– Зрэшты, – дадала яна, паціскаючы плячыма, – мужчыны так бесцырымонна адорваюць нас сваім замілаваннем, што я не толькі не здзіўляюся, калі бачу іх заляцанні або дзёрзкія позіркі, але, наадварот, дзіўлюся, калі іх няма. Калі ў салоне нехта не гаворыць мне пра свае пачуцці і пакуты, або не маўчыць панура, паказваючы яшчэ большыя пачуцці і пакуты, або не дэманструе мне ледзяной абыякавасці – адзнаку самых моцных пачуццяў і пакутаў, тады я адчуваю, што мне нечага не стае, быццам я забылася веер або насоўку… О, я іх ведаю! Усіх гэтых донжуанаў, паэтаў, філосафаў, герояў, усе гэтыя чуллівыя, бескарыслівыя, зламаныя, рамантычныя або моцныя душы… Ведаю ўвесь гэты маскарад і запэўніваю цябе, што добра баўлюся. Ха-ха-ха!.. Якія яны смешныя…
– Я не разумею цябе, Бэла… – сказала панна Фларэнтына і развяла рукі.
– Не разумееш?.. Дык ты, хіба, не кабета.
Панна Фларэнтына выказала было рухам сваю нязгоду, але разам і сумнеў.
– Паслухай, – не дала ўставіць ёй слова панна Ізабэла. – Ужо год як мы страцілі сваё становішча ў свеце. Не пярэч, гэта так, мы гэта ведаем. Мы цяпер зруйнаваныя.
– Перабольшваеш…
– Ах, Флора, не суцяшай мяне і не падманвай!.. Хіба ты не чула падчас абеду, што нават тыя пару дзясяткаў рублёў мой бацька выйграе ў карты ў…
Панну Ізабэлу аж закалаціла, калі яна казала гэта. Яе вочы блішчалі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.
– І вось у такі момант з’яўляецца гэты... купец, набывае нашыя вэксалі, наш сервіз, аблытвае майго бацьку і цётку, інакш кажучы – на мяне з усіх бакоў расстаўляе сеткі, як паляўнічы на дзічыну. Гэта ўжо не маркотны кавалер, не залётнік, якога можна адпрэчыць, гэта... заваёўнік!.. Ён не ўздыхае, а ўціраецца ў ласку да цёткі, звязвае па руках і нагах бацьку, а мяне жадае захапіць сілаю альбо прымусіць, каб я сама здалася... Ты разумееш, якая гэта подласць?
Панна Фларэнтына спалохалася.
– У такім разе, ёсць вельмі простае выйсце. Раскажы...
– Каму і што?.. Цётцы, якая гатова падтрымаць гэтага пана, абы прымусіць мяне выйсці замуж за маршалка?.. Або, можа, апавесці пра гэта бацьку, каб напалохаць яго і паскорыць катастрофу? Я зраблю толькі адно: не дазволю бацьку ўступаць у нейкія там суполкі, хоць бы мне давялося ўпасці яму ў ногі, хоць бы давялося... забараніць яму ў імя нябожчыцы маці...
Панна Фларэнтына глядзіць на яе з захапленнем:
– Праўду кажучы, Бэла, – ты перабольшваеш. Пры тваёй энергіі ды геніяльнай прадбачлівасці...
– Ты не ведаеш гэтых людзей, а я бачыла іх падчас працы. У іхніх руках сталёвыя рэйкі гнуцца, як дубцы. Гэта страшныя людзі. Яны здольныя дзеля сваіх мэтаў прывесці ў рух усе зямныя сілы, пра якія мы нават не ведаем. Яны здольныя ламаць, завабліваць у пастку, поўзаць, рызыкаваць усім і нават – цярпліва чакаць...
– Ты кажаш гэтак, бо начыталася раманаў.
– Я кажу паводле сваіх адчуванняў, якія папярэджваюць… крычаць, што гэты чалавек дзеля таго ездзіў на вайну, каб дамагчыся мяне. І ледзьве ён вярнуўся, як асачыў мяне з усіх бакоў... Але няхай сцеражэцца! Ён жадае мяне купіць? Добра, няхай купляе!.. Ён пераканаецца, што я вельмі дорага каштую… Ён жадае злавіць мяне ў сіло?.. Хай расстаўляе яго… але я выслізну, нават у абдымкі маршалка... Божа мой! Я нават не здагадвалася, якая глыбокая прорва, у якую мы падаем, пакуль не ўбачыла гэткае дно. З салонаў Квірыналу69 – у галантарэйную краму... Гэта нават не падзенне, гэта – ганьба.
Яна села ў шэзлонг, закрыла твар рукамі і заплакала.
ГОЛУБ ВЫХОДЗІЦЬ НА СПАТКАННЕ З ВУЖОМ
Сервіз і срэбра сямейства Ленцкіх прадалі, і нават ювелір прынёс ужо пану Тамашу грошы, за вылічкай амаль ста пяцідзесяці рублёў камісійных і за пасярэдніцтва. Нягледзячы на гэта, графіня Яанна не перастала любіць панну Ізабэлу, наадварот, энергія і самаахвярнасць тае пры продажы каштоўнасцяў абудзілі ў сэрцы старое дамы новую хвалю сваяцкіх пачуццяў. Яна не толькі ўгаварыла панну Ізабэлу прыняць у падарунак прыгожы ўбор, не толькі штодня наведвала яе або запрашала да сабе, але нават (што было знакам нечуванае ласкі!) дала ёй свой экіпаж на ўсю Вялікую Сераду.
– Праедзься, анёлку, па горадзе, – казала графіня, цалуючы пляменніцу, – і купі, што табе трэба з дробязяў. Толькі глядзі, каб падчас квесты была прыгожаю... такою прыгожаю, як толькі адна ты можаш... прашу цябе.
Панна Ізабэла нічога не адказала, але яе позірк і тое, як яна паружавела, дазвалялі здагадацца, што яна ўсёю душою згодная выканаць жаданне цёткі.
У Вялікую Сераду роўна аб адзінаццатай гадзіне раніцы панна Ізабэла ўжо сядзела ў адкрытым экіпажы побач з неразлучнай сваёй спадарожніцай – паннай Фларэнтынай. У Алеях веяла веснавым ветрыкам, які разносіў той адмысловы свежы водар, што звястуе распусканне пупышак на дрэвах і з’яўленне пралесак. Бурыя траўнікі злёгку зазелянелі, а сонца так грэла, што пані раскрылі парасоны.
– Цудоўны дзень, – уздыхнула панна Ізабэла, гледзячы на неба з белымі сям-там аблачынкамі.
– Куды ясная паненка загадае ехаць? – спытаў лёкай, зачыняючы дзверкі каляскі.
– У краму Вакульскага, – з нервовай паспешлівасцю адказала панна Ізабэла.