Вечарамі, бываючы ў пані Стаўскае, Вакульскі быў адносна бадзёры, крыху еў і размаўляў. Але рэшта дня прамінала ў апатыі. Есці яму не хацелася, ён толькі піў шмат гарбаты, справы закінуў, не пайшоў на квартальнае паседжанне суполкі, нічога не чытаў і нават ні пра што не думаў. Яму здавалася, што сіла, якую ён не мог акрэсліць, выкінула яго за арбіту ўсялякіх спраў, надзей, жаданняў, і яго жыццё, падобнае да нежывога аб’екта, лунае ў пустэчы.
“Зрэшты, я не застрэлюся, – думаў ён. – Каб хоць збанкрутаваў, а так... Пагарджаў бы сабою, каб змяла мяне са свету спадніца… Трэба было заставацца ў Парыжы… Хто ведае, ці ўжо не меў бы я зброі, якая раней ці пазней вынішчыць монстраў з чалавечым тварам.”
Жэцкі, здагадваючыся, што з ім дзеецца, заходзіў у розны час і спрабаваў пагутарыць з ім. Але ні надвор’е, ні гандаль, ні палітыка не цікавілі Вакульскага. Раз толькі ён ажывіўся, калі пан Ігнацы згадаў, што Мілерава пачала тыраніць пані Стаўскую.
– Чаго ж яна хоча?
– Можа, зайздросціць, што ты бываеш у пані Стаўскае, што плаціш ёй добры заробак.
– Мілерава, хіба, супакоіцца, – сказаў Вакульскі, – калі я аддам краму Стаўскай, а самую яе зраблю касіркаю.
– Пабойся Бога!.. – закрычаў спалоханы Жэцкі. – Загубіш пані Стаўскую.
Вакульскі захадзіў па пакоі.
– Маеш рацыю. Але калі бабы сварацца, трэба іх разнімаць… Угавары Стаўскую, каб яна заклала сваю краму, а мы забяспечым яе грашыма. Я адразу так думаў, а цяпер бачу, што не варта адкладаць.
Пан Ігнацы, вядома, адразу пабег да сваіх паняў і паведаміў ім важную навіну.
– Не ведаю, ці можна прымаць гэтую ахвяру? – азвалася заклапочаная пані Місевічова.
– Якая ж гэта ахвяра? – выгукнуў Жэцкі. – Выплаціце нам усё цягам некалькіх гадоў і баста. Як пані мяркуе?.. – спытаў ён у пані Стаўскае.
– Зраблю так, як захоча пан Вакульскі. Загадае мне адчыніць краму, адчыню, загадае застацца ў Мілеравай, застануся.
– Але ж, Гэленка!.. – адрэагавала яе маці. – Падумай, як рызыкоўна казаць такія рэчы. Шчасце, што не чуе нас ніхто чужы.
Пані Стаўская змоўкла, яшчэ больш палохаючы пані Місевічову, якая вельмі баялася безапеляцыйнасці дачкі, гэткай лагоднай і згодлівай раней.
Пэўнага дня Вакульскі, ідучы вуліцаю, спаткаў карэту пані Вансоўскае. Ён пакланіўся ёй і без мэты ішоў далей, але дагнаў яго слуга.
– Ясная пані просіць…
– Што з панам робіцца? – закрычала прыгожая ўдоўка, калі Вакульскі падышоў да каляскі. – Сядай жа, пане, праедземся Алеямі.
Ён сеў, і яны паехалі.
– Што гэта? – працягвала пані Вансоўская. – Выгляд у пана жахлівы, ужо амаль дзесяць дзён не быў у Бэлы… Ну, кажы, пан, хоць што-небудзь!..
– Няма чаго мне сказаць. Я не хворы і не думаю, каб панне Ізабэле былі патрэбныя мае візіты.
– А калі патрэбныя?
– Ніколі не меў я гэтакіх ілюзій, а сёння менш, чым калі-небудзь.
– Ну, ну… мой пане… пагаворым адкрыта. Пан раўнівец, а гэта прыніжае мужчыну ў вачах кабеты. Зазлаваў пан на Малінары…
– Памыляецца пані. Я ў такой ступені не раўнівы, што не перашкаджаю панне Ізабэле абіраць паміж мною і Малінары. Ведаю, прынамсі, што ў гэтым выпадку маю роўныя з ім правы.
– О, пане, гэта ўжо занадта! – прысароміла яго пані Вансоўская. – Што ж гэта, беднай кабеце, калі зробіць ласку кахаць яе нехта з вас, нельга ўжо і размаўляць з іншымі?.. Не спадзявалася я, каб такі чалавек, як пан, меў гэткае ж стаўленне да кабеты, як у гарэме. Зрэшты, што пана турбуе?.. Каб нават Бэла какетнічала з Малінары, дык што?.. Гэта было ўсяго адзін вечар і скончылася гэткім пагардлівым развітаннем з боку Бэлы, што аж прыкра было глядзець.
Прыгнечанасць пакінула Вакульскага.
– Пані дабрадзейка, не будзем удаваць, што мы не разумеем адно аднаго. Пані ведае, што для мужчыны, які кахае, кабета – святыня, алтар. Слушна ці няслушна, але гэта так. І вось, калі першы-лепшы авантурнік набліжаецца да гэтае святыні, як да крэсла, і абыходзіцца з ёю, як з крэслам, а святыня ледзьве не ў захапленні ад падобнага трактавання, тады… разумее пані?.. Пачынаем дапускаць, што гэты алтар, сапраўды, усяго толькі крэсла. Ясна я выказаўся?..
Пані Вансоўская адкінулася на падушкі каляскі.
– О, пане, аж занадта ясна!.. А што сказаў бы пан, каб какецтва Бэлы было толькі нявіннаю помстаю, хутчэй перасцярогаю?..
– Каму адрасаванаю?
– Пану. Хіба пан не заняты ўвесь час пані Стаўскаю?..
– Я?.. Хто так сказаў?..
– Дапусцім, відавочцы – пані Кшэшоўская, пан Марушэвіч…
Вакульскі схапіўся за галаву.
– І пані верыць у гэта?
– Не, бо запэўніў мяне Ахоцкі, што нічога там няма. Але ці супакоіў хто Бэлу, і ці паверыла яна, гэта ўжо іншая справа.
Вакульскі схапіў яе за руку.
– Дарагая пані, – ціха прамовіў ён, – бяру назад свае словы пра Малінары… Прысягаю пані, што я шаную панну Ізабэлу і вельмі шкадую, што гэтак неразважліва выказваўся… Цяпер я бачу ганебнасць свайго ўчынку…
Ён быў гэтакі ўзрушаны, што пані Вансоўскай стала яго шкада.