– Я хацеў, – азваўся ён нарэшце, – пагутарыць з панам пра Стаха…
Доктар нецярпліва адсунуў паперы.
– Што я тут дапамагу? – прамармытаў ён. – Гэта невылечны рамантык, які ўжо не паразумнее. Ён фатальна рухаецца да знішчэння як матэрыяльнага, гэтак і маральнага, як вы ўсе і ваша сістэма.
– Якая сістэма?..
– Ваша, польская сістэма…
– А якую доктар паставіць замест яе?
– Нашу, жыдоўскую…
Жэцкі аж падскочыў на крэсле.
– Яшчэ месяц таму пан называў жыдоў пархатымі?..
– Бо яны пархатыя. Але сістэма іх магутная, яна трыумфуе, у той час як ваша банкрутуе.
– А на што яна абапіраецца, гэта сістэма?
– На розуме, які вылучыўся з жыдоўскае масы і ўзбіўся да вяршынь цывілізацыі. Вазьмі, пан, Гейнэ, Бернэ, Ласаля, Маркса, Ротшыльда, Блайхрэдэра, і ўбачыш новыя сусветныя шляхі. Гэта жыды іх праклалі: гэтыя пагарджаныя, гнаныя, але цярплівыя ды геніяльныя.
Жэцкі пацёр вочы, яму здавалася, што гэта сон наяве. Нарэшце праз хвіліну ён прамовіў:
– Прабач, доктар, але… ці не жартуе пан з мяне?.. Яшчэ паўгода таму я чуў ад пана зусім іншае…
– Паўгода таму, – незадаволена адказаў Шуман, – чуў пан пратэсты супраць старых парадкаў, а сёння чуеш новую праграму. Чалавек не малюск, які гэтак прырос да свае скалы, што толькі нажом яго можна аддзерці. Чалавек глядзіць навокал, разважае, робіць высновы і ў выніку адмаўляецца ад даўніх ілюзій, калі пераконваецца, што гэта ілюзіі… Але ні пан гэтага не разумее, ні Вакульскі… Усе вы банкруты, усе… Шчасце, што ваша месца займаюць свежыя сілы.
– Я зусім пана не разумею.
– Зараз, пан, зразумееш, – усё больш гарачыўся доктар. – Вазьмі, пан, сям’ю Ленцкіх, што яны рабілі? Змарнавалі маёнтак. І бацька, і сын, у якога засталося ў выніку трыццаць тысяч, выратаваных яму Вакульскім, ды прыгожая дачка ў якасці кампенсацыі стратаў.
А што ў той час рабілі Шлянгбаўмы? Грошы. Збіраў іх дзед і бацька, а сын, нядаўна яшчэ сціплы крамнік, праз год будзе верхаводзіць ва ўсім нашым гандлі. І яны гэта разумеюць, бо стары Шлянгбаўм яшчэ ў студзені напісаў шараду:
“Першае па-нямецку азначае вужаку, другое – расліну, усё ўгору пнецца…” І адразу ж мне растлумачыў, што гэта значыць: Шлянг-Баўм231
. Кепская шарада, але спраўная работа – зарагатаў доктар.Жэцкі апусціў галаву. Шуман правіў далей:
– Вазьмі, пан, князя, што ён робіць? Уздыхае над “гэтым няшчасным краем” і ўсё. А пан барон Кшэшоўскі? Заклапочаны, як завалодаць жончынымі грашыма. А барон Дальскі? Сохне ад страху, што здрадзіць яму жонка. Пан Марушэвіч палюе на пазыкі, а калі не ўдаецца пазычыць, махлюе. А Старскі сядзіць пры бабе, якая ўжо канае, каб падсунуць ёй на подпіс тастамент, складзены паводле яго жадання.
Іншыя паны – большыя і меншыя – прадчуваюць, хіба, што з рук Вакульскага пяройдзе ўсё да Шлянгбаўма, дык ужо робяць таму візіты. Не ведаюць, бедныя, што ён працэнтаў на пяць, не менш, паменшыць іх даходы… А самы разумны з іх, Ахоцкі, замест таго, каб удасканальваць свае электрычныя лямпы, думае пра лятальныя машыны. Уга!.. Здаецца, ужо некалькі дзён запар радзяцца яны з Вакульскім на гэту тэму. Свой свайго пазнаў: адзін рамантык другога рамантыка…
– Ну ўжо Стаха, хіба, няма чым доктару папікаць, – незадаволена спыніў яго Жэцкі.
– Нічым, апроч таго, што ніколі не займаўся ён сваёю справай, а заўсёды ганяўся за марамі. Як быў крамнікам, дык хацеў стаць вучоным, а як пачаў вучыцца, пастанавіў выбіцца ў героі. Капітал зарабіў не таму, што быў купцом, а таму, што згубіў галаву ад панны Ленцкае. А на сённяшні дзень, калі ўжо амаль дамогся яе, зрэшты, вельмі гэта сумнеўна, пачаў радзіцца з Ахоцкім… Слова гонару, я не разумею, пра што фінансісту размаўляць з гэтакім Ахоцкім?.. Лунацікі!..
Жэцкі ўшчыкнуў сябе за нагу, каб не ўзарвацца ад абурэння.
– Да ведама пана, – азваўся ён праз момант, – прыйшоў я сюды па справе, якая тычыцца не толькі Вакульскага, але і кабеты… Кабеты, пане Шуман. А ўжо супраць іх пану, хіба, няма чаго сказаць.
– Вашы кабеты не лепшыя за вашых мужчын. Вакульскі праз дзесяць гадоў мог быць мільянерам і ўплывовым чалавекам у гэтым краі, але звязаў свой лёс з паннаю Ленцкаю, і ў выніку прадаў краму, якая прыносіла вялікі даход, пакіне суполку, не горшую за краму, а потым пусціць на вецер усё, што мае. Або той Ахоцкі… Іншы на яго месцы ўжо працаваў бы над электрычным асвятленнем, раз удалося яму зрабіць вынаходніцтва. Тым часам ён валэндаецца па Варшаве з тою ладнаю пані Вансоўскаю, для якой добры танцор больш значыць, чым найвялікшы вынаходнік.
Жыд зрабіў бы іначай. Каб быў электратэхнікам, дык знайшоў бы сабе такую кабету, што сядзела б з ім у майстэрні або гандлявала электрычнасцю. А каб быў фінансістам, як Вакульскі, не закахаўся б, засляпіўшы вочы, а шукаў бы заможную жонку. Зрэшты, мог бы ўзяць і бедную ды прыгожую, але тады мусіў бы мець працэнт з яе знешнасці. Яна займалася б яго салонам, бавіла гасцей, усміхалася б уладарным, заводзіла раманы з самымі ўладарнымі, словам, як магла, дбала б пра інтарэсы фірмы, замест таго, каб нішчыць.
– І наконт гэтага паўгода таму пан меў іншае меркаванне, – заўважыў Жэцкі.