Читаем ЛЯЛЬКА полностью

– Крыху роднімся, – адказаў малады чалавек. – Маці мая была Ленцкая, – прамовіў ён іранічна, – але бацька ўсяго толькі Ахоцкі. Гэта моцна аслабляе сямейныя сувязі… Пана Тамаша, які мне дзядзька па матчынай лініі, я не ведаў бы да сённяшняга дня, каб ён не страціў маёнтак.

– Пані Ленцкая вельмі вытанчаная асоба, – заўважыў Вакульскі, гледзячы проста перад сабою.

– Вытанчаная? – паўтарыў Ахоцкі. – Лепш няхай пан скажа: багіня! Калі я размаўляю з ёю, мне здаецца, што яна магла б запоўніць усё маё жыццё. Каля яе я адчуваю спакой і забываюся пра тугу, што не адпускае мяне. Але што ж!.. Я не здолеў бы сядзець пры ёй днямі ў салоне, а яна са мною – у лабараторыі…

Вакульскі спыніўся сярод вуліцы.

– Пан займаецца фізікай ці хіміяй?.. – запытаўся ён здзіўлена.

– Ах, чым я толькі не займаюся!.. – адказаў Ахоцкі. – Фізіка, хімія і тэхналогія… Зрэшты, я скончыў прыродазнаўчы факультэт ва ўніверсітэце і механічны ў політэхнічным… Займаюся ўсім патроху, чытаю і працую з раніцы да ночы, але – не раблю нічога. Удалося мне крыху палепшыць мікраскоп, сканструяваць нейкую новую хімічную батарэю, нейкую там лямпу…

Здзіўленне Вакульскага расло.

– Дык пан якраз той Ахоцкі – вынаходнік?..

– Я, – пацвердзіў малады чалавек. – Ну, але што з таго?.. Нічога істотнага. Як падумаю, што ў дваццаць восем гадоў я гэтак мала паспеў зрабіць, дык упадаю ў роспач. Хочацца мне тады паразбіваць усё ў маёй лабараторыі ды кінуцца ў вір салоннага жыцця, куды мяне стараюцца ўцягнуць, альбо – стрэліць сабе ў лоб… Батарэя Ахоцкага альбо электрычная лямпа Ахоцкага… Якое глупства!.. Рвацца некуды з самага дзяцінства і спыніцца на нейкай лямпе – гэта жахліва… Пражыць ледзь не палову жыцця і не знайсці нават следу таго шляху, якім хацелася б ісці – няма рады!..

Малады чалавек змоўк, яны былі ўжо ў Батанічным садзе, таму ён зняў капялюш. Вакульскі ўважліва назіраў за ім і зрабіў новае адкрыццё. Малады чалавек, хоць і выглядаў элегантна, але зусім не быў франтам, нават, здавалася, ён не клапаціўся пра свой выгляд. Валасы былі растрапаныя, гальштук крыху перакошаны, гузік на камізэльцы незашпілены. Можна было здагадацца, што нехта пільна сочыць за яго бялізнаю і гардэробам, з якім сам ён, аднак, абыходзіцца нядбала, і менавіта гэта нядбальства, якое праяўлялася надзіва шляхетным чынам, надавала яму своеасаблівую прывабнасць. Рухі яго былі нязмушаныя, бязладныя, але прыгожыя. Гэткая ж прыгожая была ў яго манера глядзець, слухаць, а хутчэй, не слухаць, і нават – губляць капялюш.

Яны падняліся на ўзгорак, з якога відаць было студню, празваную “кругляком127”. Навокал шпацыравала мноства люду, але Ахоцкага гэта не бянтэжыла і ён, паказаўшы капелюшом на адну з лавак, працягваў:

– Я неаднойчы чытаў, што шчаслівы той чалавек, у якога вялікія амбіцыі. Гэта няпраўда. Бо ў мяне якраз занадта вялікія імкненні, аднак яны робяць мяне смешным і адштурхоўваюць блізкіх людзей. Зірні, пан, на тую лаўку… Тут у пачатку чэрвеня, увечары, дзесьці а дзясятай гадзіне сядзелі мы з кузінкаю і паннаю Фларэнтынай. Свяціў месяц і нават салаўі яшчэ спявалі. Настрой у мяне быў рамантычны. Нечакана кузінка запыталася: “Ведаеш, кузіне, астраномію?” – “Крыху”. – “Дык скажы мне, якая гэта зорка?” – “Не ведаю, – адказаў я, – але адно дакладна, што ніколі мы не трапім на яе. Чалавек прымацаваны да зямлі, як вустрыца да скалы…” У гэты момант, – працягваў далей Ахоцкі, – абудзілася мая ідэя, ці нават манія… пра лятальныя машыны. А з-за таго, што калі думаю, я мушу хадзіць, дык я ўстаў з лаўкі і без развітання пайшоў ад кузінкі!.. На другі дзень панна Флора назвала мяне грубіянам, пан Ленцкі – арыгіналам, а кузінка цэлы тыдзень не хацела са мной размаўляць… І каб яшчэ нешта прыдумаў, дык не, абсалютна нічога. Хоць, здавалася, я мог паклясціся, што не паспею спусціцца з пагорка да студні, як народзіцца ў маёй галаве, прынамсі, прыкладны эскіз лятальнае машыны… Глупства якое, праўда?..

“Дык яны тут сядзяць вечарамі ў святле месяца, слухаючы салаўёў?... – падумаў Вакульскі і адчуў страшны боль у сэрцы. Панна Ізабэла ўжо кахае Ахоцкага, а калі яшчэ не кахае, дык толькі з-за ягоных дзівацтваў… Ну і слушна… прыгожы чалавек і незвычайны…”

– Натуральна, – правіў сваё Ахоцкі, – я і слова не сказаў пра гэта сваёй цётцы, якая мае звычку кожны раз, калі прышпільвае мне нейкую запінку, паўтараць: “Каханы Юлік, пастарайся спадабацца Ізабэле, бо гэта жонка акурат для цябе… Разумная і прыгожая, адна яна вылечыла б цябе ад тваіх трызненняў…” А я думаю сабе тым часам, што гэта за жонка для мяне?.. Каб, хаця, магла быць мне памочніцай, дык не бяды… Але хіба ж яна пакіне салон, каб сядзець у лабараторыі? Мае рацыю – гэта адпаведнае для яе атачэнне, птушка патрабуе паветра, рыба – вады… Ах, які цудоўны вечар!.. – дадаў ён праз момант. – Я сёння гэткі ўзрушаны, як ніколі. Але… што з панам такое, пане Вакульскі?

– Крыху стаміўся, – адказаў Вакульскі. – Можа б мы прыселі, хоць вось тут…

Перейти на страницу:

Похожие книги