А калі ж у дадатак выклаў мне Мрачэўскі сваю тэорыю пра абагульненне жонак, дык адразу цюкнула мне ў галаву:
“Стах нігіліст і Мрачэўскі нігіліст… Няхай толькі першы ажэніцца, дык другі зараз жа зоймецца абагульненнем… Але ж шкада такое кабеты для гэткага Мрачэўскага”.
У канцы мая Вакульскі пастанавіў асвяціць наш магазін. Пры нагодзе я заўважыў, як змяніўся час… У маёй маладосці купцы таксама асвячалі крамы, клапоцячыся пра тое, каб запрасіць на цырымонію пачцівага і пабожнага ксяндза, каб пад рукою была аўтэнтычная святая вада, новае крапідла і арганіст, добра абазнаны ў лаціне. А пасля сканчэння абраду, падчас якога пакропленая і замоленая была амаль кожная шафа і кожная штука тавару, над парогам крамы прыбівалі падкову, каб яна прываблівала пакупнікоў, і ўжо тады толькі ўспаміналі пра пачастунак, які звычайна складаўся з кілішка гарэлкі, каўбасы ды піва.
А цяпер (як бы паглядзела на гэта пакаленне старога Мінцля!) галоўнае пытанне: колькі трэба кухараў і лёкаяў, а потым – колькі бутэлек шампанскага, колькі венгерскага і які абед? Бо абед цяпер самае важнае ў гэтай урачыстасці, і запрошаныя гэтым найбольш цікавяцца: не хто будзе свяціць, а што пададуць на стол…
Напярэдадні цырымоніі зайшоў у нашу краму нейкі ягамосць – прысадзісты, потны, пра якога я не мог бы сказаць, ці каўнерык брудзіць яму шыю, ці – наадварот. З кішэні выцертага сурдуту выцягнуў ён тоўсты нататнік, пасадзіў на нос заплямленае пенснэ і пачаў расхаджваць па залах з такім выглядам, што я ўстрывожыўся.
“Што за д’ябал, – думаю я сабе, – ці гэта з паліцыі, ці, можа, нейкі сакратар каморніка перапісвае нашу маёмасць?..”
Два разы я заступаў яму дарогу, бо хацеў самым ветлівым чынам запытацца: чаго ён жадае? Але першы раз ён прамармытаў: “Прашу не перашкаджаць!”, а другі раз бесцырымонна адсунуў мяне ўбок.
Непакой мой павялічыўся, калі я заўважыў, што некаторыя з нашых паноў кланяліся яму надта ветліва, нібы дырэктару банка, ды ахвотна яму ўсё тлумачылі.
“Ну, – кажу я сабе, – гэты небарака, хіба, не з таварыства страхавога. Такіх абадранцаў там не трымаюць…”
Нарэшце Лісецкі шапнуў мне, што гэты пан надта знакаміты рэпарцёр, і што ён будзе пісаць пра нас у газетах. Палагаднела мне на сэрцы ад думкі, што магу ўбачыць у друку сваё прозвішча, якое толькі раз фігуравала ў “Паліцэйскай газеце”, калі я згубіў сваю кніжачку124
. Адразу я заўважыў, што ўсё ў гэтага чалавека было вялікае: вялікая галава, вялікі нататнік і нават вельмі вялікая латка на левым чаравіку.А ён усё хадзіў з залы ў залу, надзьмуты як індык, і ўсё пісаў ды пісаў… Нарэшце ён азваўся:
– Ці не было нядаўна ў паноў якога-небудзь выпадку?.. Невялікага пажару, крадзяжу, ашуканства, скандалу?..
– Барані Божа! – насмеліўся я перапыніць яго.
– Шкада, – адказаў ён. – Найлепшаю рэкламаю краме было б, каб у ёй нехта павесіўся…
Абамлеў я, калі пачуў гэткае пажаданне.
– Можа, пан дабрадзей пажадаў бы выбраць сабе нейкі прадмецік, які мы дашлем без прэтэнзіі… – наважыўся я прапанаваць з паклонам.
– Хабар?.. – запытаўся ён, пазіраючы на мяне, як статуя Каперніка. – Маем звычку, – дадаў ён, – купляць тое, што нам падабаецца, прэзентаў ні ад каго не прымаем.
Ён сярод магазіна надзеў на галаву свой заплямлены капялюш і з рукамі ў кішэнях, як міністр, выйшаў. Нават на другім баку вуліцы бачыў я ягоную латку.
Вяртаюся да цырымоніі асвячэння. Галоўная ўрачыстасць – абед – адбылася ў вялікай зале гатэля Еўрапейскага. Залу ўпрыгожылі кветкамі, вялізныя сталы паставілі паўколам, замовілі музыку, і а шостай увечары сабралася больш за сто пяцьдзясят асобаў. Каго там толькі не было! Пераважна купцы ды фабрыканты з Варшавы, з правінцыі, з Масквы… Уга! Нават з Вены ды Парыжу. Знайшлося таксама двое графоў, адзін князь і шмат шляхты. Пра трункі і не ўспамінаю, бо нават не ведаю, чаго там было больш: лістоты на раслінах, якія аздаблялі залю, ці бутэлек.
Каштавала нам гэта бяседа больш за тры тысячы рублёў, але від гэткае колькасці адначасова працуючых сківіц выклікаў захапленне. А калі падняўся князь і выпіў за здароў’е Стаха, калі зайграла музыка – не скажу, якую мелодыю, але вельмі прыгожую – і сто пяцьдзясят чалавек разам выгукнула “Жыве!”, я не мог стрымацца ад слёз. Падбег да Вакульскага і, абдымаючы яго, ціха прамовіў:
– Бачыш, як яны цябе любяць…
– Шампанскае яны любяць, – сказаў ён.
Я заўважыў, што да віватаў ён зусім абыякавы. Твар яго заставаўся пахмурны, нават тады, калі адзін з прамоўцаў (мусіць, гэта быў літаратар, бо прамаўляў ён доўга і без сэнсу) сказаў – не ведаю ўжо, ад свайго імя ці ад імя Вакульскага – што гэта самы лепшы дзень у ягоным жыцці.
Я заўважыў, што Стах найбольш завіхаецца каля пана Ленцкага, які перад сваім банкруцтвам аціраўся, падобна, пры еўрапейскіх дварах… Заўсёды гэта няшчасная палітыка!..
Напачатку банкет быў вельмі ўрачысты, раз-пораз нехта з бяседнікаў падымаўся і гаварыў так, нібы словамі хацеў разлічыцца за выпітае віно і з’едзеныя стравы. Але чым больш выносілі пустых бутэлек, тым далей ад гэтае грамады ўцякаў рэспект, а пад канец зрабілася гэтак тлумна, што не чутно ўжо стала музыкі.