Я быў злосны, як д’ябал, і хацеў вылаяць хоць таго ж Мрачэўскага. Калі ж адцягнуў яго ад стала, здолеў, аднак, сказаць толькі:
– Ну і навошта ўсё гэта?..
– Навошта? – перапытаў ён, пазіраючы на мяне нецвярозымі вачыма. – Гэта дзеля панны Ленцкае…
– З глузду з’ехаў пан!.. Што дзеля панны Ленцкае?..
– Ну… гэтыя суполкі… гэтая крама… гэты абед… Усё дзеля яе… І я з-за яе вылецеў з крамы… – казаў Мрачэўскі, абапіраючыся на маё плячо, бо не трымаўся ўжо на нагах.
– Дык што, – пытаю я, хоць бачу, што ён зусім п’яны, – з-за яе з крамы вылецеў і з-за яе, можа, у Маскву трапіў?..
– Вяд… вядома… Шапнула слоўца, маленькае такое слоўца і… маю я на трыста рублёў больш… Робіць круцёлка са старым, што хоча…
– Ну, ідзі ўжо пан спаць, – сказаў я.
– Якраз спаць я і не пайду… Пайду да сваіх прыяцеляў… Дзе яны?.. Яны б з круцёлкаю хутчэй парадзілі… Не круціла б хвастом... як перад старым… Дзе мае прыяцелі?.. – загукаў ён.
Вядома, загадаў я завесці яго ў нумар наверсе. Аднак нешта мне падказвае, што ён толькі ўдаваў п’янага, каб увесці мяне ў зман.
Каля поўначы зала нагадвала трупярню або шпіталь: то аднаго, то другога трэба было цягнуць у нумар ці ў брычку. Нарэшце я знайшоў доктара Шумана, амаль цвярозага, і забраў яго да сябе на гарбату.
Доктар Шуман таксама старазаконны, але незвычайны гэта чалавек. Ён збіраўся нават ахрысціцца, бо закахаўся ў хрысціянку, але яна памерла, дык ён выкінуў з галавы гэты намер. Кажуць нават, што ён труціўся з гора, але яго выратавалі. Цяпер ён цалкам спыніў лекарскую практыку, мае шмат грошай і займаецца толькі доследамі ці то людзей, ці то іх валасоў. Малы, жоўты, позірк праніклівы, ад якога нічога не схаваеш. А з-за таго, што знаецца ён са Стахам здавён, дык павінен ведаць усе яго таямніцы.
Пасля шумнага абеду я быў неспадзявана ўстрывожаны і хацеў выцягнуць сёе-тое з Шумана. Калі ён нічога не распавядзе мне пра Стаха, дык ужо, хіба, ніколі і нічога я не даведаюся.
Калі мы прыйшлі да мяне дадому і падалі нам самавар, я запытаўся:
– Скажы мне, доктар, але шчыра, што ты думаеш пра Стаха?.. Бо ён мяне турбуе. Я бачу, што ўжо цэлы год ён кідаецца ў нейкія сапраўдныя авантуры… Гэта паездка ў Балгарыю, а цяпер гэты магазін… суполка… каляска… Дзіўна змяніўся яго характар…
– Я не бачу зменаў, – адказаў Шуман. – Ён заўсёды быў чалавекам чыну. Калі нешта прыходзіла яму ў галаву або ў сэрца, дык выконваў гэта адразу. Пастанавіў трапіць ва ўніверсітэт і трапіў, пастанавіў зарабіць маёнтак і зарабіў. Дык калі ён выдумаў нейкую недарэчнасць, таксама не адступіць і зробіць недарэчнасць капітальную. Такі ўжо характар.
– Пры гэтым, – не стрываў я, – шмат у яго паводзінах супярэчнасцяў…
– Нічога дзіўнага, – перапыніў мяне доктар. – Сплавілася ў ім два чалавекі: рамантык да году шасцідзясятага і пазітывіст з сямідзясятага. Тое, што ўсім здаецца супярэчлівым, для яго самога абсалютна лагічна.
– А ці не ўблытаўся ён у нейкую новую гісторыю?.. – запытаўся я.
– Не ведаю, – суха адказаў Шуман.
Я змоўк і толькі праз нейкі час зноў запытаўся:
– Што ж з ім, урэшце, будзе?..
Шуман узняў бровы і склаў на грудзях рукі.
– Будзе кепска, – адказаў ён. – Такія людзі або ўсё падпарадкоўваюць сабе, або, калі напаткаюць вялікую перашкоду, разбіваюць аб яе лоб. Дагэтуль яму шанцавала, але ж… няма чалавека, які б адно толькі выйграваў у жыцці…
– Дык?..— запытаўся я.
– Дык можам быць сведкамі трагедыі, – скончыў Шуман.
Ён выпіў шклянку гарбаты з лімонам і пайшоў да сябе.
Цэлую ноч я не мог заснуць. Такія страшныя прароцтвы ў дзень трыумфу…
Гэх! Стары Пан Бог больш ведае за Шумана, а Ён хіба не дазволіць, каб Стах прапаў…
СТАРЫЯ МРОІ І НОВЫЯ ЗНАЁМСТВЫ
Пані Мэлітан прайшла суровую школу жыцця, у якой навучылася нават ігнараваць агульнапрынятыя меркаванні.
У маладосці яна ад усіх чула, што прыгожая і добрая паненка і без пасагу мае шанец усё ж выйсці замуж. Была яна добрая і прыгожая, але замуж не выйшла. Пазней яна чула, таксама ад усіх, што адукаваную настаўніцу любяць выхаванцы і шануюць іх бацькі. Была яна адукаваная і нават здольная настаўніца, але, нягледзячы на гэта, выхаванцы ёй назалялі, а іхнія бацькі з яе кпілі ад першага сняданку і да вячэры. Яшчэ яна чытала шмат раманаў, і ў кожным даводзілася, што закаханыя князі, графы і бароны – людзі высакародныя, а ўзамен за сэрца яны маюць звычку аддаваць бедным настаўніцам руку. Неяк і яна аддала сваё сэрца маладому ды шляхетнаму графу, але – не атрымала ягонае рукі.
Яна ўжо мела больш за трыццаць гадоў, калі выйшла замуж за стараватага гувернёра Мэлітана, з адною толькі мэтаю, каб маральна падтрымаць чалавека, які паціху співаўся. Але малады пасля жаніцьбы піў больш, чым да жаніцьбы, а жонку, якая падтрымлівала яго маральна, здаралася, перыў кіем.
Калі ён памёр, падобна, на вуліцы, пані Мэлітан спачатку правяла яго на могілкі і пераканалася, што той надзейна закапаны, а потым узяла сабе сабаку, бо – зноў жа – ад усіх чула, што сабака – гэта самая ўдзячная істота. Сапраўды, ён і быў удзячным, пакуль не ашалеў ды не пакусаў служанку, ад чаго сама пані Мэлітан цяжка захварэла.