Пасля таго, як панна Ізабэла пайшла з крамы, Вакульскі зноў узяўся за рахункі і беспамылкова склаў два доўгія слупкі лічбаў. А палове на трэцюю ён спыніўся ды зноў падзівіўся, як спакойна стала ў яго на душы. Адкуль раптам гэтая абыякавасць пасля цэлага году ліхаманкавай разгубленасці і нуды ўперамешку з выбухамі шаленства? Каб нейкага чалавека нечакана з бальнае залы перанесці ў лес або з задушлівай вязніцы – на шырокі зялёны поплаў, дык не зазнаў бы ён іншых адчуванняў і не было б большым ягонае здзіўленне.
“Відавочна, цэлы год я пакутаваў на нейкае частковае замарачэнне розуму, – думаў Вакульскі. – Не было небяспекі, не было ахвяры, на якую б я не пайшоў дзеля гэтае асобы, але варта было мне яе ўбачыць – і ўсё прайшло...
А як яна размаўляла са мною! Колькі было пагарды да нікчэмнага купца... “Заплаці гэтаму пану!..” Дзіўныя гэтыя свецкія дамы: любы лайдак, шулер, нават злодзей, абы меў высакароднае прозвішча – пасуе ім у кампанію, нават каб тварам ён быў падобны не да роднага бацькі, а да матчынага лёкая. Але купец – гэта парый… Зрэшты, што мне да таго! Хай сабе гніюць у спакоі!”
Ён падлічыў яшчэ адзін слупок, не зважаючы на тое, што робіцца ў краме.
“Адкуль яна ведае, – думаў ён далей, – што я купіў срэбра і сервіз?.. А як яна дапытвалася, ці не заплаціў я больш, чым яны вартыя! З задавальненнем ахвяраваў бы я ім гэтыя фамільныя дробязі. Я мушу быць удзячны ёй да смерці. Каб не гэтая апантанасць, дык не нажыў бы я маёнтку і спарахнеў бы за канторкаю. А цяпер, можа, і маркотна мне будзе без гэтага жалю, без роспачы і надзеі... Недарэчнае жыццё!.. Ганяемся за зданню, якую кожны носіць ва ўласным сэрцы, і толькі калі яна адтуль знікне, бачым, што было гэта вар’яцтвам... Ну ніколі б не падумаў, што існуюць такія цудоўныя лекі. Гадзіну таму я быў атручаны, а цяпер – такі спакойны і ў той жа час нібы спустошанасць, нібы ўцякла мая душа і пуста стала ўсярэдзіне, засталіся толькі скура ды вопратка. Што я зараз буду рабіць? Чым буду жыць?.. Хіба, паеду на выставу ў Парыж71, а потым у Альпы...”
У гэты момант да яго крадком падышоў Жэцкі і ціха сказаў:
– А Мрачэўскі зух! Хіба, не? Як ён умее размаўляць з кабетамі!
– Як распешчаны кліентамі цырульнік, – адказаў Вакульскі, не адрываючы позірк ад кнігі.
– Нашы кліенткі зрабілі яго такім, – адказаў стары крамнік.
Але ён заўважыў, што перашкаджае гаспадару, і адышоў. Вакульскі зноў задумаўся. Незнарок ён зірнуў на Мрачэўскага і раптам заўважыў, што маладзён мае нешта асаблівае ў твары.
“Так, – думаў ён, – пустальга. Мо таму і падабаецца кабетам”.
Яму смешнымі здаваліся і позіркі панны Ізабэлы, якімі яна адорвала маладога прыгажуна, і ўласныя мары, якія сёння так нечакана развеяліся.
Раптам ён здрыгануўся, бо пачуў імя панны Ізабэлы і заўважыў, што ў краме няма ніводнага пакупніка.
– Ну, але сёння ўжо пан не таіўся са сваімі амурамі, – з маркотнаю ўсмешкаю казаў Клейн Мрачэўскаму.
– Бо як жа яна на мяне глядзела, проста – ах!.. – уздыхнуў Мрачэўскі, прыціскаючы адну руку да грудзей, а другою падкручваючы вусікі. – Не сумняюся, – працягваў ён, – што праз некалькі дзён атрымаю ад яе духмяную цыдулку. Потым – першае спатканне, потым: “Дзеля пана я грэбую прынцыпамі свайго выхавання”, а потым: “Ці не пагарджаеш ты мною?” Нейкі момант яна вельмі прывабная, затое потым чалавек нажывае вялікія клопаты...
– Навошта, пан, хлусіш! – спыніў яго Лісецкі. – Ведаем мы залётніц пана: завуцца Мацільдамі, якіх пан прываблівае порцыяй смажаніны ды куфлем піва.
– Мацільды – на кожны дзень, а дамы – на святы. Але Іза будзе самым вялікім святам. Даю слова гонару, не сустракаў я кабеты, якая б так пякельна дзейнічала на мяне... Ну, але ж і яна да мяне горнецца!
Грукнулі дзверы, і ў краму ўвайшоў немалады ягамосць з сівою галавою. Ён пажадаў бірульку да гадзінніка, але крычаў і стукаў кіем так, нібы збіраўся скупіць усе японскія вазы.
Вакульскі не варухнуўся, слухаючы, як выхваляецца Мрачэўскі. У яго з’явілася адчуванне, нібы на галаву і на грудзі яму апускаўся нейкі цяжар.
– Урэшце, мяне гэта не датычыць, – шапнуў ён сам сабе.
Пасля сівога ягамосця ў краму ўвайшла дама, якая жадала парасон, а за ёю – пан сярэдняга веку, які хацеў купіць капялюш, потым – паніч, якому патрэбны быў партсігар, нарэшце тры панны, з якіх адна патрабавала пальчаткі Шольца72, менавіта Шольца, таму што іншых яна не носіць.
Вакульскі закрыў кнігу, павольна падняўся з крэсла і ўзяў з канторкі капялюш, накіроўваючыся да выхаду. Яму было цяжка дыхаць, і чэрап нібы расколваўся.
Пан Ігнацы заступіў яму дарогу.
– Сыходзіш? Можа, зазірнеш у новую краму? – запытаўся ён.
– Нікуды я не зазірну, стаміўся, – адказаў Вакульскі, не гледзячы таму ў вочы.
Калі ён выйшаў, Лісецкі крануў Жэцкага за плячо.
– Чаго гэта стары, нібы чорная хмара? – ціха спытаў ён.
– Ну, – адказаў пан Ігнацы, – зрушыць з месца такую справу, як маскоўская, гэта не жартачкі. Дзіва што.
– А нашто ён за яе браўся?
– На тое, каб было з чаго плаціць нам болей, – сувора адказаў пан Ігнацы.