Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Прашу, аднак, уявіць сабе нашы твары, калі прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася… пра замах Нобілінга117 ў Берліне!.. Я думаў – утрупянею. Лісецкі з таго часу перастаў з мяне бессаромна кпіць і, горш за тое, ён цяпер выпытвае ў мяне палітычныя навіны…

Анягож! Страшным няшчасцем ёсць слава. Бо з таго часу, як Лісецкі пачаў звяртацца да мяне як да “паінфармаванага”, я страціў сон і рэшту апетыту… А што ж тады мусіць дзеяцца з маім бедным Стасем, які падтрымлівае пастаянныя стасункі з гэтым панам Колінсам і з гэтаю пані Мэлітан…

Божа міласэрны, барані нас!..

Калі ўжо я гэтак разбалбатаўся (далібог, ператвараюся ў пляткара), дык мушу дадаць, што ў нашай краме пануе нейкае нездаровае браджэнне. Апроч мяне маем мы яшчэ семярых крамнікаў (ці марыў пра нешта падобнае стары Мінцаль!), але не маем адзінства. Клейн і Лісецкі, як больш даўнія, трымаюцца адасоблена, а да рэшты калегаў ставяцца, не скажу пагардліва, але крыху фанабэрыста. Трое ж новых крамнікаў: галантарэйны, металічны і гумовы – таксама трымаюцца сваім хаўрусам, надзьмутыя і пахмурныя. Праўда, пачцівы Зэмба, жадаючы іх зблізіць, бегае ад старых да новых і ўвесь час іх угаворвае, але ў небаракі такая нешчаслівая рука, што пасля кожнае спробы пагадзіць іх між сабою антаганісты зіркаюць адзін на аднаго яшчэ больш коса.

Можа, каб наш магазін (а гэта дакладна магазін, ды яшчэ першакласны магазін!), дык вось, каб ён развіваўся паступова, каб мы кожны год бралі па адным крамніку, дык старыя прымалі б у сваё кола новага, і была б гармонія. Але як адразу прыбыло пяцёра новых, як адзін у аднаго блытаецца пад нагамі (бо за такі кароткі час немагчыма ані тавар раскласці належным чынам, ані акрэсліць кожнаму сферу яго абавязкаў), натуральна, здараюцца звады. Ну, але навошта мне крытыкаваць дзеянні гаспадара ды яшчэ такога чалавека, які мае больш розуму, чым усе мы разам…

У адным толькі салідарныя старыя ды новыя панове і нават дапамагае ім Зэмба, а менавіта ў тым, каб дапякаць сёмаму нашаму крамніку – Шлянгбаўму. Гэты Шлянгбаўм (я даўно яго ведаю) майсеевай веры, але чалавек прыстойны. Малы, чорны, згорблены, зарослы шчаціннем, словам, ні гроша не варты, калі сядзіць за прылаўкам. А ледзь пакажацца пакупнік (Шлянгбаўм працуе ў аддзеле рускіх тканін), Chrysteelejson!..118 Круціцца ён як круцёлка – толькі што быў на верхняй паліцы справа, а ўжо пры ніжняй пасярэдзіне і праз момант зноў недзе пад столлю злева. Як пачне кідаць рулоны, здаецца, гэта не чалавек, а паравая машына, як пачне раскручваць іх ды мераць, мне думаецца, што шэльма мае тры пары рук. Пры гэтым рахункавод ён ад Бога, а як пачне расхвальваць тавар, падказваць розныя ідэі, дагаджаць густу, усё гэта нязменна паважным тонам, дык, слова гонару, Мрачэўскі – у кут!.. Шкада толькі, што ён такі малы і брыдкі, мусім якога-небудзь прыгожага дурня даць яму ў дапамогу дзеля дам. Хоць каля прыгожага крамніка дамы і затрымліваюцца даўжэй, але менш тады капрызяць і не так гандлююцца.

(Да слова кажучы, няхай нас Бог мілуе ад дамскае кліентуры. Я, можа, таму і не наважваюся ажаніцца, што няспынна назіраю за дамамі ў краме. Пан Бог, ствараючы цуд прыроды, які завецца кабетаю, пэўна, не падумаў, якую прыкрасць ён робіць купцам.)

Дык вось, Шлянгбаўм, сапраўды, добры абывацель, а, нягледзячы на гэта, яго не любяць, бо ён мае няшчасце быць старазаконным…

Наогул, можа, з год ужо я заўважаю, што да старазаконных расце непрыязь119, нават тыя, хто некалькі гадоў таму называлі іх палякамі майсеевай веры, цяпер называюць іх жыдамі. А тыя, хто нядаўна захапляўся іх працавітасцю, упартасцю і здольнасцямі, цяпер бачаць толькі эксплуатацыю ды круцельства.

Слухаючы гэта, я часам думаю, што на чалавецтва апускаецца нейкі духоўны змрок, падобны да ночы. Удзень усё было прыгожае, вясёлае і добрае, уночы ўсё бруднае і небяспечнае. Так я сабе думаю, але маўчу, бо што значыць меркаванне старога крамніка супраць голасу знакамітых публіцыстаў, якія даводзяць, што жыды хрысціянскую кроў ужываюць на мацу120, і што яны павінны быць абмежаваныя ў правах. Нам кулі над галавою іншыя высвіствалі лозунгі, памятаеш, Кац?..

Гэткі стан рэчаў асаблівым чынам уплывае на Шлянгбаўма. Яшчэ летась гэты чалавек зваўся Шлянгоўскім, святкаваў Вялікдзень і Божае нараджэнне, і, пэўна, самы шчыры католік не з’еў столькі каўбасы, колькі ён. Памятаю, аднойчы ў цукерні ў яго запыталіся:

– Не любіш марозіва, пане Шлянгоўскі?

Ён адказаў:

– Я люблю толькі каўбасу, але без часныку. Часныку не выношу на дух.

Вярнуўся ён з Сібіры разам са Стасем і доктарам Шуманам ды адразу пайшоў працаваць у хрысціянскую краму, хоць жыды прапаноўвалі яму лепшыя варункі. З тае пары ён увесь час працаваў у хрысціян і толькі сёлета пазбавілі яго пасады.

Напачатку мая ён упершыню прыйшоў да Стася з просьбаю. Быў яшчэ больш скурчаны, і вочы ў яго былі яшчэ чырванейшыя, чым звычайна.

– Стаху, – сказаў ён пакорлівым голасам, – прападу я на Налеўках, калі ты мяне не прыгорнеш.

– Чаму ж ты адразу да мяне не прыйшоў? – запытаўся Стась.

Перейти на страницу:

Похожие книги