Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Ён адчуваў і мысліў, прагнуў і пакутаваў – за мільёны. Толькі нічога ніколі не зрабіў ён карыснага. Яму здавалася, што няспыннае хваляванне за лёс усяго краю мае невымерна большую вартасць, чым узяць ды выцерці нос смаркатаму дзіцяці.

У чэрвені фізіяномія Варшавы ўвачавідкі мяняецца. Пустыя да гэтага гатэлі запаўняюцца і даражэюць, на шматлікіх будынках з’яўляюцца абвесткі: “Здаюцца апартаменты з мэбляю на некалькі тыдняў”. Усе брычкі занятыя, усе пасланцы некуды бягуць. На вуліцах, у парках, у тэатрах, у рэстаранах, на выставах, у крамах і магазінах дамскіх строяў з’яўляюцца постаці, якія не спаткаць тут у іншы час. Гэта мажныя і асмуглыя мужчыны ў сініх з казырком шапках, у вялізных чаравіках, у цесных пальчатках, у касцюмах вымыслу правінцыйнага краўца. Іх суправаджаюць грамадкі дам, якія не адзначаюцца прыгажосцю або варшаўскім шыкам, а таксама гэткія ж грамадкі цельпукаватых разявакаў дзяцей, ад якіх патыхае здароўем.

Адны з вясковых гасцей прыязджаюць сюды з воўнаю на кірмаш, другія – на скачкі, іншыя – каб паглядзець на воўну і на скачкі, тыя – дзеля спаткання з суседзямі, ад якіх дома аддзяляе іх нейкая вярста дарогі, гэтыя – каб асвяжыцца ў сталіцы мутнаю вадою ды пылам, а нехта пакутуе некалькі дзён у дарозе, сам не ведаючы навошта.

Падобным з’ездам скарыстаўся князь, каб зблізіць Вакульскага з землеўласнікамі.

Князь на другім паверсе свайго палаца меў вялікія ўласныя пакоі. Частка з іх – кабінет гаспадара, бібліятэка і курыльня – былі месцам мужчынскіх сходаў, на якіх князь прадстаўляў свае або чужыя праекты, што тычыліся публічных спраў. Здаралася гэта па некалькі разоў на год. Апошняя веснавая сесія нават была прысвечаная пытанню шрубавых суднаў на Вісле, пры гэтым вельмі выразна акрэсліліся тры партыі. Першая – з князя і яго асабістых прыяцеляў – патрабавала гэтых суднаў, а другая, мяшчанская, прызнаючы, у прынцыпе, прыгажосць праекту, лічыла яго, аднак, несвоечасовым, і не хацела даваць на гэта грошы. Трэцяя партыя складалася толькі з двух асобаў: аднаго тэхніка, які сцвярджаў, што шрубавыя судны не могуць плаваць па Вісле, і аднаго глухаватага магната, які на ўсе звароты, скіраваныя да яго кішэні, адказваў так:

– Прашу гучней, бо я нічога не чую.

Князь з Вакульскім прыехалі а першай, а праз чвэрць гадзіны пачалі сыходзіцца і з’язджацца іншыя ўдзельнікі сесіі. Князь вітаў кожнага ласкава і нязмушана, прадстаўляў ім Вакульскага, а потым падкрэсліваў госця ў спісе запрошаных вельмі доўгім і вельмі чырвоным алоўкам.

Адным з першых гасцей быў пан Ленцкі, ён адвёў Вакульскага ўбок і яшчэ раз распытаў яго пра мэту і сэнс суполкі, да якое гарнуўся ўжо ўсёй душою, але за клопатамі не мог запомніць ніякіх падрабязнасцяў пра яе. Тым часам іншыя панове прыглядаліся да чужынца і напаўголаса абмяркоўвалі яго.

– Мацак! – шапнуў таўсматы маршалак, падміргваючы ў бок Вакульскага. – Шчаціна на галаве, як у кабана, грудзіна – падаю да ног! Вока пільнае… Гэты б на паляванні быў нястомны!

– І твар, пане… – дадаў барон з фізіяноміяй Мефістофеля. – Чало, пане, вус, пане… малая гішпанка, пане… Зусім, пане… зусім… Рысы крыху, пане… але наогул, пане…

– Пабачым, які ён будзе ў справе, – дадаў крыху прыгорблены граф.

– Увішны, рызыкоўны, тэк, – азваўся, нібы са студні, другі граф, які сядзеў выпрастаны на крэсле, насіў вялікія фаварыты і парцалянавымі вачыма глядзеў проста перад сабою, як англічанін з “Journal Amusant125.

Князь прыўзняўся з фатэля і адкашляўся, сход прымоўк, дзякуючы чаму ўсе пачулі канец апавядання маршалка:

– Глядзім мы на лес, а тут нешта пішчыць пад капытамі. Уяві сабе, васан дабрадзей, хорт, ідучы пры конях на прывязі, задушыў у разоры русака!..

Пры гэтых словах маршалак пляснуў вялізнай далонню па сцягне, з якога мог бы выкраіць сабе сакратара і ягонага памочніка.

Князь кашлянуў другі раз, маршалак збянтэжыўся і вялізнаю шаўковаю насоўкаю абцёр спатнелы лоб.

– Шаноўныя панове, – пачаў князь. – Наважыўся я патурбаваць шаноўных паноў у пэўнай… надта важнай справе публічнай, якая, як мы ўсе гэта адчуваем, павінна заўсёды стаяць на варце нашых публічных спраў… Хацеў сказаць… нашых ідэяў… то бок…

Князь, падобна, сумеўся, але хутка авалодаў сабою і працягваў:

– Гаворка пра спра… то бок, пра план, а хутчэй… праект стварэння суполкі для спрыяння ў гандлі…

– Збожжам, – падаў голас нехта з кутка.

– Уласна кажучы, – працягваў князь, – гаворка не пра гандаль збожжам, а…

– Акавітаю,  – паспешліва падказаў той самы голас.

– Але ж, не!.. Пра гандаль, а хутчэй, пра спрыянне ў гандлі паміж Расіяй і замежжам таварамі, ну… таварамі… Бо наш горад адпавядае, каб стаць цэнтрам гэтакага…

– А што ж гэта за тавары? – запытаўся прыгорблены граф.

– Прафесійныя падрабязнасці мае ласку растлумачыць нам пан Вакульскі, чалавек… чалавек прафесійны, – закончыў князь. – Памятайма, аднак, панове, пра абавязкі, якія на нас накладае клопат пра справы публічныя і гэты няшчасны край…

– Далібог, зараз жа даю дзесяць тысяч рублёў!.. – выгукнуў маршалак.

– На што? – спытаў граф, які ўдаваў аўтэнтычнага англічаніна.

Перейти на страницу:

Похожие книги