Читаем Лісты полностью

Сяджу і разглядаю атлас БССР выдання 1958 г. Думаю, што за гэты час шмат што змянілася, не трэба занадта верыць таму, што ёсць у атласе. А думаю таму, што выбіраю месца на лета. Калісь мы ўжо гаварылі з Вамі адносна гэтага, але зараз трэба ўдакладніць.

Мне трэба памяшканне на пару месяцаў (прыблізна — ліпень-жнівень) з тым, каб была пасцель і было дзе карміцца. Мне надта (па карце) здалася прывабнаю ў гэтым сэнсе Вілейка. Яна вымагае маім запатрабаванням (я яшчэ не сказаў, што мне абавязкова патрэбен лес). Калісь Вы сказалі, што ўладкаваць мяне бярэцца Чарняўскі але мне не хочацца, каб камусьці "госці" былі як прымусовыя. Усяго лепш на камерцыйных асновах.

Улашчык.

АЛЕСЮ МАТУСЕВІЧУ

5 лістапада 1980 г.

Дарагі Алесь.

Прашу прабачыць. Высылаю. Нягледзячы на тое, што было некалькі разоў дамоўлена, Мінск заказаў на ўсю рэспубліку 38 экз.; центральная кнігарня ў Мінску заказала 1 экз. Беларускі кнігагандаль ніяк не можа дадумацца, што чытачу патрэбен не толькі "Всадник без головы", але і штосьці іншае. Том даўся цяжка. Не тыя гады. Два гады з-за тома хадзіў у адпачынак выпадкам, на кароткі час, а калі кніга пайшла у набор, то ўзнялася цэлая куча праблемаў. Зараз рубель надта моцна цісне навуку.

Калісь на такія выданні, як летапісы, не было абмежаванняў у карэктурах і часе. Разумелі, што гэта складана і вымагае вялікай пільнасці. Зараз том трапляе на канвеер, карэкгура даецца рэальна адна. Калі рэдактар робіць больш правак, чым дазволена (у параўнанні з рукапісам), на яго накладаюць штраф, ды і не­малы. Калі разважаць, што ганарару не плоцяць, то гэта часам бывае цяжка. Пасля карэктуры ў мяне тэмпература паказвала 35, прыблізна (па сваёй шкале) такі ж і ціск. Адлежваўся, а тут ідуць паказнікі, з імі ўсё паўтараецца. Зараз перачытваю том і бачу памылкі, за якія надта няёмка. Праўда, каб не зрабіў так, то ў гэтым стагоддзі пэўна ўжо не было б каму рабіць добра. У Маскве гэтым займацца няма каму, няма каму і ў Мінску, тым больш каб было на ўзроўні вымаганняў гэтай серыі. Калісь прабаваў гаварыць, каб далі ў Маскву некалькі аспірантаў, якіх можна было вымуштраваць на ўзроўні адпаведным, але там глядзелі на гэта прыблізна як на якуюсь "інтрыгу".

Самая бяда зараз, аднак, ужо не ў гэтым. Мая "Віцкаўшчына" была ўключана ў план Інстытуту этнаграфіі, шчасліва прайшла праз усе скарачэнні і павінна была выйсці напрадвесні з друку. Аж нехта з Госкомиздата (хто гэта, мне так і засталося невядомым) загадаў выкрасліць з плану. Акадэмічны Інстытут рэкамендуе, а нехта забараняе. Даведаўся толькі, што няўдала зроблена анатацыя, з-за яе і выкінулі. Знаходзячыся ў Мінску, прабаваў паправіць справу, штось абяцалі, няпэўна і падобна, нічога не зрабілі.

Мяне ўвесь час падбіваюць на тое, каб пісаў успаміны пра 20-я гады, у прыватнасці, сказаў, што быў знаёмы з Моркаўкам, каб пра яго, бо ён неяк застаўся нікому невядомым. Пачаў пісаць, але ў мяне гэта звязана з нашаю школаю (з Моркаўкам спатыкаўся вельмі мала, мала магу і напісаць пра яго, проста кажучы, амаль нічога). Ці не пішаш ты чаго падобнага?

Лета пражыў на Нарачы і ў Каралішчавічах, адкуль прылятаў у Мінск — у звязку з томам. 7 жнівеня была тэлеперадача пра гэты том, па сутнасці, гэта быў той самы тэкст, які Ялугін змясціў у "ЛіМе". 19 верасня рабіў пра той самы том даклад у Доме пісьменніка. Такім чынам, калі кніг прыйшло мала, галас каля кнігі быў.

Прыехаўшы сюды пасля добрага адпачынку, ізноў захварэў на тую ж бяду: нізкая тэмпература і ціск. Зараз адышоў. Вельмі трэба было б перабрацца у Мінск. Тут я зусім адзінокі. Але жонка (яна хворая) надта баіцца пераездаў, тым больш абменаў кватэры. Праўду кажучы, за маю дзейнасць тут Мінск мог бы даць кватэру без абменаў, але пра гэта нельга і думаць.

Выказаў табе, здаецца, усю сваю бяду. Мне скора 75, а табе гэты юбілей ужо мінуў. Якія мы сталі дзяды!

Улашчык.

АЛЕСЮ АДАМОВІЧУ

6 лістапада 1980 г.

Шаноўны Аляксандр Міхайлавіч.

Прачытаў Вашу кнігу пра Максіма Гарэцкага. Падобнай кнігі ў беларускім літаратуразнаўстве, пэўна, не было і няма. Чытаючы яе, у мяне ўзнікла шмат думак, шмат успамінаў, пра якія і пішу зараз Вам.

Я ведаў Гарэцкага, але здалёк, гэта значыцца, на літаратурныя тэмы з ім ніколі не гаварыў. Творы яго чытаў усе (уключаючы "Дзве душы"), але глядзеў на Максіма Іванавіча не столькі як на пісьменніка, сколькі як на гісторыка літаратуры, бо ўпершыню пазнаёміўся з гісторыяй свае літаратуры па кнізе Гарэцкага Думаю, што ў гэтым сэнсе не быў выключэннем.

Перейти на страницу:

Похожие книги