Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Паўгода ляжала яна ў шпіталі, у асобным пакоі, самотная і забытая сваімі выхаванцамі, іх бацькамі і графамі, якім яна аддавала сэрца. Часу падумаць хапала. А калі яна выйшла адтуль – зблажэлая, састарэлая, з пасівелымі і рэдкімі валасамі – ізноў усе кругом загаварылі, што хвароба змяніла яе да непазнавальнасці.

– Паразумнела, – адказвала пані Мэлітан.

Не была яна ўжо настаўніцаю, але рэкамендавала настаўніц, не думала сама пра замужжа, але сватала маладыя пары, нікому не аддавала свайго сэрца, але спрыяла спатканням закаханых у сябе дома. А з тае прычыны, што ўсе і за ўсё мусілі ёй заплаціць, дык было ў яе трохі грошай, на якія яна і жыла.

Напачатку новае кар’еры была яна змрочная і нават цынічная.

– Ксёндз, – казала яна некаторым у даверлівай размове, – мае прыбыткі са шлюбаў, я – з заручын. Граф… бярэ грошы за спрыянне ў спароўванні коней, я – за спрыянне ў тым, каб спазналіся людзі.

З часам, аднак, яна стала больш стрыманая на язык, а, здаралася, і маралізавала, бо заўважыла, што агучванне агульнапрынятых меркаванняў і поглядаў уплывае на павелічэнне даходаў.

Пані Мэлітан здаўна ведала Вакульскага. А з-за таго, што яна любіла публічныя відовішчы і мела звычку сачыць за ўсім, што робіцца навокал, дык вельмі хутка заўважыла, як набожна пазірае Вакульскі на панну Ізабэлу. На гэтае адкрыццё яна толькі паціснула плячыма. Якая была ёй справа да галантарэйнага купца, закаханага ў панну Ленцкую? Каб ён упадабаў сабе нейкую багатую купцоўну або дачку фабрыканта, пані Мэлітан мела б матэрыял для сватаўства. А так!..

Але ж калі Вакульскі вярнуўся з Балгарыі і прывёз капітал, пра які апавядалі цуды, пані Мэлітан сама закінула слова пра панну Ізабэлу, прапануючы свае паслугі. І паўстала маўклівая дамова: Вакульскі шчодра плаціў, а пані Мэлітан збірала для яго розную інфармацыю пра сям’ю Ленцкіх і пра знаёмых ім асобаў з вышэйшага свету. Яе стараннямі Вакульскі нават набыў вэксалі Ленцкага і срэбра панны Ізабэлы.

З гэтае нагоды пані Мэлітан прыйшла да Вакульскага дадому, каб павіншаваць.

– З розумам бярэшся, пан, за справу, – сказала яна. – Праўду кажучы, ад срэбра і сервізу мала будзе карысці, але скупіць вэксалі Ленцкага – гэта шэдэўр… Відаць купца!..

Пачуўшы гэткую пахвалу, Вакульскі адчыніў стол, пашукаў там і дастаў некалькі вэксаляў.

– Яны? – запытаўся ён і даў паглядзець пані Мэлітан.

– Так. Каб мне такія грошы!.. – адказала яна, уздыхаючы.

Вакульскі ўзяў паперыны і разадраў іх.

– Відаць купца?.. – спытаў ён.

Пані Мэлітан дапытліва зірнула на яго і, ківаючы галавою, прамармытала:

– Шкада пана.

– Чаму ж гэта, хацеў бы я ведаць?..

– Шкада пана, – паўтарыла яна. – Я сама кабета і ведаю, што кабет здабываюць не ахвярамі, а сілаю.

– Сапраўды?

– Сілаю прыгажосці, здароўя, грошай…

– Розуму… – дадаў Вакульскі ёй у тон.

– Не так розуму, як кулака, – працягвала пані Мэлітан са з’едліваю ўсмешкаю. – Я добра ведаю, на што здольны наш пол, і не раз мела выпадак паспачуваць мужчынскай наіўнасці.

– Што да мяне, дык няхай пані не турбуецца.

– Думаеш, пан, не спатрэбіцца? – спытала яна, гледзячы яму ў вочы.

– Літасцівая пані, – адказаў Вакульскі, – калі панна Ізабэла такая, як мне здаецца, дык, можа, яна мяне некалі ацэніць. А калі яна не такая, расчаравацца я заўсёды паспею…

– Зрабі гэта хутчэй, пане Вакульскі, зрабі хутчэй, – прамовіла пані Мэлітан, падымаючыся з крэсла. – Бо, павер мне, лягчэй выкінуць тысячы з кішэні, чым адну прывязанасць з сэрца. Асабліва, калі тая ўжо пусціць карані. І не забудзься, пан, – дадала яна, – добра ўладкаваць мой капіталік. Не разадраў бы ты некалькі тысяч, каб ведаў, як цяжка іх часам бывае зарабіць.

У маі і ў чэрвені візіты пані Мэлітан сталі больш частымі, што трывожыла Жэцкага, які падазраваў змову. І ён не памыляўся. Была змова, але супраць панны Ізабэлы. Зводніца дастаўляла Вакульскаму важную інфармацыю, але тычылася тая толькі панны Ізабэлы, а менавіта: яна паведамляла, у якія дні графіня выбіраецца са сваёю пляменніцаю на шпацыр у Лазенкі.

Тады пані Мэлітан забягала ў краму і, забяспечыўшы сабе ўзнагароду ў выглядзе нейкае драбязы коштам у некалькі або і некалькі дзясяткаў рублёў, называла Жэцкаму дзень і гадзіну.

Незвычайны гэта быў час для Вакульскага. Як толькі ён даведваўся, што заўтра пані будуць у Лазенках, дык ужо напярэдадні губляў раўнавагу. Справамі ўжо не займаўся, быў раздражнёны, здавалася яму, што час стаіць на месцы і тая раніца ніколі не настане. Ноч мінала ў дзікіх мроях, часам напалову ў сне, напалову наяве ён шаптаў: “Што ж гэта такое?.. Нічога ж няма!.. Ах, якое з мяне быдла…”

Але раніцаю ён баяўся зірнуць у акно, каб не ўбачыць хмары на небе, і зноў да паўдня час яму цягнуўся так, што ў гэтых межах ён мог бы змясціць цэлае сваё жыццё, атручанае цяпер жахлівай горыччу.

“Ці можа быць гэта каханнем?..” – пытаўся ён у роспачы.

З гарачкі ён загадваў запрагаць ужо апоўдні ды ехаў. Кожную хвіліну яму здавалася, што насустрач едзе, ужо вяртаючыся, каляска графіні, або яго коні, якія аж цуглі рвалі, бягуць занадта павольна.

Перейти на страницу:

Похожие книги