– Якая розніца! – важна адказаў маршалак. – Я пастанавіў пакінуць у Варшаве пяцьдзясят тысяч рублёў, дык няхай дзесяць пойдзе на дабрачынныя мэты, бо каханы наш князь цудоўна гаворыць!.. Разумна і з сэрцам, далібог…
– Перапрашаю, – азваўся Вакульскі, – але гаворка не пра дабрачынную суполку, а пра суполку, якая забяспечыць прыбыткі.
– Во як!.. – азваўся прыгорблены граф.
–
– Які там прыбытак з дзесяці тысяч! – запярэчыў маршалак. – З торбаю давялося б ісці пад Вострую Браму126
з гэтакімі прыбыткамі.Прыгорблены граф выбухнуў:
– Прашу слова ў абмеркаванні пытання: ці маем мы права грэбаваць малымі прыбыткамі! Гэта нас нішчыць! Гэта, панове… – крычаў ён, стукаючы пазногцем у парэнчу фатэля.
– Граф, – далікатна спыніў яго князь, – пан Вакульскі мае слова.
–
– Дык просім шаноўнага пана Вакульскага, – пачуўся новы голас, – каб тую публічную справу, якая нас усіх тут сабрала ў гасцінным доме князя, ён меў ласку прадставіць нам з уласцівай яму яснасцю і змястоўнасцю.
Вакульскі паглядзеў на таго, хто надзяляў яго яснасцю і змястоўнасцю. Гэта быў славуты адвакат, прыяцель і правая рука князя; ён любіў выказвацца красамоўна, адбіваючы такт рукою і прыслухоўваючыся да ўласных выслоўяў, якія заўсёды знаходзіў адметнымі.
– Толькі каб усім было зразумела, – буркнуў нехта з кутка, занятага шляхтаю, што ненавідзела магнатаў.
– Як вядома панам, – пачаў Вакульскі, – Варшава з’яўляецца гандлёваю станцыяй паміж Еўропаю заходняй і ўсходняй. Тут збіраецца і праходзіць праз нашы рукі частка тавараў французскіх і нямецкіх, прызначаных у Расію, з чаго мы маглі б мець пэўны прыбытак, каб наш гандаль…
– Не знаходзіўся ў руках жыдоў, – пачулася з боку стала, пры якім сядзелі купцы і прамыслоўцы.
– Не, – адказаў Вакульскі. – Прыбытак можа быць тады, калі б наш гандаль быў самавіты.
– З жыдамі не можа быць самавітага…
– Сёння, аднак, – перапыніў адвакат князя, – шаноўны пан Вакульскі дае нам магчымасць замяніць старазаконны капітал хрысціянскім…
– Пан Вакульскі сам далучае жыдоў да гандлю, – прагучаў закід апанента з купецкага стану.
Стала ціха.
– Тое, як я вяду свае справы, нікога не тычыцца, – працягваў Вакульскі. – Я паказваю панам шлях, як наладзіць гандаль Варшавы з замежжам, што з’яўляецца першай паловаю майго праекта і адной з крыніц даходу для краёвага капіталу. Другая крыніца – гэта гандаль з Расіяй. Там ёсць тавары, патрэбныя нам і танныя. Суполка, якая б імі занялася, магла б мець ад пятнаццаці да дваццаці працэнтаў гадавых з укладзенага капіталу. На першае месца ставім тканіны…
– Гэта азначае падрываць нашу прамысловасць, – пачуўся голас апанента з купецкае групы.
– Мяне не цікавяць фабрыканты, а толькі спажыўцы… – адказаў Вакульскі.
Купцы і прамыслоўцы пачалі шаптацца між сабою, незадаволена пазіраючы на Вакульскага.
– Вось і дабраліся мы да публічнага інтарэсу!.. – узрушаным голасам выгукнуў князь. – Пытанне паўстае такое: ці праекты шаноўнага пана Вакульскага карысная з’ява дзеля краю? Пане мецэнаце, – звярнуўся князь да адваката, адчуваючы патрэбу ў ягонай падтрымцы ў гэткай крыху клапатлівай сітуацыі.
– Шаноўны пан Вакульскі, – пачаў прамаўляць адвакат, – няхай мае ласку з уласцівай яму грунтоўнасцю растлумачыць нам: ці дастаўка тых тканін аж з гэткай далечыні не прынясе стратаў нашым фабрыкам?
– Найперш, – сказаў Вакульскі, – гэтыя нашы фабрыкі з’яўляюцца не нашымі, а нямецкімі…
– Ого! – выгукнуў апанент з групы купцоў.
– Я гатовы, – працягваў Вакульскі, – зараз жа пералічыць фабрыкі, дзе ўся адміністрацыя і ўсе работнікі з лепшым заробкам – немцы, дзе капітал нямецкі і кіраўнічая рада знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе, нарэшце, наш работнік не мае магчымасці павысіць сваю кваліфікацыю, а з’яўляецца парабкам, які мала зарабляе, трывае кепскае абыходжанне і, у дадатак, яшчэ германізаваны…
– Гэта істотна! – заўважыў прыгорблены граф.
–
– Далібог, адчуваю ўзрушанасць, слухаючы! – гучна прамовіў маршалак. – Ніколі б не падумаў, што падобная размова можа выклікаць гэтулькі эмоцый… Я хутка вярнуся…
І ён патупаў з кабінета, ажно падлога ўгіналася пад нагамі.
– Ці ёсць патрэба называць прозвішчы? – запытаўся Вакульскі.
Група купцоў і прамыслоўцаў прадэманстравала ў гэты момант довад рэдкае абачлівасці, не дамагаючыся прозвішчаў. Адвакат ускочыў з фатэля, замахаў рукамі і гучна прапанаваў:
– Мяркую, што нам не варта больш затрымлівацца на мясцовых фабрыках, а трэба вярнуцца да нашага пытання. Цяпер шаноўны пан Вакульскі няхай мае ласку з уласцівай яму вобразнасцю растлумачыць: якую пазітыўную карысць з яго праекту будзе мець…
– Наш няшчасны край, – закончыў князь.
– Мяркуйце самі, панове, – сказаў Вакульскі, – каб локаць майго паркалю каштаваў толькі на два грошы танней, чым цяпер, дык на кожным мільёне купленых тут локцяў насельніцтва зэканоміла б дзесяць тысяч рублёў…
– Што там нейкія дзесяць тысяч рублёў?! – задаўся пытаннем маршалак, які ўжо вярнуўся ў кабінет, але яшчэ не зарыентаваўся, пра што гаворка.