Читаем Лісты полностью

Думаю, што варта сёе-тое дадаць да таго, што гаварыў Вам і пісаў раней: усё, што я пісаў, мае характар палемікі. Палеміка гэта ў большасці негалосная, але скрытая. Я ніколі не пішу пра класавую нянавісць і наогул нідзе не ўжываю "страшных слоў", бо ад частага ўжытку "страшныя" сталі зусім звычайнымі і ніякіх эмоцый у чытача не выклікаюць. Магу сказаць, што некаторыя палемічныя доказы зрабілі сваё: зараз, здаецца, ужо ніхто не піша, што Беларусь была "адным з самых адсталых раёнаў царскай Расіі". Скора перастануць пісаць і пра куль­турную адсталасць, хаця, між іншым, маю працу (артыкул) адносна граматнасці, аб тым, што яна была значна вышэйшая, чым пра гэта пішуць, ніхто з беларускіх гісторыкаў не ўспамінае. Гэта яшчэ будучае.

Зараз, дабіваючы кнігу пра летапісанне, мяне вельмі інтрыгуе пытанне пра Наваградак як горад, дзе пісалі летапісы ў сярэдзіне XIII ст. Яшчэ трэба пайсці ў Ленінскую б-ку, каб праверыць адно цьмянае месца з хронікі Стрыйкоўскага 1582 г. выдання.

Заўтра Вялікадня. Даўно ўжо не засталося ніякага Бога, але дзіцячыя ўспаміны мацней за ўсе разумныя разважанні. Усё ўспамінаецца, як рыхтавала маці хату і святочныя розныя смачнасці, як чакалі мы малымі гэтага свята і якія былі шчаслівыя, калі яно прыходзіла. Як-такі шкада, што кніга пра Віцкаўшчыну "села", прычым невядомы нават і матывы яе выключэння. Восенню ў Мінску неяк няпэўна абяцалі памагчы, але пра гэта ўсе забыліся, а патрэбен толькі званок.

Вітаю Вас з маем, з вясной, з цяплом, якое ў гэтым годзе ніяк не прыходзіць.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

10 мая 1981 г.

Вячаслаў Антонавіч.

Трэці ці чацвёрты дзень, як у нас стала цёпла, распускаюцца дрэвы. Сёння ездзіў за горад, хадзіў па лесе, нарваў троха зеляніны. Кожны раз, як прыходзіць цяпло, пачынаеш думаць: як добра, што бывае вясна. Шкада, што ў нас так мала цяпла.

Скончыў дапрацоўку кнігі пра летапісы, зараз пачаў правяраць спасылкі. Ліха на яго, але памылак калі і не надта шмат, то і нямала. Праглядаючы Банецкага (Boniecki), пачаў яшчэ раз углядацца ў матэрыялы пра Гусоўскага. Пэўна, гэта не той, што трэба, бо ён з Падляшша, але такі думаю, што Вам вар­та аднесціся да яго ўважліва (калі, ведама, Вы да гэтага часу не краталі гэтага месца).

Напісаў у Нарач, што хачу ізноў прыехаць да іх, але покуль няма адказу. Пара патроху збірацца ў дарогу, але Наталля Маркаўна папярэдзіла, што болей грыбоў саліць не бу­дзе. Ёй такі гэта цяжка. Але навошта тады Каралішчавічы? Хіба спакусіць Марыну Усевалодаўну: буду збіраць і здаваць ёй! А можа, сястра прыме які-небудзь удзел у гэтай авантуры. Між іншым, у лютым яна прывезла мне цэлую паэму. Я здзівіўся, бо паэма з добраю рыфмаю і сардэчная (дзівіўся не з сардэчнасці, а з рыфмы). Во калі вылазяць таленты — ёй жа праз тры тыдні 70.

Шкада, што на "Звязду" няма спадзяванкі, на тутэйшыя часопісы тым больш. Грыцкевіч неяк надта перажывае гэта, але, пэўна, нічога нельга зрабіць. Кніга цікавая хаця б таму, што гэта ж першы вопыт звярнуцца да такой крыніцы.

Прывітанне Марыне Усевалодаўне і маладняку. Улашчык.

Сёння прачытаў, што па тэмпах росту Мінск стаіць на пятым месцы ў свеце. Во як!

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

10 лістапада 1981 г.

Вячаслаў Антонавіч.

Дзякуй за кнігу. Я ўжо атрымаў (апрача Каратынскага) Ка­ганца, Цётку, "Пана Тадэвуша", Дылу. Кнігі розныя па вартасці, але ўсё гэта ідзе ў агульны кацёл: наша культура, наша мінулае больш багатыя, чым здавалася зусім нядаўна, не кажучы пра 20-я гады, калі ўсё было навіною. ("Ты ведаеш, што былі беларускія князі?" — сказаў мне паціху ў школе таварыш.)

Зараз я чытаю дзённікі і мемуары — галоўным чынам за XVII ст. Пісаліся наваградскімі і мінскімі шляхцюкамі. Якія цікавыя біяграфіі! Шкада, што яны галоўную цікавасць выяўлялі да агульна палітычных падзей у Р.П. Ва ўсякім разе, усе яны вартыя таго, каб трапіць у энцыклапедыі, дзе столькі асобаў, упісаных туды невядома чаму.

Мае "Уводзіны", пэўна, не трапяць нават на рэд. падрыхтоўку на 1982 год. Добра, што Буганаў згадзіўся высунуць наперад том 35, бо чым далей, тым цяжэй мне было б гэтае задание адужаць. Вельмі добра адчуваў сябе на Нарачы, казаў пра гэта нарачанцам, а тыя радзілі памяняць Маскву на Нарач. Разумна, але не падыходзіць.

Была нібы нарада адносна Метрыкі. Выступалі Аўтакратава, Харашкевіч, Думін і я (пра публікацыі Метрыкі). Пастанавілі матэрыялы нарады надрукаваць на ратапрынце. Гэта было б карысна, але зараз, па маіх сілах, гэта значыць, што трэба на невядомы час пакінуць мемуары.

Прывітанне Марыне Усевалодаўне.

Улашчык.

СЦЯПАНУ АЛЕКСАНДРОВІЧУ

22 лістапада 1981 г.

Дарагі Сцяпан Хусаінавіч.

Перейти на страницу:

Похожие книги