На момант Вакульскі адчуў крыўду на панну Ізабэлу. Як можна захапляцца чалавекам, якога нават гатэльная прыслуга на смех падымае!.. Як можна запісвацца ў доўгую чаргу аматарак… Зрэшты, як можна было прымушаць яго, каб ён шукаў знаёмства з гэткім лінялым блазнам!..
Але ён хутка супакоіўся. Яму прыйшла ў галаву слушная думка, што панна Ізабэла не ведае Малінары і проста трапіла пад уздзеянне яго славы.
“Яна пазнаёміцца з ім і супакоіцца, – падумаў ён. – Але служыць за пасярэдніка я не буду”.
Калі Вакульскі вярнуўся дадому, ён заспеў у сябе Венгелька, які чакаў ужо гадзіну.
Хлопец выглядаў па-варшаўску, але крыху зблажэў.
– Схуднеў, збляднеў, – сказаў Вакульскі, разглядаючы яго. – Лайдачыш, ці што?..
– Не, пане, я хварэў дзесяць дзён. Нейкая скула выскачыла ў мяне на шыі, аж доктар мяне парэзаў. Але ўчора ўжо вярнуўся да працы.
– Трэба табе грошы?
– Не, пане. Я хацеў толькі пагаварыць пра вяртанне ў Заслаўле.
– Карціць табе. А навучыўся нечаму?
– Авой! І ў слесарстве трохі, і ў цяслярстве… Кошыкі навучыўся прыгожыя… таксама і крэсліць. А нават каб і маляваць давялося, дык таксама…
Кажучы гэта, ён кланяўся, чырванеў і круціў у руках шапку.
– Добра, – праз хвіліну азваўся Вакульскі. – На інструмент атрымаеш шэсцьсот рублёў. Хопіць? А калі ты хочаш вяртацца?
Хлопец пачырванеў яшчэ больш і пацалаваў Вакульскага ў руку.
– Бо яшчэ, прашу прабачэння, з ласкі панскае хацеў бы ажаніцца… Толькі я не ведаю…
Ён пачухаў патыліцу.
– З кім жа? – запытаўся Вакульскі.
– З тою паннаю Марыянаю, што жыве ў фурмана Высоцкага. Я таксама жыву ў тым доме, толькі наверсе.
“Хоча ажаніцца з маёю магдаленкаю?” – здзівіўся Вакульскі.
Ён прайшоўся па пакоі і спытаў:
– А добра ты ведаеш панну Марыяну?
– Як не ведаць? Прынамсі, бачымся па тры разы на дзень, бывае. У нядзелю або я ў яе сяджу цэлы дзень, або мы разам – у Высоцкіх.
– Ну, так. Але ці ведаеш ты, што яна рабіла год таму?
– Ведаю, пане. Як толькі я, дзякуючы пану, прыехаў сюды, Высоцкая і кажа мне: “Глядзі, маладзён, бо яна была гуляшчая…” Дык з першага дня я ведаў, што за яна. Мяне яна не зводзіла.
– І як жа сталася, што ты хочаш з ёю ажаніцца?
– Бог ведае, пане, як яно сталася. Я нават спачатку насміхаўся з яе, і як хто ішоў па вуліцы, казаў: “Пэўна, і гэта знаёмы панны Марыяны, бо панна не з аднае печы хлеб ела”. А яна нічога, толькі апусціць галаву і круціць сваю машынку, аж тая раве, аж іскры ёй у твар ляцяць.
Пазней заўважыў я, што нехта цыруе мне бялізну, дык на Божае Нараджэнне купіў ёй за дзесяць грошай парасон, а яна мне – шэсць хустак паркалёвых з маімі літарамі. А Высоцкая кажа: “Трымайся далей, маладзён, ад гэтае шалахвосткі!..” Дык я і думак пра яе не дапускаў, хоць, каб не была яна абы-якая, дык яшчэ на запусты235
ажаніўся б.А якраз на Папялец236
Высоцкі ўзяў ды расказаў мне, як гэта з ёю здарылася, з паннай Марыянай. Наняла яе нейкая пані ў аксаміце ў служанкі, ну і мела яна службу, не давядзі Божа! Толькі наважыцца яна ўцячы, як яе ловяць ды кажуць: “Або сядзі тут, або аддадзім цябе ў арышт за крадзеж”. “Што ж я ўкрала?” – пытае яна. “Нашы даходы, гадаўка!” – крычаць яны. Гэтак бы і сядзела яна (апавядаў Высоцкі) аж да суднага дня, каб пан Вакульскі яе не ўбачыў у касцёле. Выкупіў і выратаваў.– Далей расказвай, – азваўся Вакульскі, бо ўбачыў, што Венгелек завагаўся.
– Падумалася мне тады, – працягваў Венгелек, – што ніякая гэта не распуста, а гора горкае. І пытаюся я ў Высоцкага: “Ажаніўся б пан з паннай Марыянай?” “Мне і з адною бабаю ўтрапенне,” – кажа ён. “Але каб пан Высоцкі быў у кавалерскім стане, дык як?” “Гэ, – кажа ён, – не маю ўжо я ахвоты да кабет”. Бачу, не хоча стары гаварыць, і гэтак пачаў яго ўпрошваць, што ўрэшце той сказаў: “Не ажаніўся б, бо не меў бы ўпэўненасці, што старыя звычкі ў ёй не азавуцца. Кабета, як добрая, дык добрая, але ўжо як разбэсціцца, дык нібы д’ябал робіцца”.
Тым часам, на пачатку святога посту наслаў Пан Бог міласэрны мне гэткую балесную скулу, што мусіў я ляжаць дома, а доктар яшчэ мяне і парэзаў. І пачала тут панна Марыяна да мяне хадзіць: ложак перасцеле, рану мне апратае… Доктар казаў, што каб не яе дагляд, дык і за тыдзень бы яшчэ не выкачаўся. Аж злосць мяне разбірала, асабліва як быў у гарачцы. Дык аднаго дня і кажу ёй: “Навошта панна Марыяна гэтак турбуецца?.. Панна думае, што я ажанюся, а я не здурнеў, каб такую ўзяць, што дзесяцярых абслугоўвала…”
А яна нічога, толькі апусціла галаву і слёзы кап… кап…
“Я ж разумею, – кажа, – што пан Венгелек са мною не ажаніўся б…”
Аж я, за перапрашэннем, ледзь не самлеў ад жалю, як гэта пачуў. І тады ж кажу Высоцкай: “Ведае, пані Высоцкая, можа, я з паннаю Марыянай ажанюся…”
А яна на гэта: “Не нарабі шкоды сабе і людзям, бо…”
– Не магу гаварыць, – спыніўся раптам Венгелек, зноў цалуючы Вакульскаму ў руку.
– Кажы смела.
– “Бо, – кажа пані Высоцкая, – каб ты ажаніўся з паннаю Марыянай, дык ці не было б гэта абразаю пану Вакульскаму за ягоную ласку ўсім нам… Хто ведае, можа, панна Марыяна да яго ходзіць…”
Вакульскі стаў перад ім.