоўкла.
“Вось вынік маёй нетактоўнасці, – падумаў Вакульскі. – Яна заўважыла, што гэты Старскі не надта мне падабаецца і цяпер бянтэжыцца пры кожнай згадцы пра яго. Як гэта нізка з майго боку!”
Ён хацеў з большаю зычлівасцю азвацца пра Старскага, але не знайшоў слоў. Абы не маўчаць, ён спытаў:
– Куды ж сёлета пажадае панства выбрацца на лета?
– Хіба я ведаю? Цётка Гартэнзія нешта заняпала, можа, паедзем да яе ў Кракаў. Мушу прызнаць, аднак, я хацела б у Швейцарыю, каб гэта ад мяне залежала.
– А ад каго ж? – запытаўся Вакульскі.
– Ад бацькі… Зрэшты, адкуль мне ведаць, што там далей будзе, – адказала яна, чырванеючы і пазіраючы на Вакульскага так, як толькі адна яна ўмела.
– Дапускаючы, што ўсё станецца па волі пані, – сказаў ён, – ці прыняла б мяне пані за спадарожніка?..
– Калі пан заслужыць…
Яна сказала гэта так, што Вакульскі страціў уладу над сабою ўжо невядома які раз за гэты год.
– Чым я магу заслужыць ласку пані? – спытаў ён і ўзяў яе за руку. – Хіба, літасці… Не, не літасці. Гэта пачуццё гэткае ж прыкрае для таго, хто яго дае, як і для таго, хто яго прымае. Літасці я не хачу. Але няхай пані толькі падумае, што будзе са мною, калі гэтак доўга не буду я бачыць пані? Праўда, і цяпер бачымся мы вельмі рэдка, пані нават не ведае, як цягнецца час для тых, хто чакае… Але пакуль жыве пані ў Варшаве, я кажу сабе: убачыш яе паслязаўтра, заўтра… Зрэшты, магу ўбачыць у любы момант, калі не пані, дык, прынамсі, бацьку, Мікалая, хоць гэты дом…
Ах, магла б пані зрабіць міласэрны ўчынак і адным словам скончыць – не ведаю… мае пакуты ці ілюзіі… Ведае ж пані, што найгоршая пэўнасць лепшая за няпэўнасць…
– А калі пэўнасць не найгоршая?.. – спытала панна Ізабэла і адвяла вочы.
У вітальні празвінеў званок, і праз момант Мікалай падаў візітоўкі паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага.
– Прасі, – сказала панна Ізабэла.
У салон увайшлі два вельмі модна апранутыя маладзёны, адзін з якіх вызначаўся вельмі тонкай шыяй і досыць прыкметным плешам, а другі – млявым позіркам і далікатным голасам. Яны ўвайшлі плячо ў плячо, трымаючы капелюшы на той самай адлегласці, аднолькава пакланіліся, аднолькава селі, аднолькава заклалі нагу на нагу, пасля чаго пан Рыдзеўскі засяродзіўся на тым, каб утрымаць сваю шыю ў вертыкальным становішчы, а пан Печаркоўскі пачаў нястомна гаварыць.
Ён казаў пра тое, што цяпер у хрысціянскім свеце падчас вялікага посту ёсць звычай ладзіць раўты, што перад вялікім постам быў карнавал і бавіліся выключна добра, а пасля вялікага посту настане найгоршы час, бо невядома, што рабіць. Потым ён паведаміў панне Ізабэле, што падчас вялікага посту разам з раўтамі адбываюцца лекцыі, на якіх можна вельмі прыемна прабавіць час, калі сесці побач са знаёмымі дамамі, і што найлепшыя прыёмы падчас сёлетняга посту ў панства Жэжухоўскіх.