Галоўныя зборы нашых дакументаў знаходзяцца ў Маскве і Ленінградзе. Значыцца, трэба будзе з Мінска пасылаць туды людзей, каб яны працавалі там. Па сучасных умовах (камандзіроўкі) гэта будзе не дзейнасць, а бяда. Што можна зрабіць за месяц ці два? Трэба, каб гэта рабіў чалавек, які будзе стала жыць у горадзе. Таму мне здаецца, каб Вы ўзялі на сябе пачатак работы (агляд матэрыялаў па гісторыі і літаратуры Беларусі, якія знаходзяцца ў Ленінградзе), то гэта бьшо б карысна і для Вас, і для ўсяе справы. Вы маглі б узяць вялікую тэму. Думаю, што наперад нават не варта браць нешта пэўнае ва ўсім аб’ёме. Нават праца пра матэрыялы, што знаходзяцца ў ЦГИАЛ, зойме некалькі гадоў, бо, напрыклад, фонд уніяцкіх мітрапалітаў, здаецца, ніхто наогул не кратаў. Пра першы Заходні камітэт у свой час напісаў працу Пічэта, але яна засталася ў рукапісе. Пра другі пісала яго вучаніца Зелянецкая, але гэта нешта вучнёўскае, і таксама неапублікавана. Спецыяльная праца можа быць пра матэрыялы бібліятэкаў і г. д. Не ведаю, як гэта можа быць аформлена, але, можа, паспрабуеце?
Звыш усяго да Вас просьба. Мне патрэбен Бельскі. У Маскве яго няма. Здаецца, ёсць у Ленінградзе. Калі б Вы змаглі даведацца пра гэта, быў бы Вам вельмі ўдзячны. Перабіраючы свае старыя папкі, знайшоў ліст з Парыжа з паведамленнем, што ў скорым часе павінна быць надрукавана рэцэнзія на мае "Предпосылкі". Ліст датаваны 20 кастрычніка 1967 г. Значыцца, можна было чакаць рэцэнзіі на канец 1967 ці пачатак 1968 г. Я глядзеў тут каталогі, але гэтага часопіса не знайшоў. Можа, ёсць у ленінградскіх?
Надыходзіць Новы год. Вы пытаеце — у якім я стане? Прабыўшы амаль чатыры месяцы ў адпачынку, можна было чакаць лепшых вынікаў, бо прыехаўшы, адразу захварэў, а пасля яшчэ раз — надта нізкая тэмпература і нізкі ціск. Наогул слабасць. Працаздольнасць зусім аслабла. Дабіваю працу пра летапісы, якія хачу рэкамендаваць на ўключэнне ў план гэтага года (на наступны — рэдакцыйная падрыхтоўка, выхад у 1983 г.). Гэта ў лепшым выпадку.
Вітаю з Новым годам. Няхай ён будзе добрым для нас, бо гэты быў калі і не зусім кепскім, то і не добрым.
Улашчык.
АДАМУ МАЛЬДЗІСУ
23 снежня 1980 г.
Дарагі Адам Восіпавіч.
У мяне браў Вашу кнігу Лабынцаў — той самы, на аўтарэферат якога Вы пісалі водзыў (з Чамярыцкім). Дарэчы, абарона яго прайшла вельмі добра, троха сказаў і я.
Ён у захапленні ад Вашай кнігі і хоча напісаць на яе рэцэнзію, але не ведае, куды даць яе. "Вопросы литературы" (так сказалі яму) адносяцца да такіх прац, як Ваша (эпоха, мова) няласкава. Таму я хацеў запытаць у Вас — якія ёсць перспектывы, каб даць рэцэнзію ў мінскіх часопісах? Ці ёсць ужо хто-небудзь, хто напісаў або піша пра Вашу кнігу? Калі няма (у "Полымі" ці "Нёмане") то я перадам яму, ці, можа, Вы напішаце яму самі (адраса яго дамовага не ведаю, але калі што, то даведаюся, бо ў мяне толькі яго службовы тэлефон).
Затым яшчэ раз віншую Вас з такою працаю, якая паказвае нам, што нашы продкі не толькі жылі, але і тварылі нейкія каштоўнасці. Вы асвятлілі самы цьмяны час у нашай гісторыі.
Віншую Вас з Новым годам. Думаю, што Вам час падаваць гэту кнігу на абарону.
Улашчык.
ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ
21 лютага 1981 г.
Дарагі Генадзь Аляксандравіч.
Дзякуй Вам за харошы, сардэчны артыкул. Не заўсёды ў жыцці даводзілася чытаць пра сябе такое.
Гадавіну тут справілі добра. 3 Мінска прыехала сястра, былі Бялькевічы, Аляксеевы. Незадоўга да таго я ездзіў у Вільню. Там адчуваў сябе вельмі добра, але прыехаўшы, лёг і ляжаў амаль да самага свайго дня, калі ўзняўся і зноў стаў у добрым стане.
Троха пра краязнаўства. У свой час, у 1936-1937 гг., будучи ва Ульянаўску, я запісаў па памяці ўсю краязнаўчую дзейнасць ва ўніверсітэце. Зараз гэтыя сшыткі знаходзяцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі АН. Першы краязнаўчы паход (наш, самастойны) быў нешта ў кастрычніку 1925 г., калі мы з Шутавым знайшлі Банцараўскае гарадзішча. Другі — летам 1926 г., ізноў удвух з Шутавым два тыдні хадзілі па ніжняй Свіслачы.
Самы эфекгны быў 1927 г. У гэтым годзе была арганізавана Вялікая комплексная экспедыцыя на Тураўшчыну. Удзел прымала нешта больш за 20 чалавек, сярод іх П. Бузук, батанік Збіткоўскі і (здаецца) Сербаў.
Ідэю паехаць на Тураўшчыну падказаў я. А прычына была такая. У 1911 г. мой брат скончыў лясную школу ў Вяляцічах. Гэта была падзея надзвычайная не толькі для нашай сям’і, але для ўсяе ваколіцы, бо раней вышай чым настаўнік ці тэлеграфіст ніхто не выбіраўся. Брата прызначылі на работу ў Азяраны каля Турава. Там ён прабыў да пачатку першай вайны.
Успаміны брата пра Палессе, пра тыя бязмежныя лясы, пра асаблівы быт палешукоў, пра старасвецкі Тураў выклікалі ў мяне вялікае жаданне пабачыць усё гэта. Калі вызначалася месца, куды паехаць, я выказаўся за Тураўшчыну, і гэта ідэя спадабалася ўсім.