Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Праз некалькі дзён пасля смерці Каца дабраліся мы да Турцыі, а два наступныя гады я ўжо адзін туляўся па Еўропе. Быў у Італіі, Францыі, Нямеччыне, нават у Англіі і паўсюль прыгнятала мяне нэндза і зводзіла са свету туга па радзіме. Не раз здавалася мне, што звар’яцею, слухаючы чужую мову і бачачы не нашы твары, не нашы ўборы, не нашу зямлю. Не раз здавалася – аддаў бы я жыццё, каб хоць зірнуць на хвойны лес і на хаты пад саламянымі стрэхамі. Не раз крычаў у сне, як дзіця: я хачу ў сваю старонку!.. А калі прачынаўся, плачучы, дык апранаўся і хутчэй бег на вуліцу, бо здавалася мне, што гэта вуліца абавязкова выведзе да Старога Мяста або Падваля.

Можа б, я і забіў сябе з адчаю, каб не рэгулярныя навіны пра Людвіка Напалеона, які ўжо стаў прэзідэнтам, а мерыўся стаць імператарам. Было мне лягчэй вытрываць галечу і апаноўваць выбухі роспачы, калі я слухаў пра трыумфы чалавека, што мусіў выканаць запавет Напалеона І ды ўпарадкаваць свет.

Не ўдалося яму, праўда, але ж ён пакінуў па сабе сына. Не адразу Кракаў пабудавалі!..

Нарэшце я не мог больш трываць, і ў снежні 1851 года праехаў уздоўж усю Галіцыю ды з’явіўся на мытні ў Тамашове105. Адна толькі думка не давала мне пакою: “А калі і адсюль выганяць?..”

Ніколі не забуду я тае радасці, якую адчуў, калі сказалі мне, што магу ехаць у Замосце. Праўду сказаць, нават не надта я і ехаў, а больш ішоў, але які быў усцешаны!

У Замосці прабавіўся я трохі больш за год106. А з тае прычыны, што добра сек дровы, кожны дзень выходзіў на свежае паветра. Напісаў я адтуль ліст да Мінцля і, здаецца, атрымаў ад яго адказ, нават грошы, але, за выключэннем квітанцыі пра атрыманне, ніякіх падрабязнасцяў не памятаю.

Падобна, аднак, Ясь Мінцаль зрабіў іншую рэч, хоць да самае смерці ён не згадваў пра гэта і нават не любіў размоў на гэту тэму. Дык вось, хадзіў ён да тых генералаў, якія ўдзельнічалі ў венгерскай кампаніі, і пераконваў іх, што мусяць яны ратаваць калегу з бяды. Ну і выратавалі мяне, так што ўжо ў лютым 1853 года я мог ехаць у Варшаву. Вярнулі мне нават афіцэрскі дыплом, адзіную памятку, якую я вынес з Венгрыі, не лічыўшы двух ранаў: у грудзі і ў нагу. Лепш за тое, афіцэры зладзілі ў мой гонар абед, на якім мы добра выпілі за здароўе венгерскае пяхоты. З тае пары я і кажу, што самыя моцныя сувязі завязваюцца на полі бою.

Як толькі пакінуў я свае апартаменты, голы, як біч, дык пераняў мяне на дарозе невядомы жыдок і аддаў грошы ды ліст. Я адкрыў яго і прачытаў:

“Мой каханы Ігнацы! Пасылаю табе дзвесце злотых на дарогу, пазней разлічымся. Едзь проста ў маю краму на Кракаўскім Прадмесці, а не на Падвалю, барані Божа! Бо там жыве гэты злодзей Франц, нібыта мой брат, якому нават прыстойны сабака не павінен падаваць руку. Цалую цябе, Ян Мінцаль. Варшава, 16 лютага 1853 г.

Але, але!.. Стары Рачак, што ажаніўся з тваёй цёткаю, дык, ведаеш, памёр ён, і яна таксама, але раней. Пакінулі яны табе нейкія свае транты і пару тысяч злотых. Усё гэта ў мяне захавана, толькі салопу цётчыну трохі моль пабіла, бо шэльма Каська забылася пакласці тытуню. Франц загадаў цябе пацалаваць. Варшава, 18 лютага 1853 г.”

Той самы жыдок забраў мяне да сябе дадому, дзе ўручыў клуначак з бялізнаю, адзеннем і абуткам. Ён накарміў мяне булёнам з гусі, потым гусяцінай варанай, потым -- печанай, якую я да Любліна не мог ператравіць. Нарэшце даў ён мне пляшку цудоўнага мёду, завёў да гатовае ўжо фурманкі, але нават слухаць не хацеў пра плату.

– Сорамна мне браць у такой асобы, што з эміграцыі вяртаецца, – адказваў ён на ўсе мае ўгаворы.

Толькі як хацеў я ўжо садзіцца на воз, ён адвёў мяне ўбок і, агледзеўшыся, ці не падслухоўвае хто, ціха сказаў:

– Калі пан дабрадзей мае венгерскія дукаты, дык я куплю. Я добра заплачу, бо мне трэба для дачкі, яна пасля панскага Новага году выходзіць замуж…

– Няма ў мяне дукатаў, – адказаў я.

– Пан дабрадзей быў на венгерскай вайне і пан не мае дукатаў?.. – здзівіўся ён.

Ужо паставіў я нагу на падножку фуры, як той самы жыдок пацягнуў мяне другі раз убок.

– Можа пан дабрадзей мае якія каштоўнасці?.. Пярсцёнкі, гадзіннікі, бранзалеткі?.. Здароўем клянуся, я добра заплачу, бо гэта для маёй дачкі…

– Не маю, браце, даю табе слова…

– Не мае пан? – паўтарыў ён і вытрашчыў вочы. – Дык навошта пан хадзіў у Венгрыю?..

Мы рушылі, а ён яшчэ стаяў, трымаючыся рукою за бараду, і са скрухаю хітаў галавою.

Фура была нанятая толькі для мяне. Аднак ужо ў наступнай вулачцы фурман спаткаў свайго брата, які меў надта пільную справу ў Красным Ставе.

– Няхай вяльможны пан дазволіць яго ўзяць, – прасіў ён, зняўшы шапку. – Дзе дарога будзе горшая, ён пешкі пойдзе.

Пасажыр сеў. Не паспелі даехаць мы да гарадское брамы, як стала перад намі на дарозе нейкая жыдоўка з клункам ды ўсчала лямант з фурманам. Аказалася, што гэта ягоная цётка, у якой у Файславіцах хворае дзіця.

– Можа вяльможны пан дазволіць ёй падсесці… Гэта вельмі лёгкая асоба… – прасіў фурман.

Перейти на страницу:

Похожие книги