Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Тысячу… дзве тысячы рублёў… – адказаў заклапочаны маладзён.

Вакульскі міжвольна паківаў галавою.

– Я сумняюся, – адказаў ён, – што ў нас будуць пасады, якія адпавядаюць панскім патрабаванням. Няхай пан, аднак, зойдзе калі-небудзь да мяне.

Пасярэдзіне кабінета прыгорблены граф пачаў прамаўляць.

– Такім чынам, шаноўныя панове, – казаў ён, – у прынцыпе мы ўступаем у суполку, якую прапанаваў пан Вакульскі. Справа гэта, падаецца, добрая, і цяпер неабходна толькі абмеркаваць падрабязнасці і скласці акт. Дык запрашаю паноў, якія жадаюць быць удзельнікамі, да мяне заўтра ўвечары а дзявятай…

– Буду ў цябе, каханы граф, далібог, – азваўся таўстун маршалак, – і, можа, яшчэ прывяду табе колькі ліцвінаў, ну, але скажы мне, чаму мы павінны ўваходзіць у купецкія суполкі?.. Няхай бы ўжо самі купцы…

– Хоць бы таму, – горача адказаў граф, – каб не казалі, што мы нічога не робім, толькі стрыжэм купоны…

Князь папрасіў слова.

– Зрэшты, – сказаў ён, – мы маем у планах яшчэ дзве суполкі: для гандлю збожжам і акавітай. Хто не захоча належаць да аднае, можа належаць да другое… Апроч таго, запросім шаноўнага пана Вакульскага, каб ён пажадаў удзельнічаць і ў іншых нашых нарадах…

Тэк!.. – пацвердзіў граф-англічанін.

– І з уласцівым яму талентам меў ласку асвятляць пытанні, – скончыў адвакат.

– Я не ўпэўнены, што буду ў гэтых пытаннях карысны панам, – адказаў Вакульскі. – Меў, праўда, я дачыненні са збожжам і акавітаю, але гэта было ў выключных умовах. Важная там была колькасць і хуткасць дастаўкі, а не кошт… Я не знаюся, зрэшты, на тутэйшым гандлі збожжам.

– Будуць знаўцы, шаноўны пане Вакульскі, – супакоіў яго адвакат. – Яны прадставяць дэталі справы, якія пан меў бы ласку толькі ўпарадкаваць і растлумачыць з уласцівай яму геніяльнасцю…

– Просім… вельмі просім!.. – закрычалі графы, а за імі – яшчэ гучней – шляхта, што ненавідзела магнатаў.

Была ўжо пятая гадзіна, і прысутныя пачалі разыходзіцца. У гэты момант Вакульскі заўважыў, як з дальніх пакояў ідзе да яго пан Ленцкі ў таварыстве маладога чалавека, якога ён ужо бачыў побач з паннаю Ізабэлаю падчас квесты і на свянцоным у графіні. Паны спыніліся каля яго.

– Дазволь, пане Вакульскі, – звярнуўся да яго Ленцкі, – прадставіць табе пана Юльяна Ахоцкага. Наш кузін… трохі арыгінал, але…

– Я даўно ўжо хацеў пазнаёміцца і пагутарыць з панам, – сказаў Ахоцкі, паціскаючы руку.

Вакульскі моўчкі глядзеў на яго. Маладому чалавеку не было яшчэ і трыццаці, і ён, сапраўды, меў незвычайную фізіяноміяю. Здавалася, што ў яго рысы Напалеона першага, зацененыя воблакам рамантычнасці.

– У які бок пан накіроўваецца? – спытаў малады чалавек Вакульскага. – Магу пана суправаджаць.

– Навошта пану турбавацца…

– О, у мяне досыць часу, – адказаў малады чалавек.

“Чаго ён ад мяне хоча?” – падумаў Вакульскі, а ў голас прамовіў:

– Можам пайсці ў бок Лазенак…

– Чаму не, – згадзіўся Ахоцкі. – Я вярнуся яшчэ на момант, каб развітацца з князем, і даганю пана.

Ледзьве ён адышоў, як падхапіў Вакульскага адвакат.

– Віншую пана з поўным трыумфам, – сказаў ён напаўголаса. – Князь літаральна закаханы ў пана, абодва графы і барон таксама… Яны арыгіналы, як пан заўважыў, але маюць добрыя намеры… Хацелі б нешта рабіць, маюць нават розум і адукацыю, але… энергіі не хапае!.. Хвароба волі, пане: цэлы клас ёю заражаны… Усё маюць: грошы, тытулы, пашану, нават поспех у кабет, дык няма чаго ўжо і жадаць. Дык не маючы гэтае спружыны, пане Вакульскі, мусяць яны быць прыладаю ў руках людзей новых і амбітных… Мы, пане, мы яшчэ шмат чаго жадаем, – дадаў ён яшчэ цішэй. – Іх шчасце, што натрапілі на нас…

Вакульскі не адказваў яму ні слова, таму ў адваката закралася думка, што ён мае справу з вельмі дасведчаным дыпламатам, і ў душы ён ужо пашкадаваў, што быў занадта шчыры.

“Зрэшты, – думаў адвакат, скоса пазіраючы на Вакульскага, – хоць бы нават ён і пераказаў князю нашу размову, што з таго?.. Скажу, што хацеў яго выпрабаваць…”

“У якіх амбіцыях ён мяне падазрае?..” – сам сабе задаваў пытанне Вакульскі.

Ён развітаўся з князем, паабяцаў з гэтае пары бываць на ўсіх сесіях, выйшаў на вуліцу і адаслаў каляску дадому.

“Чаго ж трэба ад мяне гэтаму пану Ахоцкаму?” – думаў ён падазрона. – Ясна, што цікавіць яго панна Ізабэла… Можа, ён намерваецца адстрашыць мяне?.. Ёлупень… Калі яна яго кахае, дык не трэба яму і слова казаць, я сам адыду… Але, калі яна яго не кахае, дык няхай сцеражэцца, спрабуючы прыбраць мяне з дарогі… Здаецца, я гатовы зрабіць капітальную бязглуздзіцу ў жыцці, вядома, з-за панны Ізабэлы. Абы ён не трапіў пад руку, шкода хлопца…”

У браме пачуліся хуткія крокі, Вакульскі павярнуў галаву і ўбачыў Ахоцкага.

– Пан чакаў? Перапрашаю! – сказаў малады чалавек.

– Пойдзем у бок Лазенак? – спытаў Вакульскі.

– Чаму не.

Нейкі час яны ішлі моўчкі. Малады чалавек быў задумлівы. Вакульскі расцвелены.

Ён пастанавіў адразу ўхапіць быка за рогі.

– Пан з’яўляецца блізкім кузінам панства Ленцкіх? – запытаўся ён.

Перейти на страницу:

Похожие книги