– Не насмельваўся… Баяўся, каб не казалі пра мяне, што жыд кругом улезе. І сёння б не прыйшоў, каб не клопат пра дзяцей.
Стах паціснуў плячыма і адразу прыняў Шлянгбаўма з заробкам паўтары тысячы рублёў у год.
Новы крамнік адразу прыступіў да працы, а праз паўгадзіны Лісецкі прамармытаў, звяртаючыся да Клейна:
– Адкуль гэта, да д’ябла, так часныком нясе, пане Клейн?..
А праз чвэрць гадзіны, зусім ужо не ведаю чаму, ён раптам дадаў:
– Як гэтыя шэльмы жыды ціснуцца на Кракаўскае прадмесце! Не могуць пархатыя пільнавацца адзін аднаго на Налеўках або на Свентакшыскай?121
Шлянгбаўм маўчаў, толькі дрыжалі ў яго чырвоныя павекі.
На шчасце, абедзве гэтыя зачэпкі чуў Вакульскі. Ён падняўся ад стала і сказаў тонам, які я, праўду кажучы, не люблю:
– Пане… пане Лісецкі! Пан Генрык Шлянгбаўм быў маім сябрам тады, калі было мне вельмі цяжка. Дык пан мае нешта супраць, каб ён заставаўся маім сябрам цяпер, калі мае справы палепшалі?..
Лісецкі зніякавеў, адчуваючы, што ягоная пасада ліпіць на валаску. Ён пакланіўся, нешта прамармытаў, і тады Вакульскі падышоў да Шлянгбаўма і, абняўшы яго, сказаў:
– Каханы Генрык, не бяры да галавы дробныя зачэпкі, бо мы тут па-сяброўску часам кпім адзін з аднаго. Запэўніваю цябе таксама, што калі табе і давядзецца пакінуць гэтую краму, дык, хіба, разам са мною.
Становішча Шлянгбаўма адразу было выразна акрэсленае, і цяпер хутчэй мне нешта скажуць (уга! нават абразяць), чым яму. Але ці вынайшаў хто спосаб, каб перажыць намёкі і крывыя позіркі?.. А гэта ўсё труціць жыццё бедачыне, які не раз казаў мне ўздыхаючы:
– Ах, каб не баяўся я, што дзеці зжыдзеюць, хвіліны не чакаючы ўцёк бы адсюль на Налеўкі…
– Чаму ж, пане Генрык, – спытаў я, – не возьмеш, да ліха, ды не ахрысцішся?..
– Я б зрабіў гэта даўней, але не цяпер. Цяпер я зразумеў, што як жыд я ненавісны толькі хрысціянам, а як мэхэс быў бы агідны і хрысціянам, і жыдам. Трэба ж з некім жыць. Зрэшты, – дадаў ён цішэй, – у мяне пяцёра дзяцей і багаты бацька, пасля якога застанецца спадчына…
Цікава. Бацька Шлянгбаўма ліхвяр, а сын, каб не браць у яго ні гроша, гаруе крамнікам.
Не раз сам-насам размаўляў я пра яго з Лісецкім.
– За што, – пытаюся я, – нападаеце вы на яго? Ён жа гаспадарыць па-хрысціянску, нават упрыгожвае елачку дзецям…
– Бо ён лічыць, – кажа Лісецкі, – што больш карысна есці мацу з каўбасою, чым нішчымную.
– Ён быў у Сібіры, рызыкаваў…
– Дзеля гешэфту… Дзеля гешэфту зваўся таксама Шлянгоўскім, а цяпер ізноў Шлянгбаўмам, бо ў ягонага старога астма.
– Вы кпілі з яго, – кажу я, – што ён прыбіраецца ў чужое пер’е, дык ён і вярнуўся да старога прозвішча.
– За якое атрымае тысяч сто рублёў па бацьку, – адказаў Лісецкі.
Цяпер і я паціснуў плячыма ды змоўк. Кепска называцца Шлянгбаўмам, кепска – Шлянгоўскім, кепска быць жыдам, кепска –
А між тым Стась мае з-за гэтага непрыемнасці. Бо ён не толькі прыняў у краму Шлянгбаўма, але яшчэ дае тавар жыдоўскім купцам і пару жыдкоў пусціў у суполку. Нашы крычаць і пагражаюць, але яго не напалохаеш, зацяўся і не саступае, хоць агнём яго прыпалі.
Чым усё гэта скончыцца, Божа мілы…
Але, але!.. Увесь час адступаючы ад тэмы, я забыўся на некалькі вельмі важных рэчаў. Маю на ўвазе Мрачэўскага, які з пэўнага часу альбо псуе ўсе мае планы, альбо свядома ўводзіць у зман.
Дзяцюк гэты быў звольнены за тое, што ў прысутнасці Вакульскага зганьбіў крыху сацыялістаў. Пазней, аднак жа, Стась, паддаўся на ўгаворы і адразу пасля Вялікадня выслаў Мрачэўскага ў Маскву, нават павялічыў яму заробак.
Не адзін вечар думаў я пра значэнне гэтага падарожжа ці высылкі.
Але калі праз тры тыдні Мрачэўскі прыехаў адтуль да нас выбіраць тавар, я адразу зразумеў план Стаха.
У фізічным плане гэты маладзён не надта змяніўся: як і раней, гаманкі і прыгожы, хіба крышачку схуднеў. Кажа, што Масква яму спадабалася, а перадусім кабеты, якія там больш дасведчаныя і гарачыя, але маюць затое менш забабонаў, чым нашы. Я таксама ў маладосці думаў, што ў кабетаў менш забабонаў, чым цяпер.
Усё гэта толькі ўступ. Бо Мрачэўскі прывёз з сабою трох вельмі падазроных індывідаў, называючы іх “