Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Ну, прынамсі, не ў гэты момант, – запярэчыў пан Навіньскі.

Да паняў, якія працягвалі праходжвацца, падышоў Ахоцкі.

– Кузін таксама ў змове супраць мяне? – спытала панна Ізабэла.

– У змовы я не ўступаю. Магу з пані весці толькі адкрытую вайну.

– Адкрытую вайну? З пані?.. Што гэта значыць? Войны вядуцца з мэтаю заключэння карыснага міру!

– У мяне іншая сістэма.

– Так?.. – прамовіла панна Ізабэла з усмешкаю. – Дык я гатова паспрачацца, што кузін першы складзе зброю, бо лічу, што вайна ўжо пачалася.

– Прайграеш, кузіна, нават на тых пазіцыях, дзе разлічваеш на поўную перамогу, – урачыста адказаў Ахоцкі.

Панна Ізабэла спахмурнела.

– Бэля, – ціха паклікала яе графіня, якая праходзіла побач, – едзем дадому.

– Дык Малінары паабяцаў?.. – таксама ціха спытала панна Ізабэла.

– Я і не прасіла яго, – ганарыста адказала графіня.

– Чаму, цётачка?..

– Ён зрабіў кепскае ўражанне.

Каб панне Ізабэле сказалі, што з-за Малінары памёр Вакульскі, у яе вачах вялікі скрыпач нічога б не страціў. Але навіна, што ён зрабіў кепскае ўражанне, непрыемна закранула яе.

Яна развіталася з артыстам вельмі холадна, амаль пыхліва.

Хоць знаёмства іх доўжылася ўсяго некалькі гадзін, Малінары жыва зацікавіў панну Ізабэлу. Калі позна ўвечары яна вярнулася дадому і зірнула на свайго Апалона, ёй здалося, што мармуровы бажок мае нешта агульнае з паставаю і рысамі твару скрыпача. Яна аж пачырванела, бо прыгадала, што статуэтка надта часта змяняе сваё аблічча. У адзін з момантаў з’явілася падабенства нават з Вакульскім. Але яе супакоіла думка, што сённяшняя змена – апошняя, што яе ранейшыя сімпатыі былі памылковыя, што Апалон не мог сімвалізаваць нікога іншага, а толькі Малінары.

Яна не магла заснуць, у яе сэрцы змагаліся спрэчныя пачуцці: гнеў, страх, цікаўнасць і нейкая расчуленасць. Часам, нават абуджалася здзіўленне, калі яна прыгадвала сабе нахабства скрыпача. У першых жа словах ён паведаміў, што яна самая прыгожая кабета, якую ён бачыў, а ідучы з ёю на вячэру, юрліва туліўся да яе пляча і гаварыў пра каханне. А падчас вячэры, не зважаючы на прысутнасць Шастальскага ды панны Жэжухоўскае, гэтак упарта шукаў пад сталом яе руку, што… Што ж было ёй рабіць?..

З гэткім гвалтоўным выбухам пачуццяў ёй ніколі яшчэ не даводзілася сутыкацца. Ён і праўда, мусіць, пакахаў яе з першага позірку: шалёна, да смерці. Ці ж ён, нарэшце, не шапнуў ёй (што нават прымусіла яе выйсці з-за стала), нібы ён без развагаў аддаў бы жыццё за пару дзён, праведзеных з ёю.

“Як ён рызыкаваў, кажучы такое?” – падумала панна Ізабэла. Ёй не прыйшло ў галаву, што самае большае, чым ён рызыкаваў – гэта пакінуць таварыства яшчэ да сканчэння вячэры.

“Якія пачуцці!.. Якая жарсць!..” – паўтарала яна сама сабе.

Два дні панна Ізабэла не выходзіла з дому і нікога не прымала. На трэці дзень ёй пачало здавацца, што Апалон, па-ранейшаму падобны да Малінары, момантамі нагадвае Старскага. У гэты ж дзень пад вечар яна прыняла паноў Рыдзеўскага і Печаркоўскага, якія распавялі ёй, што Малінары ад’язджае з Варшавы, што ён настроіў супраць сябе ўсё таварыства, што яго альбом з рэцэнзіямі – падман, бо непрыхільная крытыка ў ім не змешчана.

Нарэшце, яны заявілі, што гэткі пасрэдны скрыпач і паспаліты чалавек толькі ў Варшаве мог пачуць падобныя авацыі.

Панна Ізабэла абурылася і нагадала пану Печаркоўскаму, што не хто іншы, як ён, хваліў артыста. Пан Печаркоўскі не згадзіўся і спаслаўся на прысутнага тут пана Рыдзеўскага ды адсутнага Шастальскага, якія мусілі пацвердзіць, што Малінары з першае хвіліны не выклікаў у яго даверу.

Наступныя два дні панна Ізабэла лічыла вялікага артыста ахвяраю зайздрасці. Яна пераконвала сябе, што толькі ён заслугоўвае яе спачування, і яна ніколі яго не забудзе.

Тым часам пан Шастальскі даслаў ёй букет фіялак, і панна Ізабэла не без дакораў сумлення заўважыла, што Апалон патроху робіцца падобны да Шастальскага, а Малінары хутка знікае з памяці.

Амаль праз тыдзень пасля канцэрту, калі яна поцемку сядзела ў сваім пакоі, перад вачыма ў яе паўстаў даўно забыты вобраз. Здавалася ёй, што разам з бацькам яна з’язджае каляскаю з нейкае гары ў даліну, напоўненую хмарамі дыму ды пары. З хмараў высунулася вялізная рука, якая трымала карту. Пан Тамаш пазіраў на яе з трывожнаю цікавасцю. “З кім бацька гуляе?..” – падумала яна. У гэты момант наляцеў вецер і сярод туману паказаўся твар Вакульскага, гэткі ж вялізны.

“Год таму была ў мяне гэткая ж уява, – сказала сабе панна Ізабэла. – Што гэта значыць?..”

І яна раптам прыгадала, што Вакульскі не быў у іх ужо тыдзень.

Пасля раўту ў панства Жэжухоўскіх Вакульскі вярнуўся да сябе ў дзіўным настроі. Атака шаленства мінула і саступіла месца апатычнаму спакою. Вакульскі не спаў цэлую ноч, але гэта не турбавала яго. Ён ляжаў ціха, ні пра што ні думаў, а толькі з цікаўнасцю прыслухоўваўся да бою гадзінніка. Першая… другая… трэцяя…

На наступны дзень ён устаў позна і да паўдня толькі і рабіў, што піў гарбату ды прыслухоўваўся да гадзінніка. Адзінаццатая… дванаццатая… першая… Як нудна!..

Перейти на страницу:

Похожие книги