– Дык вось табе прыемная неспадзяванка, – адказала панна Ізабэла. – У кожным разе, гэта ідэальны муж: багаты, неардынарны, а перадусім чалавек з галубіным сэрцам. Ён не толькі не раўнівы, але нават перапрашае за свае падазрэнні. Гэта мяне канчаткова раззброіла… У сапраўднага кахання завязаныя вочы. Чаму ты маўчыш?
– Думаю…
– Пра што?
– Вось пра што. Калі ён гэтак ведае цябе, як ты яго, дык вы зусім незнаёмыя.
– Тым больш прыемны будзе мядовы месяц.
– Зычу…
ЗАМІРЭННЕ МУЖА І ЖОНКІ
У сярэдзіне красавіка пані баранеса Кшэшоўская нечакана перайначыла лад жыцця.
Дагэтуль яна днямі займалася толькі тым, што бэсціла Марыяну, пісала лісты да кватарантаў пра засмечаную лесвіцу ды выпытвала вартаўніка – ці не здзёр хто абвестку пра здачу кватэры, ці начуюць прачкі з парыжскае пральні дома або ці не меў да яе нейкае справы паліцыянт. Пры гэтым яна не забывалася нагадваць, каб вартаўнік пільна прыглядаўся да жадаючых пасяліцца ў кватэры на трэцім паверсе, асабліва калі гэта будзе нехта з маладых людзей, найперш – студэнтаў, бо тады ён мусіў казаць, што кватэра ўжо занятая.
– Слухай, Каспер, што я табе кажу, – заканчвала яна. – Страціш месца, калі пракрадзецца сюды які-небудзь студэнт. Хопіць з мяне гэтых нігілістаў, гэтых распуснікаў, гэтых атэістаў, якія зноў навалакуць чарапоў.
Пасля кожнае гэткае канферэнцыі вартаўнік вяртаўся ў сваю каморку, кідаў шапку на стол і крычаў:
– Або павешуся, або не вытрымаю больш з такою гаспадыняю, каб на яе ліха! У пятніцу на кірмаш – вартаўнік ідзі, у аптэку па два разы на дзень – лётай, у пральню – цягніся, і хвароба ведае куды толькі не выпраўляе. Ужо яна мне абвесціла, што буду ездзіць з ёю на могілкі, каб даглядаць магілу!.. Чуў хто на свеце такое?! Сыду на Святога Яна, абы знайшлося каму даць дваццаць рублёў адступнога…
Але ў сярэдзіне красавіка пані баранеса палагаднела.
Паспрыялі гэтаму некаторыя акалічнасці.
Перадусім наведаў яе аднойчы незнаёмы адвакат і ў даверлівай размове пачаў выпытваць, ці пані баранеса ведае што-небудзь пра грашовыя сродкі пана барона… А каб такія недзе існавалі, у чым адвакат, зрэшты, сумняецца, ёй варта было б сказаць, каб выратаваць пана барона ад ганьбы. Бо яго крэдыторы гатовыя ўжо на крайнія меры.
Пані баранеса шчыра запэўніла адваката, што яе сужэнец, пан барон – хоць і нацярпелася яна ад яго гора – ніякіх грошай не мае. Тут у яе пачаліся сутаргі, што змусіла адваката ўцякаць. Але, варта было каплану справядлівасці пакінуць памяшканне, як яна адразу ж паздаравела, паклікала Марыяну і зусім спакойна загадала ёй:
– Трэба, мая Марысю, павесіць свежыя фіранкі, бо ў мяне прадчуванне, што няшчасны наш гаспадар абдумаецца…
Праз некалькі дзён прыйшоў да баранесы сам князь. Яны зачыніліся ў дальнім пакоі і мелі доўгую нараду, падчас якое пані некалькі разоў заходзілася ад плачу і адзін раз самлела. Пра што, аднак, яны гутарылі, гэтага не ведае нават Марыяна. Але пасля таго, як князь пайшоў, баранеса загадала зараз жа паклікаць пана Марушэвіча. Калі той прыбег, яна надзіва лагодна і бясконца ўздыхаючы папрасіла:
– Здаецца мне, пане Марушэвіч, што мой бажаволак муж нарэшце апамятаецца… Дык будзь ласкавы, едзь у горад і купі мужчынскі шлафрок ды пару пантофляў. Памерай на сябе, бо вы абодва, небаракі, сухарлявыя…
Пан Марушэвіч паварушыў бровамі, але ўзяў грошы і зрабіў пакупкі. Кошты – сорак рублёў за шлафрок і шэсць рублёў за пантофлі – падаліся баранесе крыху завышаным, але пан Марушэвіч сказаў, што ён не разбіраецца ў коштах, што купляў ён у самых лепшых крамах, і размова на гэту тэму была скончаная.
А яшчэ праз некалькі дзён на кватэру пані Кшэшоўскае прыйшло двое жыдкоў, пытаючыся, ці дома пан барон… Пані баранеса замест таго, каб накрычаць на іх, па сваёй звычцы, вельмі спакойным тонам загадала ім выйсці за дзверы. Потым яна паклікала Каспера і сказала яму:
– Здаецца мне, каханы Каспер, што наш бедны гаспадар перабярэцца да нас не сёння, дык заўтра. Трэба паслаць сукно на сходах да трэцяга паверха… Толькі глядзі, каб не пакралі прэнты… І сукно давядзецца кожныя некалькі дзён вытрэпваць…
З гэтага часу яна ўжо не сварылася на Марыяну, не пісала лістоў, не турбавала вартаўніка… Толькі хадзіла са скрыжаванымі на грудзях рукамі па сваіх апартаментах, бледная, маўклівая, устрывожаная.
Варта было ёй пачуць, што перад домам затрымліваецца брычка, яна бегла да акна. На кожны званок кідалася да парога і з-за дзвярэй салону прыслухоўвалася, хто размаўляе з Марыянай.
Праз некалькі дзён такога жыцця яна зусім пазелянела з твару і ўжо амаль не панавала над сабою. Бегала яна ўсё шпарчэй па ўсё меншай прасторы, часта кідалася на крэсла або фатэль, бо калацілася сэрца, нарэшце, злегла ў ложак.
– Загадай зняць сукно са сходаў, – сказала яна Марыяне хрыплым голасам. – Пану зноў, відаць, нейкі латруга грошай пазычыў…
Не паспела яна гэта сказаць, як пачуўся працяглы званок у дзверы. Пані баранеса паслала Марыяну адчыняць, а сама, хоць і балела ёй галава, кінулася апранацца. Ад хвалявання ўсё валілася ў яе з рук.