Яны ўселіся на схіле пагорка, на мяжы з Лазенкамі. Ахоцкі абапёр бараду на калені і глыбока задумаўся. Вакульскі глядзеў на яго з дзіўным адчуваннем: захапленне мяшалася з нянавісцю.
“Прастакаваты ці хітры?.. Навошта ён усё гэта мне расказвае?” – думаў Вакульскі.
Але мусіў прызнаць, што балбатня Ахоцкага мела тыя самыя адзнакі шчырасці і няўважлівасці, што і ягоныя рухі ды, зрэшты, усё ягонае аблічча. Яны спаткаліся ўпершыню, і ўжо Ахоцкі размаўляў з ім так, нібы яны былі знаёмыя з дзяцінства.
“Трэба скончыць з гэтым”, – сказаў сабе Вакульскі і глыбока ўздыхнуў перад тым, як запытацца:
– Дык пан жэніцца, пане Ахоцкі?..
– Хіба, каб звар’яцеў, – прабурчаў малады чалавек, паціскаючы плячыма.
– Як?.. Кузінка ж падабаецца пану?
– І нават вельмі, але гэтага не дастаткова. Я б ажаніўся з ёю, каб меў пэўнасць, што ўжо нічога ў навуцы не зраблю…
У сэрцы Вакульскага разам з нянавісцю і захапленнем бліснула радасць. У гэты момант Ахоцкі пацёр лоб, нібы абуджаны са сну, і, пазіраючы на Вакульскага, раптам сказаў:
– Але, але… Я і забыўся, што маю важнае пытанне да пана…
“Чаго ён хоча?..” – падумаў Вакульскі, уражаны сур’ёзным позіркам свайго канкурэнта і нечаканаю зменаю тону. Здавалася, што гэта гаворыць зусім іншы чалавек.
– Хачу задаць пану пытанне… не… два пытанні, вельмі асабістыя, а можа, нават і недалікатныя, – казаў Ахоцкі. – Не абразіцца пан?..
– Слухаю, – адказаў Вакульскі.
Каб ён ужо стаяў на эшафоце, дык не было б у яго гэткага страшнага адчування, як у гэту хвіліну. Ён быў упэўнены, што гаворка пра панну Ізабэлу, і якраз тут вырашыцца ягоны лёс.
– Пан быў прыроднікам? – спытаў Ахоцкі.
– Так.
– І ў дадатак прыроднікам-энтузіястам. Я ведаю, праз што давялося пану прайсці, і даўно шаную пана за гэта… Апроч таго, я нават больш скажу… Цягам апошняга году нават сама згадка пра тыя цяжкасці, якія пераадольваў пан, дадавала мне сілы… Я казаў сабе: зраблю хоць тое, што гэты чалавек, а як не маю такіх перашкодаў, дык – пайду і далей за яго…
Вакульскі слухаў і думаў, што ён трызніць, або гэта размова з вар’ятам.
– Адкуль пан гэта ведае?.. – запытаўся ён у Ахоцкага.
– Ад доктара Шумана.
– Ах, ад Шумана. Але пра што мы гаворым?..
– Зараз скажу, – адказаў Ахоцкі. – Пан быў прыроднікам-энтузіястам і… урэшце кінуў пан займацца навукаю. Дык вось, у колькі гадоў аслабеў запал пана?..
Вакульскі адчуў, нібы яму абухом далі па галаве. Пытанне было гэткае прыкрае і неспадзяванае, што ён не мог адразу не толькі знайсці адказ, але нават сабрацца з думкамі.
Ахоцкі паўтарыў, пільна ўзіраючыся ў свайго таварыша.
– У колькі гадоў?.. – перапытаў Вакульскі. – У мінулым годзе… Цяпер мне сорак шосты год…
– Такім чынам, у мяне, пакуль я зусім астыну, яшчэ пятнаццаць гадоў наперадзе. Гэта дадае мне крыху адвагі… – нібы супакоіў сябе Ахоцкі.
Праз нейкую хвіліну ён дадаў:
– Гэта было адно пытанне, а зараз – другое, але няхай пан не абразіцца. У колькі гадоў мужчыны робяцца абыякавымі да кабет?..
Другі ўдар. Быў момант, калі Вакульскі хацеў схапіць маладзёна за горла і задушыць. Аднак ён схамянуўся і адказаў з лёгкаю ўсмешкаю:
– Мяркую, што кабеты ніколі не перастаюць цікавіць… Наадварот, з кожным годам яны робяцца ўсё даражэй…
– Кепска! – ціха прамовіў Ахоцкі. – Ну, пабачым, хто мацнейшы.
– Кабеты, пане Ахоцкі.
– Як каму, пане, – запярэчыў малады чалавек, зноў глыбока задумваючыся.
І ён загаварыў, нібы сам з сабою.
– Кабеты – важная рэч. Я быў закаханы ўжо, зараз… колькі ж гэта… Чатыры, шэсць… сем, так – сем разоў… Адымае гэта шмат часу і выклікае роспачныя думкі… Дурата адна гэтае каханне… Пазнаёмішся, закахаешся, пакутуеш… Потым нуда або здрада… Потым знойдзеш новую кабету, больш дасканалую за іншых, а яна робіць тое самае, што і менш дасканалыя… Ах, які ж нягодны жывёльны від гэтыя бабы… Бавяцца намі, хоць мазгі іх абмежаваныя, і не ў стане яны нас разумець… Ну, праўда, і тыгр можа бавіцца чалавекам… Подлыя, але прывабныя… Годзе пра іх!.. А тым часам, калі ўжо апануе раз чалавекам ідэя, дык не пакідае яго і не здраджвае ніколі…
Ён паклаў руку на плячо Вакульскаму і, гледзячы яму ў вочы нейкім дзіўным адсутным позіркам, запытаўся:
– Але ж думаў пан некалі пра лятальныя машыны?.. Не пра кіраванне балонамі, што лягчэй за паветра, бо гэта глупства, але пра палёт машыны цяжкай, наладаванай і акаванай, як браняносец?.. Пан разумее, які б здарыўся пераварот у свеце пасля гэткага вынаходніцтва? Няма крэпасцяў, войска, межаў… Знікаюць народы, затое ў надземных пабудовах прыходзяць на свет істоты, падобныя на анёлаў або старажытных багоў… Ужо асвоілі мы вецер, цяпло, святло, маланку… Дык ці не мяркуеш, пан, што надышла і нам самім пара вызваліцца з аковаў цяжару?.. Гэтая ідэя адпавядае духу часу… Іншыя ўжо працуюць над ёю, мяне яна толькі што захапіла, але цалкам… Што мне цётка з яе парадамі і правіламі добрага тону!.. Што мне жаніцьба, кабеты, а нават і мікраскопы, батарэі ды электрычныя лямпы?.. Ашалею, або… прыпну чалавецтву крылы…
– А каб пан іх нават і прыпнуў, дык што?.. – запытаўся Вакульскі.