Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– А каб і так, дык што?..

– Пабойся Бога, што ты кажаш?.. – заенчыла маці, складаючы рукі.

– Ну, але каб так і было? – паўтарыла пані Стаўская.

– А муж?

– Дзе ён?.. Зрэшты, няхай заб’е мяне…

– А дачка?.. А Гэлюня?.. – прашаптала старая.

– Гаворка не пра Гэлюню, а пра мяне.

– Гэлена… дзіця маё… Ты ж, прынамсі, не…

– Яго каханка? Так, не каханка, бо ён гэтага яшчэ не пажадаў. Што мне да пані Дэновае ці Радзінскае, або да мужа, які мяне кінуў… Я ўжо сама не ведаю, што са мною робіцца… Адно толькі адчуваю, што гэты чалавек забраў маю душу.

– Будзь жа, прынамсі, разважлівая… Зрэшты…

– Я і так разважлівая, пакуль магу… Але не дбаю пра меркаванні такога свету, які дваіх людзей прыгаворвае на катаванне толькі за тое, што яны кахаюць адно аднаго.

– Ненавідзець можна, – дадала яна з горкаю ўсмешкаю, – красці, забіваць… усё, усё можна. Толькі кахаць няможна… Ах, мама, калі я не маю рацыі, дык чаму ж Ісус Хрыстос не казаў людзям: будзьце разважлівыя, а казаў: любіце адзін аднаго?

Пані Місевічова змоўкла, спалоханая выбухам, якога не спадзявалася. Здавалася ёй, што неба валіцца на галаву, калі з вуснаў гэтае галубкі вылецелі словы, якіх яна раней не чула, якіх не чытала, якія ёй самой не прыходзілі ў галаву, нават калі яна хварэла на тыф.

На другі дзень быў у яе Жэцкі. Прыйшоў ён з заклапочаным тварам, а калі яна ўсё яму распавяла, пайшоў зусім прыгнечаны.

Бо якраз апоўдні здарыўся з ім гэтакі выпадак.

Прыйшоў у краму да Шлянгбаўма – хто?.. Марушэвіч. І размаўляў з ім каля гадзіны. Іншыя крамнікі з таго часу, як даведаліся, што Шлянгбаўм купляе краму, адразу ж падпарадкаваліся яму. А пан Ігнацы зафанабэрыўся і пасля таго, як Марушэвіч пайшоў, запытаўся:

– Што гэта за справы ў пана з гэтым лотрам, пане Генрык?

Але і Шлянгбаўм ужо зафанабэрыўся, дык ён адставіў ніжнюю губу і адказаў пану Жэцкаму:

– Марушэвіч хоча пазычыць грошай для барона, а сабе шукае пасаду, бо ўжо кажуць, што Вакульскі саступае мне сваю суполку. За гэта ён абяцае, што барон будзе наведваць мой дом разам з баранесаю…

– І пан будзе прымаць гэтую ведзьму? – спытаў Жэцкі.

– Чаму ж не?.. Барон будзе для мяне, а баранеса – для маёй жонкі. У душы я дэмакрат, але што рабіць, калі з гледзішча неразумных людзей салон лепш выглядае з баронамі ды графамі, чым без іх. Шмат робіцца дзеля сувязяў, пане Жэцкі.

– Віншую.

– Але, але… – дадаў Шлянгбаўм. – Казаў мне яшчэ Марушэвіч, што ў горадзе пляткараць, нібы Сташак узяў на ўтрыманне тую… тую… Стаўскую… Ці праўда, пане Жэцкі?..

Стары крамнік плюнуў яму пад ногі і вярнуўся да свайго стала.

Пад вечар зайшоў ён да пані Місевічовае, каб парадзіцца з ёю, і тут даведаўся з вуснаў маці, што пані Стаўская толькі таму не каханка Вакульскага, што той яшчэ не пажадаў…

Пайшоў ён ад пані Місевічовай моцна засмучаны.

“Няхай бы і каханка, – казаў ён сам сабе. – Авой!.. Колькі дам з цудоўнаю рэпутацыяй – каханкі якіх жа ліхіх фацэтаў… Але горш тое, што Вакульскі пра яе і не дбае. Скандал!.. Трэба нешта рабіць”.

Але сам ён ужо не ведаў, што рабіць, дык пайшоў да доктара Шумана.


ЯК ПАЧЫНАЮЦЬ АДКРЫВАЦЦА ВОЧЫ


Доктар Шуман сядзеў пры лямпе з зялёным абажурам і ўважліва праглядаў стос папераў.

– Што ж? – спытаў Жэцкі. – Доктар зноў крукам сядзіць над валасамі?.. Уга, колькі лічбаў! Нібы крамныя рахункі.

– Гэта рахункі і ёсць, з вашае крамы і вашае суполкі, – адказаў Шуман.

– А дзе пан іх узяў?

– Маю і ўсё. Шлянгбаўм просіць даверыць яму мой капітал. І я лічу, што шэсць тысяч гадавых лепш за чатыры тысячы, дык гатовы выслухаць яго прапановы. Але я не люблю дзейнічаць усляпую, дык запатрабаваў лічбы. Ну і бачу, зладзім мы справу.

Жэцкі быў здзіўлены.

– Мне і ў галаву не прыходзіла, – сказаў ён, – каб пан мог займацца падобнымі рэчамі.

– Дурны быў, – адказаў доктар і паціснуў плячыма. – На маіх вачах Вакульскі разбагацеў, Шлянгбаўм багацее, а я ўрос у зямлю, нібы камень, сяджу на сваіх капейках. Хто не рухаецца наперад, таго абскачуць.

– Але ж не панская гэта справа – варочаць грашыма!..

– Чаму ж не мая? Не кожны можа быць паэтам або героем, але кожнаму трэба грошы, – казаў Шуман. – Грошы – гэта спіжарня самае высакароднае сілы ў прыродзе – чалавечае працы. Гэта той сезам, перад якім адчыняюцца ўсе дзверы, той абрус, на якім заўжды ёсць абед, тая лямпа Аладзіна, якую можна пацерці і адразу мець усё, чаго прагнеш. Чароўныя сады, багатыя палацы, прыгажунь каралеў, надзейных слуг і гатовых да ахвяр сяброў – усё можна мець за грошы…

Жэцкі падціснуў вусны.

– Не заўсёды меў пан гэткае меркаванне, – сказаў ён.

Tempora mutanter et nos mutamur in illis230 – спакойна адказаў доктар. – Я дзесяць гадоў змарнаваў на даследаванне валасоў, выдаткаваў тысячу рублёў, каб надрукаваць брашуру ў сто старонак, і… аніводзін сабака не ўспомніць ні пра яе, ні пра мяне. Паспрабую наступныя дзесяць гадоў прысвяціць грашовым аперацыям і наперад ведаю, што будуць мяне любіць і шанаваць. Абы меў салон ды экіпаж…

Хвіліну яны памаўчалі, пазіраючы ў розныя бакі. Шуман быў пахмурны, а Жэцкаму было крыху няёмка.

Перейти на страницу:

Похожие книги