Лёкай ускочыў на козлы, і сытыя гнядыя коні рушылі велічнай рыссю, пырхаючы і ўскідваючы галовамі.
– Чаму да Вакульскага, Бэла? – спытала крыху здзіўленая панна Фларэнтына.
– Хачу купіць сабе парыжскія пальчаткі, пару флаконаў парфумы...
– Гэта можна знайсці і ў іншым месцы.
– Хачу туды, – суха адказала ёй панна Ізабэла.
У апошнія дні яе мучыў дзіўны непакой, які аднойчы ўжо яна зазнала ў жыцці. Колісь за мяжою, у заалагічным садзе яна ўбачыла ў адной з клетак вялізнага тыгра, той спаў каля самых кратаў, і частка галавы ды адно вуха вытыркалася вонкі.
Убачыўшы гэта, панна Ізабэла адчула непераадольнае жаданне схапіць тыгра за вуха. Ад смуроду з клеткі ёй рабілася моташна, магутныя лапы звера выклікалі ў яе невымоўны жах, але яна адчувала, што павінна хоць дакрануцца да тыгрынага вуха.
Гэтая дзіўная спакуса ёй самой здалася небяспечнаю і нават недарэчнаю. Яна перамагла сябе і пайшла далей, аднак праз некалькі хвілін вярнулася. Ізноў адышла. Агледзела суседнія клеткі і пастаралася думаць пра нешта іншае. Дарэмна. Вярнулася назад. Хоць тыгр ужо не спаў ды вуркатаў, аблізваючы свае страшныя лапы, панна Ізабэла падбегла да клеткі, прасунула руку – а сама спалатнела, затрэслася – і дакранулася да яго вуха.
Праз момант яна засаромелася сваёй неразважлівасці, але разам з тым адчула і вострае задавальненне, знаёмае людзям, што ў важнай справе прыслухаюцца да голасу інстынкту.
Сёння ў ёй абудзілася падобнае жаданне.
Яна пагарджала Вакульскім, сэрца яе млела ад падазрэння, што гэты чалавек мог заплаціць за яе сервіз даражэй, чым той быў варты, але яна ўсё ж адчувала непераадольнае жаданне ўвайсці ў краму, зірнуць Вакульскаму ў вочы і заплаціць яму за нейкія дробныя рэчы менавіта тымі грашыма, якія яна атрымала ад яго. Страх ахопліваў яе ад думкі пра сустрэчу з ім, але невытлумачальнае прадчуванне штурхала наперад.
На Кракаўскім прадмесці яна яшчэ здалёк убачыла шыльду: “Я. Мінцаль і С. Вакульскі”, а ў будынку побач – новую, яшчэ недафарбаваную краму на пяць вокнаў з люстранымі шыбамі70. Каля яе завіхаліся майстры і работнікі: адны знутры праціралі шыбы, іншыя фарбавалі і пакрывалі пазалотаю дзверы ды карнізы, астатнія прыладжвалі да вітрын вялікія медныя бар’еры.
– Што за крама тут будуецца? – спытала яна ў панны Фларэнтыны.
– Хіба, для Вакульскага. Я чула, што ён перабіраецца ў большае памяшканне.
“Для мяне гэтая крама!” – падумала панна Ізабэла і скамячыла ў руках пальчаткі.
Экіпаж спыніўся, лёкай саскочыў з козлаў і дапамог паням выйсці. Але, калі ён разнасцежыў дзверы ў краму Вакульскага, панна Ізабэла раптам адчула такую слабасць, што ў яе ногі падкасіліся. Было імгненне, калі яна нават хацела вярнуцца ў экіпаж ды ўцякаць адсюль, аднак авалодала сабою і з высока ўзнятай галавою ўвайшла.
Пан Жэцкі стаяў ужо пасярод крамы і, паціраючы рукі, нізка ёй кланяўся. У глыбіні пан Лісецкі, пагладжваючы сваю выпешчаную бародку, мяккімі і поўнымі годнасці рухамі паказваў бронзавыя кандэлябры нейкай даме, якая сядзела на крэсле, кволы Клейн выбіраў кіёк панічу, які пры з’яўленні панны Ізабэлы спрытна ўзброіўся ў пенснэ, а Мрачэўскі, выпраменьваючы пах геліятропу, спапяляў позіркамі і раніў штылетамі сваіх вусікаў двух чырванашчокіх паненак, якія суправаджалі даму і разглядалі аксесуары для туалетнага століка.
Справа ад дзвярэй, пры канторцы, схіліўшыся над рахункамі, сядзеў Вакульскі.
Калі панна Ізабэла ўвайшла, паніч, што выбіраў кіёк, паправіў на шыі каўнерык, паненкі пераглянуліся, пан Лісецкі на паўслове спыніў свой ветлівы аповед пра стылі кандэлябраў, не змяняючы, аднак, ветлівае паставы, а дама, што слухала яго лекцыю, цяжка павярнулася на крэсле. На момант у краме запанавала ціша, якую сваім пявучым кантральта парушыла панна Ізабэла.
– Ці знойдзем мы тут пана Мрачэўскага?..
– Пане Мрачэўскі!.. – паклікаў пан Ігнацы.
Мрачэўскі ўжо стаяў побач з паннай Ізабэлай, зачырванелы, як вішня, пахкі, як кадзіла, са схіленым чалом, як ніклая трысцінка.
– Мы прыехалі, каб купіць у пана пальчаткі.
– Нумарок пяць з паловаю, – абвясціў Мрачэўскі, ужо трымаючы скрыначку, якая злёгку дрыжэла ў яго руках пад уплывам позірку панны Ізабэлы.
– А вось і не… – засмяялася панна. – Пяць і тры чвэрці... Пан ужо забыўся!..
– Пані, ёсць рэчы, якія ніколі не забывацца. Аднак, калі пані загадае падаць пяць і тры чвэрці, – рады служыць – з надзеяй, што хутка пані зноў зробіць нам гонар сваім наведваннем. Бо пальчаткі пяць і тры чвэрці, – дадаў ён і ціха ўздыхнуў, падсоўваючы да яе іншыя скрыначкі, – безумоўна, спаўзуць з ручак…
– Геній! – шапнуў пан Ігнацы, падміргваючы Лісецкаму, які пагардліва паварушыў вуснамі.