Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Du lieber Gott! Es ist ja schon zehn Uhr109

Яна наліла мне кубак кавы, уручыла тры свежыя булкі і знікла, як звычайна. Тут моцна бразнулі парадныя дзверы, і ўбег Франц Мінцаль, яшчэ больш тоўсты і чырвоны, чым брат.

– Як маешся, Ігнацы!.. – закрычаў ён, хапаючы мяне ў абдымкі.

– Не цалуйся з гэтым ёлупам, які ганьбіць род Мінцляў!.. – загадаў мне Ян.

– Вой, вой! Што мне за род!.. – рагатаў Франц. – Наш бацька прыехаў на сабачай запрэжцы…

– Я не размаўляю з панам! – зароў Ян.

– І я не пану гэта кажу, а Ігнацыю, – адказаў Франц. – А наш дзядзька, – працягваў ён, – быў аж такім зацятым швабіскам, што з магілы вылез па свой начны каўпак, які яму забыліся пакласці.

– Абражаеш мяне, пан, ва ўласным доме! – выбухнуў Ян.

– Я прыйшоў не дадому да пана, а ў краму сёе-тое купіць… Віцек! – звярнуўся Франц да хлопца, – дай мне корак за грош. Толькі ў добрую паперу загарні… Да пабачэння, каханы Ігнацы, зазірні да мяне сёння ўвечары, дык пагаворым за чаркаю. А можа, і гэты пан з табою прыйдзе, – дадаў ён ужо з вуліцы, паказваючы рукою на пасінелага ад злосці Яна.

– Нагі маёй не будзе ў нягоднага шваба! – закрычаў Ян.

Гэта, аднак, не перашкодзіла нам разам пайсці ўвечары да Франца.

Дарэчы будзе прыгадаць, што не было і тыдня, каб браты Мінцлі не пасварыліся ды не памірыліся, прынамсі, раз ці два. Але, што цікава, прычыны сварак ніколі не тычыліся матэрыяльных спраў. Наадварот, нягледзячы на самыя вялікія непаразуменні, браты заўсёды былі адзін у аднаго паручыцелямі, пазычалі адзін аднаму грошы і плацілі адзін за аднаго даўгі. Прычыны палягалі ў іх характарах.

Ян Мінцаль быў рамантык і энтузіяст, а Франц – спакойны і бурклівы, Ян быў гарачы банапартыст, а Франц – рэспубліканец ды вораг Напалеона ІІІ. Нарэшце Франц Мінцаль прызнаваўся да нямецкага паходжання, у той час як Ян урачыста сцвярджаў, што Мінцлі паходзяць са старажытнага польскага роду Мянтусаў, які, можа, за Ягелонамі, а можа, за выбарнымі каралямі асеў паміж немцамі.

Досыць было келіха віна, каб Ян Мінцаль пачынаў грукаць кулаком па стале або і ў плечы сваіх суседзяў ды крычаць:

– Я адчуваю ў сабе старажытную польскую кроў!.. Мяне не магла нарадзіць немка!.. Маю, зрэшты, дакументы…

І асобам, якім ён найбольш давяраў, паказваў два старыя дыпломы, з якіх адзін меў дачыненне да нейкага Мадзялеўскага, варшаўскага купца за шведскім часам, а другі – да Мілера, касцюшкаўскага паручніка. Якая сувязь была паміж гэтымі асобамі і сям’ёю Мінцляў, я не ведаю да сённяшняга дня, хоць і не раз чуў тлумачэнні.

Нават з нагоды вяселля Яна паміж братамі ўсчалася сварка, бо Ян на гэтую ўрачыстасць падрыхтаваў кунтуш малінавага колеру, жоўтыя боты і шаблю, а Франц заявіў, што не дазволіць гэткага маскараду на шлюбе, нават каб давялося звярнуцца са скаргаю ў паліцыю. Пачуўшы гэта, Ян прысягнуў, што заб’е даносчыка, калі яго ўбачыць, ды прыбраўся ў строі сваіх продкаў Мянтусаў на вясельную вячэру. А Франц быў і на шлюбе, і на вяселлі, але хоць і не размаўляў з братам, але да знямогі скакаў з яго жонкаю, і да зморы напіваўся яго віном.

Нават смерць Франца, які ў 1856 годзе памёр ад карбункула, не абышлася без скандалу. За апошнія тры дні браты па два разы праклялі адзін аднаго і вельмі ўрачыста пазбавілі адзін аднаго спадчыны. Нягледзячы на гэта, Франц увесь свой маёнтак адпісаў Яну, а Ян некалькі тыдняў хварэў з гора і палову атрыманых у спадчыну грошай (каля дваццаці тысяч злотых) пераказаў нейкім тром сіроткам, якімі надта ж апекаваўся да канца жыцця.

Дзіўная была гэта сям’я!

Вось ізноў адхіліўся я ад тэмы: меўся пісаць пра Вакульскага, а пішу пра Мінцляў. Каб не адчуваў я сябе гэтак бадзёра, як пачуваюся зараз, дык падумаў бы, што такая балбатлівасць – сведчанне блізкае старасці.

Я хацеў сказаць, што ў паводзінах Стася Вакульскага шмат чаго не разумею, і кожны раз мне хочацца запытацца: навошта ўсё гэта?..

Дык вось, калі я вярнуўся ў краму, амаль кожны вечар збіраліся мы наверсе ў Grosmutter: Ян і Франц Мінцлі, а часам і Малгося Пфайфер. Малгося з Янам садзіліся ля вакна і, трымаючыся за рукі, пазіралі на неба, Франц піў піва з вялікага куфля (з цынкавым вечкам), старая вязала панчохі, а я апавядаў дзеі тых гадоў, праведзеных за мяжою.

Часцей за ўсё, вядома, згадвалася туга выгнання, цяжкасці жаўнерскага жыцця альбо бітвы. У такія хвіліны Франц выпіваў падвойныя порцыі піва, Малгося тулілася да Яна (да мяне ніхто так не туліўся), а Grosmutter губляла ў сваім вязанні вочка. Калі ж я заканчваў свой аповед, Франц уздыхаў, шырока рассеўшыся на канапе, Малгося цалавала Яна, Ян – Малгосю, а старая, хітаючы галавою, казала:

Jeasäs! Jeasäs!.. wie ist das schrecklich… Aber sag mir, lieber Ignaz, wozu also bist du denn nach Ungarn geganden?110

– Ну, хіба ж Grosmutter не разумее, што ён хадзіў у Венгрыю на вайну, – перабіваў яе, трацячы цярплівасць, Ян.

Але старая працягвала хітаць галавою і здзіўлена мармытала сабе пад нос:

Перейти на страницу:

Похожие книги