Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?111

– О! Бо ў Grosmutter толькі кава ды абед у галаве, – абураўся Ян.

Нават калі я расказаў пра апошнія хвіліны жыцця і страшную смерць Каца, і старая горка заплакала першы раз за ўвесь час, колькі я яе ведаў, яна, выцершы вочы і ўзяўшыся зноў за сваё вязанне, шаптала:

Merkwürdig!112Der Kaffee war ja immer gut und zu Mittag hat er sich doch immer vollgegessen… Warum hat er denn das getan?

Тое самае цяпер ледзь не штодня я кажу пра Стася Вакульскага. Пасля смерці жонкі ён меў спакойны кавалак хлеба, дык навошта было ехаць у Балгарыю? Зарабіў ён там столькі грошай, што мог пазбавіцца крамы, дык навошта пашырыў яе? Новая крама дае добры прыбытак, дык навошта ён стварае яшчэ нейкую суполку?..

Навошта ён зняў сабе вялізную кватэру? Навошта купіў каляску і коней? Навошта пнецца ў арыстакратыю і ўнікае купцоў, якія не могуць яму гэтага дараваць?..

А навошта яму клапаціцца пра фурмана Высоцкага або ягонага брата, пуцявога абходчыка? Навошта некалькім бедным чаляднікам заклаў ён майстэрні? Навошта ўзяў пад апеку нават распусніцу, якая хоць і жыве ў магдаленак, але моцна псуе яму рэпутацыю?..

А які спрытны… Даведаўся я на біржы пра замах Гёдля, вяртаюся ў краму і, гледзячы яму ў вочы, кажу:

– Ведаеш, Стасю, нейкі Гёдаль113 стрэліў у імператара Вільгельма…

А ён, нібы нічога ніякага, адказвае:

– Вар’ят.

– Але гэтаму вар’яту, – кажу я, – адсякуць галаву.

– І добра, – адказвае ён, – не будзе памнажаць род вар’яцкі.

І каб у яго хоць жылка на твары здрыганулася, дык не. Заняло мне мову ад яго абыякавасці.

Каханы Стасю, спрытнюга ты, але і ў мяне клёпкі ў галаве на месцы: я ведаю больш, чым тым ты думаеш, і засмучае мяне толькі тое, што не маеш ты да мяне даверу. Бо парада сябра і старога жаўнера магла б абараніць цябе шмат ад якіх глупстваў, калі не ад ганьбы…

Але што я тут буду выказваць уласныя меркаванні, няхай гавораць за мяне факты.

Напачатку мая перабраліся мы ў новую краму, у якой пяць прасторных залаў. У першым пакоі, злева, размяшчаюцца адны расійскія тканіны: паркаль, крэтон, ядваб і аксаміт. Другі пакой заняты напалову тымі ж тканінамі, а напалову – моднымі дадаткамі да ўбораў: капелюшамі, каўнерыкамі, гальштукамі, парасонамі. У цэнтральнай зале – элегантная галантарэя: бронза, маёліка, крышталь, слановая костка. У наступным пакоі, справа, знаходзяцца цацкі, таксама тут – драўляныя і металічныя вырабы, а ў апошнім пакоі – тавары з гумы і скуры.

Гэтак я ўсё ўпарадкаваў, не ведаю, ці добра, але Бог мне сведка, хацеў як лепей. Зрэшты, я пытаўся ў Стася Вакульскага, што ён мяркуе на гэты конт, але замест таго, каб нешта параіць, ён толькі паціснуў плячыма і ўсміхнуўся, нібыта кажучы: “Што мне да гэтага…”

Дзіўны чалавек! Прыйдзе яму ў галаву геніяльны план, ён выканае яго ў агульных рысах, але зусім не дбае пра дэталі. Ён загадаў перанесці краму, ён зрабіў яе цэнтрам гандлю расійскімі тканінамі і замежнаю галантарэяй, ён арганізаваў усё кіраванне. Але пасля гэтага не ўмешваецца ў справы крамы, а робіць візіты вялікім панам або ездзіць на сваёй калясцы ў Лазенкі114, або недзе знікае без следу, а ў краме паказваецца на нейкіх пару гадзін у дзень. Пры гэтым ён няўважлівы, знерваваны, нібыта чакае чаго або непакоіцца.

Але якое гэта залатое сэрца!

З сорамам прызнаюся, што мне крыху непрыемна было перабірацца ў новае памяшканне. З крамаю не бяда, бо мне нават больш падабаецца служыць у вялікім магазіне на ўзор парыжскіх, чым у такой крамцы, якою была наша папярэдняя. Шкада мне, аднак, было майго пакойчыка, у якім пражыў я дваццаць пяць гадоў. Кантракт меў я да ліпеня, дык да паловы мая сядзеў я ў сваім пакойчыку ды глядзеў на сцены, на краты, якія нагадвалі мне наймілейшыя хвіліны ў Замосці, на старыя рэчы.

“Як гэта ўсё зрушыць з месца, як мне з усім гэтым перабрацца, Божа мілы!..” – думаў я.

Аж аднаго дня, дзесьці ў сярэдзіне мая мая (з’яўлялася тады ўсё больш навінаў пра мір), Стась перад самым закрыццём крамы прыходзіць да мяне і кажа:

– Што ж, стары, самы час перабрацца ў новае памяшканне115.

Я адчуў, нібы ў мяне кроў застыла ў жылах. А ён правіць сваё:

– Пайшлі, пакажу табе новую кватэру, якую я зняў для цябе ў гэтым жа доме.

– Як гэта зняў? – пытаюся я. – Мне ж трэба яшчэ дамовіцца пра кошт з гаспадаром.

– Ужо заплачана! – адказвае ён.

Узяў мяне пад руку і вядзе праз тыльныя дзверы крамы ў сенцы.

– Але ж, – кажу я, – тут памяшканне занятае…

Замест адказу ён адчыніў дзверы з другога боку сенцаў… Уваходжу… Слова гонару – салон!.. Мэбля абцягнутая аксамітам, на сталах альбомы, на акне маёлікі… Пры сцяне бібліятэка…

– Маеш тут, – кажа Стась, паказваючы кніжкі ў прыгожых вокладках, – тры гісторыі Напалеона І, жыццё Гарыбальдзі і Кошыца, гісторыю Венгрыі…

Перейти на страницу:

Похожие книги