Зараз, успамінаючы 20-я гады, часам спасылаюся на тое што быў занадта маладым, каб разумець тое ці іншае з’явішча (маё жыццё ў Мінску скончылася ў 1930 г.), але ж Гарэцкі быў сталым і мудрым чалавекам у 20 гадоў, і гэта маючы асветы каморніцкія курсы. Дык якую ж сілу павінен быў мець чалавек, каб у такім веку напісаць публіцыстычныя творы, не кажучы пра мастацкія, а ў 25 гадоў стварыць гісторыю літаратуры. У каго з высокаасвечаных людзей (якіх у той час было так мала) магла узнікнуць падобная думка. Ведама, нельга ўлічыць, што зрабіла "Гісторыя" Гарэцкага ў сэнсе разумения гісторыі свае культуры, але зрабіла яна вельмі многа.
Ізноў-такі, думаю, што не ў аднаго мяне ўзнікаюць падобныя думкі і не адзін я павінен падзякаваць Вас за гэту кнігу, у якой Вы паказваеце Гарэцкага ва ўвесь рост.
Між іншым, разважаючы пра Гарэцкіх, узнікае нават нейкае біялагічнае пытанне: як здарылася, што ў адной сям’і ўрадзілася столькі талентаў ды яшчэ і такіх (Гаўрыла Іванавіч — выключная з’ява не толькі ў навуцы, а пра іх сястру Ганну калісь гаварылі, што яна была больш таленавітай, чым браты).
Некалькі пра Гогаля. Гогаля ў Беларусі не магло быць, ды і наогул Беларусі ў рускай літаратуры да апошняга часу не было зусім. Гогаль жа паходзіў з левабярэжнай Украіны, дзе паланізаваная шляхта была знішчана ў 1648 г. і больш не адрадзілася. Гогаль быў з прарускай шляхты, а наша шляхта, хаця і добра пацярэбленая ў 1654 г., засталася і ўспрыняла культуру польскую. Таму ў нас быў Міцкевіч, і Ходзька, і Ажэшка, але мы выхоўваліся ў традыцыях рускай культуры, і таму Міцкевіч (ды і астатнія) застаўся не толькі чужым, але нават і невядомым.
Галоўным творам (так пішаце Вы), які пісаў Максім Іванавіч, была гісторыя яго вёскі, паказаная праз гісторыю сямей. У 1926 г. я пачаў пісаць гісторыю свае вёскі (20 км ад Мінска каля ст. Фаніпаль) і скончыў яе праз 50 гадоў. Кніга павінна была выйсці напрадвесні гэтага года пад грыфам Інстытута этнаграфіі, але хтось з Госкомиздата палічыў, што не так напісана анатацыя, і кнігу выключылі з плана.
Ад Багацькаўкі зараз засталося мала (прынамсі, мне так казалі). Лічу, што гэта наш абавязак — сабраць матэрыялы і напісаць кнігу пра гэту вёску (а таксама пра Глінішча Мележа і інш.). Маё ўражанне, пэўна, пераўвялічана, але здаецца, што, нават карыстаючыся толькі апублікаванымі матэрыяламі, можна напісаць хаця б і кароткую гісторыю кожнай вёскі. Між іншым, у прадмове да свае кнігі я выказаў неабходнасць сабраць як мага больш звестак і напісаць гісторыю тых вёсак, спіс якіх знаходзіцца ў Хатыні. Гэта зусім неабходна. I я нават не разумею, чаму за гэта ніхто (ніякая ўстанова) не ўзяўся да апошняга часу. Страшны канец вядомы, але ж людзі жылі ў гэтых вёсках сотні гадоў. Хто яны былі, як жылі гэтыя сотні гадоў?
У Гарэцкіх у Вятцы быў (так здаецца цяпер) адзін раз, быў выпадкам. Запомніўся, што на ложку ляжаў хворы хлопчык.
Улашчык.
ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ
16 снежня 1980 г.
Дарагі Валянцін Пятровіч.
Дзякуй за адбітак. Ён наводзіць мяне на розныя думкі, а разам і на думкі пра Вашы папярэднія работы. Ваша кніга пра падарожнікаў, ведама, не для юнацтва ці, ва ўсякім разе, не толькі для юнацтва. Думаю, што больш падыходзіць для навукоўцаў, бо вы з Мальдзісам першыя, хто сабраў і перадаў уражанні падарожнікаў аб Беларусі. Для падлеткаў кнігу трэба было б перавыдаць неяк інакш: разбіць на большую колькасць раздзелаў, даць для кожнага загаловак, штосьці больш сказаць адносна аўтараў. Гэта кніга для дарослых, якія разумеюць, што ім трэба чытаць.
Зараз пра іншае. Мне проста шкада, што Вы траціце час хаця і на карысную наогул, але дробную па выніках работу. Калісь я прабаваў правесці ў Мінску думку аб неабходнасці стварэння там Археаграфічнай камісіі. Зараз ніхто з даследчыкаў не ведае дзе і якія ёсць матэрыялы па гісторыі Беларусі, і кожны траціць безліч часу, каб штосьці знайсці для сябе.
Думка, здаецца, здзівіла тых, хто павінен быў ажыццявіць яе (Петрыкаў), і наогул, з усяго нічога не выйшла. Мінулую восень я быў у Мінску ў высокага начальства, прабаваў выратаваць сваю "Вёску", а разам пагаварылі ізноў пра камісію. Начальства адняслося станоўча, але што будзе — не ведаю, пэўна, ізноў нічога. Думаючы пра будучую дзейнасць камісіі (якое няма), я разважаў, як трэба будзе наладзіць працу.