Читаем ЛЯЛЬКА полностью

У Лазенках ён выскокваў з каляскі і шыбаваў да става, дзе звычайна шпацыравала графіня, якая любіла карміць лебедзяў. Прыходзіў ён заўчасна і таму падаў дзесьці на лаўку, заліты халодным потам, ды сядзеў там нерухома, з вачыма, скіраванымі ў бок палаца, забываючыся пра ўсё на свеце.

Нарэшце ў канцы алеі паказаліся дзве жаночыя фігуры, чорная і шэрая. Вакульскаму кроў бухнула ў галаву.

“Яны!.. Ці ж спыняць яны мяне?..”

Ён падняўся з лаўкі і пайшоў ім насустрач, як лунацік, амаль не дыхаючы. Так, гэта панна Ізабэла, яна вядзе цётку і пра нешта з ёю размаўляе.

Вакульскі глядзіць на яе і думае:

“Ну і што ж у ёй надзвычайнага?.. Кабета, як усе іншыя… Здаецца, няма чаго з-за яе вар’яцець…”

Ён пакланіўся, пані пакланіліся ў адказ. Ідзе далей, не паварочваючы галавы, каб не выдаць сябе. Нарэшце ён азіраецца: абедзве пані зніклі сярод зеляніны.

“Вярнуся,  – думае ён,  – пагляджу яшчэ раз… Не, няможна!”

І ён адчувае ў гэту хвіліну, што бліскучая вада ў ставе прыцягвае яго з непераадольнаю сілаю.

“Ах, каб ведаць, што смерць – гэта забыццё… А калі гэта не так?.. Не, у прыродзе няма міласэрнасці… Хіба можна ў беднае чалавечае сэрца ўліваць гэткую бязмерную тугу і не даваць нават пацяшэння, што смерць – гэта небыццё?”

Амаль у той самы час графіня казала панне Ізабэле:

– Усё больш і больш пераконваюся, Бэла, што грошы не даюць шчасця. Гэты Вакульскі зрабіў цудоўную, як для яго, кар’еру, але – што з таго? Ужо не займаецца крамаю, а нудзіцца ў Лазенках. Заўважыла, які ў яго панылы твар?

– Панылы? – перапытала панна Ізабэла. – Мне ён здаецца перадусім смешным.

– Я гэтага не прыкмеціла, – здзівілася графіня.

– Дык… непрыемным, – паправілася панна Ізабэла.

Вакульскі не меў адвагі выйсці з Лазенак. Ён хадзіў па другім беразе става і здалёк прыглядаўся да шэрае сукенкі, якая мільгала сярод дрэваў. Толькі праз нейкі час ён заўважыў, што прыглядаецца ажно да дзвюх шэрых сукенак і да трэцяе – блакітнае, і што аніводная з іх не належыць панне Ізабэле.

“Дурань несусветны,” – падумаў ён.

Але лягчэй ад гэтага не стала.

Аднаго дня, у першай палове чэрвеня, пані Мэлітан дала знаць Вакульскаму, што заўтра апоўдні панна Ізабэла будзе на шпацыры з графіняй і – са старшынёвай. Гэта дробная акалічнасць магла мець вельмі важнае значэнне. Бо Вакульскі ад таго незабыўнага Вялікадня некалькі раз наведаў старшынёву і ўпэўніўся, што старая вельмі зычліва да яго ставіцца. Звычайна ён слухаў яе аповеды пра даўнія часы, размаўляў з ёю пра свайго дзядзьку, яны нават дамовіліся пра надмагілле для яго. Невядома, якім чынам у гэтае абмеркаванне ўблыталася імя панны Ізабэлы ды так нечакана, што Вакульскі не здолеў схаваць узрушанасці, твар яго змяніўся, голас зрабіўся глухі.

Старая прыклала пенснэ да вачэй, прыгледзелася да Вакульскага і спытала:

– Ці мне здаецца, ці панна Ленцкая неабыякавая табе?

– Я амаль не ведаю яе… Размаўляў з ёю адзін раз у жыцці, – збянтэжана апраўдваўся Вакульскі.

Старшынёва задумалася і, ківаючы галавою, шапнула:

– Ага…

Вакульскі развітаўся з ёю, але гэтае “ага…” запала яму ў душу. У любым выпадку ён быў пэўны, што старшынёва не вораг яму. І вось, не прайшло і тыдня пасля тае размовы, як ён даведаўся, што старшынёва едзе з графіняю ды паннаю Ізабэлай на шпацыр у Лазенкі. Няўжо яна даведалася, што пані часам сустракаюць яго там?.. А можа, яна хоча іх зблізіць?..

Вакульскі зірнуў на гадзіннік, была трэцяя гадзіна дня.

“Дык тая раніца, – падумаў ён, – праз гадзін… дваццаць чатыры… Не, не так… Праз колькі ж гэта?..”

Ён не мог падлічыць, колькі гадзін міне ад сённяшняе трэцяе да заўтрашняе першае. Яго ахапіў непакой, абедаць ён не стаў, фантазія ляцела наперад, але цвярозы розум стрымліваў яе.

“Пабачым, што будзе заўтра. А раптам дождж або каторая з паняў захварэе?”

Ён выбег на вуліцу і, блукаючы без мэты, паўтараў:

“Ну, пабачым, што будзе заўтра… А можа, яны не спыняць мяне?.. Зрэшты, панна Ізабэла – прыгожая панна, дапусцім, нават надзвычай прыгожая, але толькі панна, не звышнатуральная з’ява. Тысячы таксама вельмі нябрыдкіх ходзяць па свеце, ды і я не збіраюся трымацца зубамі за адну спадніцу. Адштурхне мяне?.. Добра! Дык з яшчэ большым імпэтам кінуся ў абдымкі іншае…”

Увечары ён пайшоў у тэатр, але выседзеў там толькі да канца першага акта. Ізноў туляўся па горадзе, і крок у крок ішла за ім думка пра заўтрашні шпацыр і цьмянае прадчуванне, што заўтра ён наблізіцца да панны Ізабэлы.

Мінула ноч. Ранак. А дванаццатай ён загадаў запрагаць каляску. Напісаў цыдулку ў краму, што прыйдзе пазней, і падраў, надзяваючы, пару пальчатак. Нарэшце ўвайшоў слуга.

“Коні гатовыя!” – мільганула ў Вакульскага.

Ён працягнуў руку па капялюш.

– Князь!.. – абвясціў слуга.

У Вакульскага пацямнела ў вачах.

– Прасі.

Князь увайшоў.

– Дзень добры, пане Вакульскі, – прывітаўся ён. – Пан некуды едзе? Напэўна, на склады або на чыгунку. Але нічога не атрымаецца. Я арыштую пана і забяру да сябе. Буду нават такі няветлівы, што закватарую ў калясцы пана, бо сваёй сёння я не ўзяў. Аднак я ўпэўнены, што пан мне ўсё прабачыць з увагі на цудоўныя навіны.

– Зробіць князь ласку прысесці?

Перейти на страницу:

Похожие книги