І цяпер так будзе: як нечакана знік, гэтак нечакана і вернецца.
Але як цяжка жыць на свеце. І часта я думаю: ці сапраўды ёсць план, паводле якога чалавецтва рухаецца да лепшага, або яно проста сунецца туды, куды цягне большая сіла?.. Калі добрыя бяруць верх, тады свет рухаецца да дабра, а калі галганы мацнейшыя, дык усё ідзе да кепскага. А скончаць і злыя, і добрыя жменяю попелу.
Калі так, дык не дзіўлюся я Стаху, які не раз казаў, што хацеў бы як хутчэй сам загінуць і апошні след па сабе знішчыць. Але я прадчуваю, што гэта не так.
Хоць… Ці не меў я прадчування, што князь Людвік Напалеон будзе імператарам французаў?.. Уга! Яшчэ пачакайма, бо мне тая ягоная смерць у бітве з голымі мурынамі неяк у галаве не ўкладаецца…”
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - --
…?...
Пан Жэцкі сапраўды недамагаў. Паводле ўласнага меркавання, з-за таго, што не было чаго рабіць, а паводле Шумана, з-за хваробы сэрца, якая раптоўна ўзнікла і досыць хутка прагрэсіравала пад уплывам нейкіх трывог.
Заняткаў у яго было няшмат. Раніцаю ён прыходзіў у краму, колішнюю Вакульскага, а цяпер Шлянгбаўма, але бавіўся там, пакуль не было крамнікаў, а галоўнае – пакупнікоў. Бо пакупнікі – невядома чаму – пазіралі на яго, як на нейкае дзіва, а крамнікі, якія ўсе цяпер, за выключэннем пана Зэмбы, былі старазаконныя, не толькі не аказвалі яму шацунку, да якога ён прызвычаіўся, а нават, не зважаючы на заўвагі Шлянгбаўма, былі з ім няветлівыя.
Пры такім стане рэчаў пан Ігнацы ўсё часцей думаў пра Вакульскага. Не таму, што баяўся нейкае бяды, а вось так сабе.
Раніцаю, а шостай, ён думаў: ці ўстае Вакульскі, ці яшчэ ў гэты час спіць, і дзе ён – у Маскве ці, можа, паехаў ужо з Масквы і набліжаецца да Варшавы? Апоўдні ён прыгадваў сабе той час, калі амаль не было дня, каб Стах не абедаў з ім. А ўвечары, асабліва кладучыся ў ложак, казаў сабе: “Пэўна, Стах у Сузіна… Дык час на п’янку!.. А можа, вяртаецца ў Варшаву і ўладкоўваецца ў вагоне спаць…”
А як толькі прыходзіў у краму (рабіў ён гэта па некалькі разоў на дзень, нягледзячы на незычлівасць крамнікаў ды абрыдлівую дагодлівасць Шлянгбаўма), заўсёды думаў, што пры Вакульскім было тут, аднак, іначай.
Палохала яго, але не так, каб моцна, тое, што Вакульскі нічога не паведамляў пра сябе. Але ён лічыў гэта чарговым дзівацтвам і думаў: “Не такі ахвотнік ён быў пісаць і здаровы, а што казаць, калі цяпер ён такі прыгнечаны. Ат, бабы, бабы!..”
У той дзень, калі Шлянгбаўм купляў мэблю і каляску Вакульскага, пан Ігнацы злёг у ложак. Не таму, што было шкада, бо каляска і старая мэбля былі рэчамі абсалютна непатрэбнымі, але таму, што гэтак усё скупляецца толькі тады, калі чалавек ужо памёр.
“Ну а Стах, дзякуй Богу, жывы і здаровы!..” – казаў ён сам сабе.
Аднойчы ўвечары, калі пан Ігнацы сядзеў у шлафроку ды разважаў, як ён арганізуе краму Мрачэўскага на зайздрасць Шлянгбаўму, ён пачуў працяглы званок і гучныя воклічы за дзвярыма.
Слуга, які ўжо клаўся спаць, адчыніў.
– Пан дома? – спытаў голас, знаёмы Жэцкаму.
– Пан хворы.
– Дзе там хворы!.. Хаваецца ад людзей…
– Можа, пане радца, мы дарэмна турбуем… – азваўся іншы голас.
– Дзе там турбуем! Хто не хоча, каб яго турбавалі дома, няхай у шынок ходзіць…
Жэцкі падняўся з фатэля, і ў той жа міг з’явіліся ў дзвярах яго спальні радца Вянгровіч і агент Шпрот… За імі маячыла нейкая кудлатая галава і твар не надта чысты.
– Не хоча ісці гара да Магаметаў, дык Магаметы прыйшлі да гары!.. – загукаў радца. – Пане Жэцкі… пане Ігнацы!.. Што васпан вырабляе?.. З таго ж часу, калі мы апошні раз з панам бачыліся, адкрылі мы новы гатунак піва… Пастаў тут, каханы, і зайдзі заўтра, – дадаў ён, звяртаючыся да мурзатага кудлача.
На гэты заклік кудлаты чалавек у доўгім фартуху паставіў побач з умывальнікам кош даўгаватых бутэлек і тры куфлі. Потым ён знік, нібы істота з туману і паветра, а не цела вагою дзвесце фунтаў.
Пан Ігнацы здзівіўся, убачыўшы даўгаватыя бутэлькі, але ў гэтым здзіўленні не было і ценю прыкрасці.
– На міласць Боскую, што з панам робіцца? – загаварыў зноў радца, раскідваючы рукі, нібы хацеў абняць увесь свет. – Гэтак даўно не быў пан з намі, што Шпрот нават забыўся, як ты выглядаеш, а я падумаў, што набраўся заразы ты ад свайго прыяцеля, ад таго, што мае бзік…
Жэцкі спахмурнеў.
– Дык вось сёння, – правіў радца, – калі ў спрэчцы пра таго прыяцеля пана я выйграў у Дэклеўскага кош піва новае маркі, кажу Шпроту: а ведаеш што, возьмем піва ды пойдзем да старога, можа, хлапчына акрыяе духам… Што ж, нават не запрашаеш нас сесці?..
– Але ж прашу, прашу, – адказаў Жэцкі.
– І столік ёсць… – казаў радца, разглядаючы пакой, – і месца, бачу, зацішнае. Гэ! Мы сюды можам спаўзацца да хворага на адведзіны кожны вечар… Шпрот, дабудзь, сынку, адкаркоўнік ды бярыся за шклатару… Няхай пачцівы гаспадар пазнаёміцца з новай маркай…
– Які ж заклад выйграў пан радца? – спытаў Жэцкі, фізіяномія якога зноў пачала праясняцца.