Дама, што сядзела на крэсле, зноў павярнулася да кандэлябраў, дзве паненкі – да туалетнага століка з аліўкавага дрэва, паніч у пенснэ зноў пачаў выбіраць кіёк – і ў краме ўсё пайшло сваім парадкам. Толькі ўзрушаны Мрачэўскі лётаў угору ды ўніз па драбінцы, высоўваў шуфляды, выцягваў усё новыя і новыя скрыначкі і пераконваў панну Ізабэлу па-польску і па-французску, што ёй ніяк нельга насіць іншых пальчатак, апрача нумара пяць з паловаю, ані ўжываць іншае парфумы, апрача сапраўднага
Вакульскі гэтак схіліўся над канторкаю, што на ілбу ў яго набрынялі жылы, і працягваў лічыць:
“29 ды 36 – гэта 65, ды 15 – будзе 80, ды 73 – будзе... будзе...”
Тут ён перапыніў падлікі і спадылба зірнуў у бок панны Ізабэлы, якая размаўляла з Мрачэўскім. Абое стаялі да яго бокам, і ён убачыў, што крамнік не зводзіць палымяных вачэй з панны Ізабэлы, на што яна адказвае непрыхаванаю ўсмешкаю і позіркам ласкавага заахвочвання.
“29 ды 36 – гэта 65, ды 15...” – лічыў Вакульскі, але раптам пяро ў яго пальцах з трэскам зламалася. Не падымаючы галавы, ён дастаў з шуфляды новае, і ў гэты ж момант невядома якім чынам з падлікаў вынікла пытанне: “І мне яе кахаць? Недарэчасць! Цэлы год я пакутаваў на нейкую хваробу мазгоў, а здавалася мне, што закахаўся... 29 ды 36... 29 ды 36... Ніколі б не падумаў, што яна можа быць мне аж так нецікавая... Як яна глядзіць на гэтага асла… Ну несумненна, калі гэтая асоба какетнічае нават з крамнікамі, дык ці не робіць яна таго ж з лёкаямі ды фурманамі!.. Упершыню я адчуваю спакой... О, Божа! А я ж так прагнуў яго...”
У краму ўвайшло яшчэ некалькі пакупнікоў, да якіх неахвотна звярнуўся Мрачэўскі, павольна завязваючы пакункі.
Панна Ізабэла наблізілася да Вакульскага і, паказваючы ў яго бок парасонам, выразна прамовіла:
– Флора, заплаці, будзь ласкавая, гэтаму пану. Мы вяртаемся дадому.
– Каса тут, – паспяшаўся Жэцкі, падбягаючы да панны Фларэнтыны.
Ён узяў у яе грошы, і абое адышлі ў глыб крамы.
Панна Ізабэла павольна падсунулася да самае канторкі, за якою сядзеў Вакульскі. Твар яе быў без крывінкі. Здавалася, выгляд гэтага чалавека дзейнічае на яе гіпнатычна.
– Ці з панам Вакульскім я размаўляю?
Вакульскі прыўзняўся і абыякава адказаў:
– Гатовы служыць пані.
– Гэта ж пан купіў наш сервіз і срэбра? – запыталася яна глухім голасам.
– Я, пані.
Тут панна Ізабэла завагалася. Праз момант, аднак, яе твар ізноў паружавеў. Яна працягвала:
– Напэўна, пан прадасць гэтыя рэчы?
– Дзеля гэтага я іх і купіў.
Панна Ізабэла пачырванела мацней.
– Пакупнік з Варшавы? – распытвала яна.
– Я прадам гэтыя рэчы не тут, а за мяжою. Там... мне заплацяць больш, – дадаў ён, бо заўважыў у яе вачах сумнеў.
– Пан спадзяецца на добры прыбытак?
– Я і купіў іх, каб атрымаць прыбытак.
– Таму і бацька мой не ведае, што гэтае срэбра апынулася ў пана? – спытала яна іранічна.
У Вакульскага здрыгануліся вусны.
– Я купіў срэбра і сервіз у ювеліра. Таямніцы з гэтага я не раблю. Трэціх асоб у справу не ўмешваю, бо гэтак не робіцца ў камерцыі.
Нягледзячы на рэзкасць яго адказаў, панна Ізабэла ўздыхнула з палёгкаю. Нават вочы яе крыху пацямнелі і страцілі злы бляск.
– А калі б мой бацька перадумаў і пажадаў выкупіць гэтыя рэчы, за які кошт пан бы іх прадаў?
– За той, за які купіў... Зразумела, з налічэннем адсоткаў – прыкладна... ад шасці да васьмі гадавых...
– І пан адмовіўся б ад спадзяванага прыбытку?.. Чаму ж гэта?.. – не дала яна дагаварыць.
– Бо гандаль, пані, засноўваецца не на спадзяваных прыбытках, а на няспынным абароце наяўнага капіталу.
– Да пабачэння і... дзякуй пану за тлумачэнні, – сказала панна Ізабэла, бо заўважыла, што яе спадарожніца ўжо заплаціла.
Вакульскі пакланіўся і зноў сеў за сваю кнігу.
Калі лёкай забраў пакункі і пані селі ў экіпаж, панна Фларэнтына з папрокам прамовіла:
– Ты размаўляла з гэтым чалавекам, Бэла?..
– Так, і не шкадую. Ён хлусіў, але...
– Што значыць гэтае “але”? – з трывогай спытала панна Фларэнтына.
– Не пытайся ў мяне... нічога не кажы мне, калі не хочаш, каб я заплакала на вуліцы...
Пасля кароткае паўзы яна дадала па-французску:
– Зрэшты, можа, я і нядобра зрабіла, што прыехала сюды, але... мне ўсё адно!..
– Я мяркую, Бэла, – сказала яе спадарожніца, з гонарам падціскаючы вусны, – што табе трэба пагутарыць з бацькам або з цёткаю.
– Ты хочаш сказаць, – перапыніла яе панна Ізабэла, – што я павінна пагутарыць з маршалкам альбо з баронам? На гэта заўсёды будзе час, а цяпер мне яшчэ не стае адвагі.
Размова абарвалася. Яны ў маўчанні вярнуліся дадому. Панне Ізабэле цэлы дзень немагчыма было дагадзіць.