– На хвілінку. Няхай пан толькі ўявіць сабе, – працягваў князь сядаючы, – што я так назаляў нашым панам-братам… Ці добра я сказаў?.. Так іх пераследаваў, пакуль некаторыя не паабяцалі мне прыйсці і паслухаць праект панскае суполкі. Зараз жа я пана забіраю ці, хутчэй, забіраюся разам з панам і едзем да мяне.
Вакульскі адчуў нешта падобнае да таго, што адчувае чалавек, які з вялікае вышыні грымнуўся грудзямі аб зямлю.
Збянтэжанасць яго не засталася незаўважанай, князь усміхнуўся, прыпісваючы гэта радасці ад свайго візіту і запрашэння. Яму нават у галаву не прыйшло, што Вакульскаму больш важны можа быць шпацыр у Лазенках, чым усе князі і суполкі разам.
– Дык можам ісці? – спытаў князь, падымаючыся з фатэля.
Імгнення бракавала Вакульскаму, каб сказаць, што ён не паедзе і не жадае ніякіх суполак. Але ў той самы момант праскочыла ў яго думка:
“Шпацыр – гэта дзеля мяне, суполка – дзеля яе”.
Ён узяў капялюш і паехаў з князем. Яму здавалася, што каляска едзе не па бруку, а па ягоных уласных мазгах.
“Кабет не здабываць ахвярамі, а толькі сілаю, бадай, кулака…” – прыгадаў ён словы пані Мэлітан. Пад уплывам гэтага афарызма ён хацеў схапіць князя за каўнер ды выкінуць сярод вуліцы. Але гэта працягвалася ўсяго адно імгненне.
Князь, які непрыкметна назіраў за ім, бачыў, што Вакульскі то чырванее, то ледзь не зелянее, і думаў:
“Не спадзяваўся я, што спраўлю такую прыемнасць гэтаму пачціваму Вакульскаму. Так, трэба заўсёды падаваць руку новым людзям…”
У таварыскім коле князя называлі заўзятым патрыётам, амаль шавіністам, па-за таварыствам ён цешыўся рэпутацыяй аднаго з найлепшых абывацеляў. Ён вельмі любіў гаварыць па-польску, і нават змест яго французскіх прамоваў тычыўся публічных спраў.
Ён быў арыстакратам з галавы да пят: душою, сэрцам, крывёю. Ён верыў, што кожнае грамадства складаецца з двух матэрыялаў: звычайнага тлуму і абраных. Звычайны тлум быў творам прыроды і мог паходзіць нават ад малпаў, як гэта, насуперак Святому Пісанню, сцвярджаў Дарвін. Але класы абраныя мелі нейкі вышэйшы пачатак і паходзілі калі не ад багоў, дык, прынамсі, ад іх крэўных, такіх герояў, як Геркулес, Праметэй, у горшым выпадку – Арфей.
У князя быў прыяцель у Францыі – граф (моцна закрануты дэмакратычнаю заразаю), які кпіў з незямнога паходжання арыстакратыі.
– Мой кузіне, – казаў ён, – я мяркую, ты добра не ўяўляеш таго, што тычыцца родаў. Якія вялікія роды? Гэта тыя, у каго продкі былі гетманамі, сенатарамі, ваяводамі, або, па-цяперашняму, маршалкамі, раднымі ці прэфектамі дэпартаментаў. Ну, а мы ж такіх паноў ведаем, нічога ў іх няма надзвычайнага… Валэндаюцца, п’юць, гуляюць у карты, заляцаюцца да кабет, робяць даўгі – як рэшта смяротных, якія, часам, бываюць разумнейшыя за іх.
У князя на твары з’яўляліся чырвоныя плямы.
– Ці давялося табе, кузіне, – адказаў ён, – спаткаць калі-небудзь прэфекта або маршалка з выразам такое велічы, якую мы бачым на партрэтах нашых продкаў?..
– Што ж у гэтым дзіўнага, – рагатаў закрануты заразаю граф. – Мастакі надавалі партрэтам выраз, пра які і сніць не мог арыгінал, падобна, як геральдысты ды гісторыкі апавядалі пра іх казачныя легенды. Усё гэта падман, мой кузіне!.. Гэта толькі дэкарацыі і касцюмы, якія з аднаго Войтка робяць князя, а з іншага – парабка. У сапраўднасці і адзін, і другі толькі марныя акцёры.
– На глум, кузіне, няма рады! – злаваўся князь і ўцякаў.
Ён бег да сябе, клаўся на шэзлонг, закладаў за галаву рукі і, гледзячы ў столь, бачыў, як рухаліся па ёй постаці нялюдскага росту, сілы, адвагі, розуму, бескарыслівасці. Гэта былі продкі яго і графа, толькі вось граф адракаўся ад іх. Няўжо ў ім быў нейкі дамешак крыві?..
Тлумам звычайных смяротных князь не толькі не пагарджаў, але, наадварот, быў зычлівы, нават сутыкаўся з ім і цікавіўся яго патрэбамі. Ён уяўляў сябе адным з тых Прамятэяў, што маюць ганаровы абавязак дастаўляць на зямлю гэтым бедным людзям агонь з неба. Зрэшты, рэлігія загадвала яму прыхільна ставіцца да драбнаты, і князь пунсавеў ад думкі, што большасць таварыства стане некалі перад Божым Судом, не маючы такога кшталту заслугаў.
Дык каб самому ўнікнуць гэткага сораму, ён наведваў і нават збіраў у сябе дома розныя сесіі, выдаткоўваў па дваццаць пяць і па сто рублёў на розныя публічныя акцыі, а перадусім няспынна турбаваўся пра няшчаснае становішча краю і кожную сваю прамову сканчаў фразаю:
– Бо, панове, дбайма найперш пра тое, каб адрадзіць наш няшчасны край…
І пасля гэтых слоў ён адчуваў, як з сэрца ў яго спадае нейкі цяжар, тым большы, чым больш было слухачоў або чым больш грошай ён выдаткаваў.
Сабраць сесію, заахвоціць да дзейнасці і пакутаваць –няспынна пакутаваць з-за долі няшчаснага краю – вось, паводле ягонага меркавання, быў абавязак грамадзяніна. Каб у яго, аднак, запытацца, ці пасадзіў ён калі дрэва, цень ад якога бараніў бы людзей і зямлю ад спёкі, або ці прыняў ён калі з дарогі камень, які нявечыць коням капыты, ён бы шчыра здзівіўся.