Хацеў пачытаць, але лянотна было ісці ў бібліятэчны пакой па кніжку, дык ён лёг на шэзлонг і пачаў разважаць пра тэорыю Дарвіна.
“Што такое натуральны адбор? Гэта вынік барацьбы за выжыванне, у якой гінуць істоты, якія не маюць пэўных здольнасцяў, а перамагаюць больш здольныя. Якая найважнейшая здольнасць? Ці не палавая цяга? Не. Страх смерці. Істоты, якія б не баяліся смерці, мусілі б даўно загінуць. Каб чалавека не спыняла боязь смерці, гэтая самая разумная жывёліна не цягнула б кайданоў жыцця. У старажытнай індыйскай паэзіі ёсць згадкі пра існаванне людское расы, якая меней за нас ненавідзела смерць. Ну і раса тая загінула, а яе нашчадкі сталі або нявольнікамі, або аскетамі.
А што гэта такое – нянавісць да смерці? Вядома, інстынкт, які палягае на ілюзіях. Ёсць такія, што гідзяцца мышэй, абсалютна нявінных стварэнняў, або нават суніц, гэтакіх смачных. (Калі гэта я еў суніцы?.. Ага летась, у канцы верасня, у Заслаўку. Забаўныя мясціны ў тым Заслаўку. Цікава, ці яшчэ жывая старшынёва і ці адчувае яна агіду да смерці?..)
Бо што гэта такое – баяцца смерці?.. Падман! Памерці – гэта не быць нідзе, нічога не адчуваць і не думаць ні пра што. У колькіх жа месцах мяне зараз няма? Няма мяне ў Амерыцы, няма ў Парыжы, на Месяцы, няма мяне нават у маёй краме, і гэта мяне не трывожыць. А пра колькі рэчаў я не думаў яшчэ хвіліну таму і пра колькі не думаю зараз? Думаю я толькі пра адну нейкую рэч, а не думаю пра мільярд іншых, нават нічога не ведаю пра іх, і гэта мяне не хвалюе.
Дык якая непрыемнасць мне ў тым, што, не быўшы ў мільёне месцаў, а толькі ў нейкім адным, не думаючы пра мільярд рэчаў, а толькі пра адну, я перастану быць і ў тым адным месцы і думаць пра адну тую рэч?.. Сапраўды, баяцца смерці – гэта самая смешная ілюзія, якой ужо столькі стагоддзяў падпарадкуецца чалавецтва. Дзікуны баяцца перуна, гуку агнястрэльнае зброі, нават люстэрка, а мы, нібы цывілізаваныя, баімся смерці!..”
Ён устаў, паглядзеў у акно і з усмешкаю пачаў назіраць за людзьмі, якія некуды беглі, кланяліся адзін аднаму, суправаджалі дам. Ён назіраў, як яны мітусяцца і непакояцца, як стараюцца быць галантнымі мужчыны і няспынна какетнічаюць кабеты, як абыякава глядзяць на ўсё фурманы і высільваюцца коні, ды пераконваўся, што ўсё гэта жыццё, поўнае трывог і клопатаў, з’яўляецца капітальнай бязглуздзіцай.
Гэтак праседзеў ён цэлы дзень. Назаўтра прыйшоў Жэцкі і нагадаў, што сёння першага красавіка і пану Ленцкаму трэба заплаціць дзве тысячы пяцьсот рублёў працэнтаў.
– А, праўда, – адказаў Вакульскі. – Завязі яму…
– Я думаў, што ты сам завязеш.
– Не хочацца мне.
Жэцкі пакруціўся па пакоі, кашлянуў і, нарэшце, сказаў:
– Пані Стаўская нешта замаркоцілася. Можа, ты б яе наведаў?
– А, праўда, даўно ўжо я не быў у яе. Увечары пайду.
Пасля гэткага адказу Жэцкі не стаў затрымлівацца. Ён вельмі цёпла развітаўся з Вакульскім, зайшоў у краму па грошы, потым сеў у брычку і загадаў ехаць да пані Місевічовае.
– Я забег на хвілінку, бо трэба зрабіць адну справу, – радасна паведаміў ён. – Ведае пані? Стах будзе сёння… Здаецца мне (але кажу пані гэта ў найвялікшым сакрэце), што Вакульскі ўжо канчаткова парваў з Ленцкімі.
– Няўжо? – сказала пані Місевічова, складаючы рукі.
– Я амаль упэўнены, але… развітваюся з пані… Стах будзе сёння ўвечары…
Сапраўды, Вакульскі быў увечары і, што больш важна, пачаў бываць кожны вечар. Прыходзіў ён досыць позна, калі Гэлюня ўжо спала, а пані Місевічова ішла ў свой пакой, і бавіў па некалькі гадзін з пані Стаўскаю. Звычайна ён маўчаў і слухаў яе расповеды пра краму Мілеравай або гарадскія навіны. Сам ён азываўся рэдка і казаў афарызмы, якія нават не мелі сувязі з папярэдняю размоваю.
Раз ён сказаў без усялякай нагоды:
– Чалавек, як начны матыль, саслепу рвецца да агню, хоць яму балюча, і хоць згарыць ён там. Робіць гэта, аднак, пакуль не апрытомнее. І гэтым адрозніваецца ён ад начнога матыля…
“Ён кажа пра панну Ленцкую!..” – падумала пані Стаўская, і сэрца ў яе закалацілася.
Іншым разам ён апавёў ёй дзіўную гісторыю.
– Я чуў пра двух сяброў, адзін з якіх жыў у Адэсе, а другі – у Табольску. Не бачыліся яны некалькі гадоў і вельмі засумавалі адзін па адным. Нарэшце, табольскі сябра, які ўжо не мог вытрываць, пастанавіў зрабіць неспадзяванку адэскаму і, не папярэджваючы яго, паехаў у Адэсу. Не заспеў, аднак, таго дома, бо той таксама засумаваў і паехаў у Табольск…
Справы перашкодзілі ім сустрэцца на зваротным шляху. Пабачыліся яны толькі праз некалькі гадоў і ведае пані, што выявілася?
Пані Стаўская падняла на яго вочы.
– Абодва яны, шукаючы адзін аднаго, у той самы дзень спыніліся ў Маскве ў тым самым гатэлі, нават у суседніх нумарах. Лёс часам кпіць з людзей…
– У жыцці, хіба, не часта гэтак здараецца, – прашаптала пані Стаўская.
– Хто ведае, хто ведае?.. – адказаў Вакульскі.
Ён пацалаваў яе ў руку і выйшаў у задуменні.
“З намі так не будзе!..” – падумала яна, моцна ўзрушаная.