Перадусім бацька пана Навіньскага меў капітал у суполцы, якую заклаў Вакульскі, і якая (пра што вядома было нават панне Ізабэле) прыносіла вялікі даход. Потым, пан Мальбарг, які скончыў нейкую тэхнічную школу (у чым ён не прызнаваўся), за пасярэдніцтвам Вакульскага (што трымаў у вялікай таямніцы) шукаў пасаду на чыгунцы. І сапраўды, ён атрымаў яе. Мела яна адну вялікую вартасць – не вымагала працы, і адну страшную загану – не давала трох тысяч рублёў заробку. Пан Мальбарг нават быў пакрыўджаны за гэта на Вакульскага, але, каб не псаваць стасункі, абмяжоўваўся толькі тым, што прамаўляў яго прозвішча з лёгкаю іранічнаю ўсмешкаю.
Пан Шастальскі не меў ані капіталу ў суполцы, ані пасады на чыгунцы. Але з-за таго, што два ягоныя прыяцелі, паны Навіньскі і Мальбарг, мелі да Вакульскага прэтэнзіі, дык і ён меў да Вакульскага прэтэнзіі, якія, уздыхаючы пры панне Ізабэле, фармуляваў так:
– Ёсць жа шчаслівыя людзі, якія…
Што ўяўляюць сабою тыя – “якія…”, панна Ізабэла так ніколі і не даведалася. Але пры гэтым слове “якія” прыгадваўся ёй Вакульскі. Тады яна сціскала свае дробныя кулачкі і паўтарала сама сабе: “Дэспат… тыран…”
Хоць Вакульскі не паказваў ніякае схільнасці ні да тыраніі, ні да дэспатызму. Толькі глядзеў на яе і думаў:
“Ты гэта ці… не ты?..”
Часам, калі ён бачыў маладзейшых або старэйшых франтаў, што з усіх бакоў атачалі панну Ізабэлу, вочы якое пры гэтым ззялі, як брыльянты або зоркі, аблачынка пралятала па небе яго захаплення і кідала на душу цень неакрэсленага сумневу. Але Вакульскі стараўся не заўважаць ценяў. Панна Ізабэла была яго жыццём, шчасцем, сонцам, якога не маглі зацьміць нейкія мімалётныя хмаркі, можа, нават прыдуманыя.
Часам прыгадваўся яму Гейст, здзічэлы мудрэц з грандыёзнымі ідэямі, які паказваў яму іншую мэту, чым каханне панны Ленцкае. Але дастаткова было Вакульскаму аднаго позірку панны Ізабэлы, каб ацверазець ад мрояў.
“Што мне да чалавецтва! – казаў ён, паціскаючы плячыма. – За ўсё чалавецтва і за ўсю будучыню свету, за бессмяротнасць уласнае душы… не аддам аднаго яе пацалунку…”
І ад думкі пра той пацалунак рабілася з ім неверагоднае. Воля яго слабела, ён адчуваў, што траціць яснасць розуму і, каб апрытомнець, мусіў зноў убачыць панну Ізабэлу ў таварыстве франтаў. І толькі тады, калі ён чуў яе бесклапотны смех і самаўпэўнены тон, калі бачыў яе гарачыя позіркі, якія яна кідала на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, на імгненне здавалася яму, што спадае ў яго з вачэй заслона, за якою ён бачыць нейкі іншы свет і нейкую іншую панну Ізабэлу. Тады невядома адкуль паўставалі перад ім выявы ягонай маладосці, поўныя тытанічных высілкаў. Бачыў ён, колькі давялося папрацаваць, каб выбавіцца з галечы, чуў свіст куляў, якія праляталі некалі над ягонай галавою, а потым бачыў лабараторыю Гейста, дзе нараджаліся грандыёзныя адкрыцці, і, пазіраючы на паноў Навіньскага, Мальбарга ды Шастальскага, ён думаў:
“Што я тут раблю?.. Чаго я малюся перад адным з імі алтаром?..”
Яму хацелася зарагатаць, але апантанасць вярталася. І зноў здавалася яму, што такое жыццё, як яго, варта пакласці да ног такое, як панна Ізабэла, кабеты.
Як бы там ні было, а пад уплывам неабачлівага слоўца пані з Гінсаў Упадальскае ў панне Ізабэле адбылася перамена на карысць Вакульскага. З увагаю яна прыслухоўвалася да размоў паноў, якія наведвалі яе бацьку, і ў выніку зразумела, што кожны з іх або мае капіталік, які хоча размясціць у Вакульскага “хаця б на пятнаццаць працэнтаў”, або кузіна, якому хоча выстарацца пасаду, або прагне знаёмства з Вакульскім з нейкімі іншымі намерамі. А што тычыцца дам, дык тыя або таксама хацелі зрабіць некаму пратэкцыю, або мелі дачок на выданні і нават не ўтойвалі, што гатовыя адбіць Вакульскага ў панны Ізабэлы, або, калі не зусім яшчэ былі перастаркамі, рады былі ашчаслівіць яго самі.
– Вось каб быць жонкаю гэткага чалавека! – казала з Фестальскіх Выўратніцкая.
– Нават каб і не жонкаю! – рагатала ў адказ баранеса фон Плес, муж якое ўжо пяць гадоў быў спаралізаваны.
“Тыран… дэспат…” – паўтарала панна Ізабэла, усведамляючы, што купец, якім яна пагарджала, прыцягвае столькі позіркаў, выклікае столькі надзеяў ды рэўнасці.
Хоць у ёй усё яшчэ цьмелі рэшткі пагарды і антыпатыі, яна мусіла прызнаць, што гэты шорсткі і пануры чалавек мае большае значэнне і лепш выглядае, чым маршалак, барон Дальскі і нават паны Навіньскі, Мальбарг ды Шастальскі.
Аднак найбольш паўплываў на яе рашэнне князь.