Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Гэта шмат… вельмі шмат! – выгукнуў прыгорблены граф. – Калі навучымся шанаваць даходы на грош…

Тэк… Пенс з’яўляецца бацькам гінеі, – дадаў граф, стылізаваны пад англічаніна.

– Дзесяць тысяч рублёў, – працягваў Вакульскі, – гэта фундамент дабрабыту – сама мала – дваццаці сям’яў.

– Кропля ў моры, – буркнуў адзін з купцоў.

– Але ёсць яшчэ адна акалічнасць, – казаў далей Вакульскі, – якая, праўда, тычыцца толькі капіталістаў. У маім распараджэнні тавараў на тры-чатыры мільёны рублёў штогод…

– Падаю ў ногі! – прашаптаў маршалак.

– Гэта не мой маёнтак, – патлумачыў Вакульскі, – мой значна сціплейшы…

– Падабаюцца мне такія! – прамовіў прыгорблены граф.

Тэк… – дадаў англічанін.

– Гэтыя тры мільёны рублёў складаюць мой асабісты крэдыт і прыносяць мне вельмі малы працэнт, як пасярэдніку, – тлумачыў Вакульскі. – Аднак магу паведаміць, што пры замене крэдыту гатоўкаю прыбытак склаў бы ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў, а можа, і больш. Гэта можа зацікавіць тых паноў, хто трымае грошы ў банках пад нізкі працэнт. Грошы маюць у сваім абароце іншыя і атрымліваць з іх даходы. Дык я прапаную панам магчымасць непасрэднага іх выкарыстання і павелічэння ўласных даходаў. Я скончыў.

– Дасканала! – выгукнуў прыгорблены граф. – Аднак, ці не можна даведацца больш падрабязнасцяў?

– Іх я магу паведаміць толькі маім супольнікам, – адказаў Вакульскі.

– Я гатовы, – адказаў прыгорблены граф і падаў яму руку.

Тэк, – дадаў псеўда-англічанін, працягваючы Вакульскаму два пальцы.

– Мае панове! – азваўся лысы мужчына з групы шляхты, якая ненавідзела магнатаў. – Гаворыце вы тут пра гандаль паркалем, які нас зусім не цікавіць… Але, панове!.. – працягваў ён слёзным тонам, – мы маем тут збожжа ў засеках, мы маем тут акавіту на складах, на якой нажываюцца пасярэднікі гэткім чынам, што… аж слоў не хапае… нягодным…

Ён азірнуўся навокал. Група шляхты, якая пагарджала магнатамі, пачала яму апладзіраваць.

Твар князя ўжо не проста прамяніўся сціплаю радасцю, а ззяў бляскам сапраўднага натхнення.

– Але ж, панове! – загукаў ён. – Сёння мы абмяркоўваем гандаль тканінамі, а заўтра і паслязаўтра хто ж забароніць нам парадзіцца наконт іншых пытанняў? Дык я прапаную…

– Далібог, цудоўна гаворыць каханы наш князь, – закрычаў маршалак.

– Слухайма… слухайма! – падтрымаў яго адвакат, старанна дэманструючы, як ён намагаецца не даваць волі свайму захапленню.

– Дык, панове, панове, – працягваў узрушаны князь, – прапаную яшчэ наступныя сесіі: адну – у справе гандлю збожжам, другую – у справе гандлю акавітай…

– А крэдыт для землеўласнікаў? – запытаўся нехта з непрымірымае шляхты.

– Трэцюю – у справе крэдыту для землеўласнікаў, – згадзіўся князь. – Чацвёртую…

Тут ён запнуўся.

– Чацвёртую і пятую, – падхапіў адвакат, – прысвецім разгляду агульнае эканамічнае сітуацыі…

– Нашага няшчаснага краю, – скончыў князь ужо ледзь не са слязьмі на вачах.

– Панове! – голасна выгукнуў адвакат і выцер нос, акцэнтуючы сваю расчуленасць. – Ушануйма нашага гаспадара, знакамітага абывацеля, найшляхетнейшага з людзей…

– Дзесяць тысяч рублёў, далібог!.. – закрычаў маршалак.

– …уставаннем! – хутка скончыў адвакат.

– Брава!.. Няхай жыве князь!.. – загучалі воклічы пад акампанемент тупату ног і грукату крэслаў.

Група шляхты, што пагарджала арыстакратыяй, крычала гучней за ўсіх.

Князь пачаў абдымаць сваіх гасцей, зусім ужо не пануючы над сваёй узрушанасцю; яму дапамагаў адвакат, які цалаваў кожнага, а сам, не саромеючыся, плакаў. Некалькі чалавек акружыла Вакульскага.

– Уступаю з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў на пачатак, – казаў згорблены граф. – А праз год… пабачым…

– Трыццаць, пане… трыццаць тысяч рублёў, пане… Вельмі, пане… вельмі! – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля.

– І я трыццаць тысяч… тэк! – дадаў граф-англічанін, ківаючы галавою.

– А я дам у два… у тры разы больш, чым… каханы князь. Далібог! – сказаў маршалак.

Некалькі апанентаў з купецкае групы таксама падышлі да Вакульскага. Яны маўчалі, але іх позіркі былі ў сто разоў больш красамоўныя, чым словы.

Следам за імі наблізіўся да Вакульскага чалавек малады, мізэрны, з рэдзенькаю бародкаю і несумненнымі прыкметамі заўчаснае спарахнеласці. Вакульскі сустракаў яго на розных прадстаўленнях, зрэшты, і на вуліцы, калі таго везлі самыя хвацкія рамізнікі.

– Я – Марушэвіч, – сказаў выпетраны малады чалавек, лагодна ўсміхаючыся. – Прабачыць пан, што я прадстаўляюся гэтак бесцырымонна і, у дадатак, маю просьбу…

– Слухаю пана.

Маладзён узяў Вакульскага пад руку і павёў да вакна, кажучы:

– Адразу выкладваю карты на стол, з такімі людзьмі, як пан, нельга іначай. Я бедны, у мяне добрыя памкненні, і я хацеў бы знайсці занятак. Пан стварае суполку, ці не мог бы я працаваць пад кіраўніцтвам пана?

Вакульскі ўважліва глядзеў на яго. Прапанова, якую ён чуў, неяк не пасавала да лядашчага выгляду і неспакойнага позірку маладзёна. Вакульскі адчуў антыпатыю, але запытаўся:

– А што пан умее? Якая ў пана спецыяльнасць?

– Спецыяльнасці я, бачыць пан, яшчэ не выбраў, але ў мяне вялікія здольнасці і магу заняцца чым заўгодна.

– А на які заробак пан разлічвае?

Перейти на страницу:

Похожие книги