Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Нешта чароўнае, нешта неверагоднае, скажу я пані, – казаў ён. – Вячэра, вядома, звычайная: вустрыцы, амары, рыба, дзічына, але на заканчэнне, для аматараў, ведае пані, што?.. Каша!.. Сапраўдная каша… якая ж гэта?..

– Грэцкая, – першы і апошні раз далучыўся да размовы пан Рыдзеўскі.

– Не грэцкая, а грачаная. Нешта цудоўнае, нешта казачнае!.. Кожнае каліва мае выгляд, нібы асобна варылася… Фармальна аб’ядаемся, князь Келбік, граф Слядзянскі… Нешта такое, што цяжка нават усвядоміць… Падаецца, звычайна, у срэбраных місках…

Панна Ізабэла з гэткім захапленнем глядзела на прамоўцу, гэтак рэагавала на кожнае яго слова рухам або выразам твару, што ў Вакульскага пачало цямнець у вачах. Ён устаў, развітаўся з таварыствам і выбег на вуліцу.

“Я не разумею гэту кабету! – падумаў ён. – Калі яна бывае сапраўдная, з кім яна сапраўдная?..”

Але варта было яму прайсці сотню крокаў па марозе, як ён астыў.

“Урэшце, – думаў ён, – што тут дзіўнага? Яна мусіць жыць з людзьмі, да якіх прызвычаілася, а калі з імі жыве, дык мусіць не зважаць на іх блазнаванне. Хіба яна вінаватая, што прыгожая, як боства, і для кожнага яна боства?.. Хоць жа… прыхільнасць да падобнага таварыства… Ах, які ж я нікчэмнік, вечны нікчэмнік!..”

Калі пасля візітаў да панны Ізабэлы, як мухі-назолы, нападалі на яго сумневы, ён ратаваўся працаю. Праглядаў рахункі, вучыў англійскія словы, чытаў новыя кніжкі. А калі і гэта не дапамагала, ішоў да пані Стаўскае, праседжваў у яе цэлымі вечарамі і, дзіўная рэч, побач з ёю знаходзіў калі не поўнае супакаенне, дык, прынамсі, лагоднасць…

Яны размаўлялі пра самыя звычайныя рэчы. Часцей за ўсё яна расказвала, што ў краме Мілеравай справы ідуць усё лепш, бо людзі даведаліся пра ўдзел пана Вакульскага. Потым яна хваліла Гэлюню, якая робіцца ўсё больш паслухмяная, а калі і бывае часам непаслухмяная, дык бабуля страшыць яе тым, што раскажа ўсё пану Вакульскаму, і дзіця адразу ж супакойваецца. Яшчэ яна прыгадвала пана Жэцкага, які бывае ў іх часам і якога вельмі любіць бабуля, бо ён расказвае ёй мноства цікавых рэчаў пра жыццё пана Вакульскага. І што бабуля таксама любіць пана Вірскага, які аж у захапленні ад пана Вакульскага.

Вакульскі глядзеў на яе і дзівіўся. Спачатку яму здавалася, што гэта ліслівасць, і было яму прыкра. Але пані Стаўская гаварыла з такою непасрэднасцю, што паволі ён пачаў бачыць у ёй добрую сяброўку, якая хоць і пераацэньвае яго, але гаворыць без ценю хлуслівасці.

Заўважыў ён таксама, што пані Стаўская нічога не робіць для сябе. Калі заканчвае працу ў краме, займаецца Гэлюняй, дагаджае маці, клапоціцца пра служанку і пра чужых людзей, найчасцей бедакоў, якія нічым не могуць ёй аддзячыць. А калі і тых ужо няма, зазірае ў клетку канарэйкі, каб змяніць ваду або падсыпаць зерня.

“Анёльскае сэрца!..” – думаў Вакульскі.

А ў адзін з вечароў ён сказаў ёй:

– Ведае пані, што мне здаецца, калі я гляджу на пані?

Яна зірнула на яго занепакоеная.

– Здаецца мне, каб пані дакранулася да чалавека цяжка параненага, дык не толькі боль яго суцішыўся б, але, бадай, загаіліся раны.

– Пан думае, што я чарадзейка? – спытала яна вельмі збянтэжаная.

– Не, пані. Я думаю, што так, як пані, выглядалі святыя.

– Пан Вакульскі мае рацыю, – пацвердзіла пані Місевічова.

Пані Стаўская засмяялася.

– О! Я і раптам святая!.. – сказала яна. – Каб мог хто зазірнуць мне ў сэрца, пераканаўся б тады, якое пагарды я заслугоўваю… Ах, але цяпер мне ўсё адно!.. – скончыла яна з адчаем у голасе.

Пані Місевічова непрыкметна перахрысцілася. Вакульскі не звярнуў на гэта ўвагі.

Ён думаў пра іншую.

Свае пачуцці да Вакульскага пані Стаўская не магла акрэсліць.

Яна ведала яго здаўна, ён нават здаваўся ёй добрым чалавекам, але зусім яе не цікавіў. Потым Вакульскі знік з Варшавы, разышлася чутка, што ён паехаў у Балгарыю, а потым – што зарабіў вялікі капітал. Шмат пра яго казалі, і пані Стаўская зацікавілася ім, як прадметам агульнае ўвагі. А калі адзін са знаёмых сказаў пра яго: “Гэта чалавек д’ябальскі энергічны”, – пані Стаўскай спадабаўся выраз “д’ябальскі энергічны”, і яна пастанавіла лепей прыгледзецца да Вакульскага.

З гэтаю мэтаю яна стала заходзіць у краму. Пару разоў не заспела там Вакульскага, раз бачыла яго, але здалёк, а раз замяніла з ім пару слоў, і ён тады зрабіў на яе асаблівае ўражанне. Здзівіў яе кантраст паміж словамі “д’ябальскі энергічны” і ягонымі паводзінамі. Ён зусім не выглядаў па-д’ябальску, а быў хутчэй ціхі ды сумны. І яшчэ заўважыла яна адну рэч, вось якую: вочы ў яго былі вялікія і задуменныя, гэтакія задуменныя...

“Прыгожы чалавек,” – падумала яна.

Аднойчы летам яна сутыкнулася з ім у браме дома, дзе жыла. Вакульскі зірнуў на яе з цікавасцю, а яна гэтак засаромелася, што пачырванела і апусціла вочы. Потым яна злавалася на сябе за гэтую сарамлівасць і за гэтую чырвань, таму доўгі час была ў прэтэнзіі на Вакульскага за той яго цікаўны позірк.

Перейти на страницу:

Похожие книги