Читаем Лісты полностью

Сёння атрымаў Вашу кнігу, за што шчыра дзякую. Разам адразу (адклад не йдзе ў лад) пастараюся напісаць пра некаторыя выпадкі з жыцця Купалы, пра якія, можа, і невядома.

У сакавіку 1922 г. універсітэт наладзіў ушанаванне Купалы. (Пра гэта я пісаў у свой час. Гл. зборнік "Славяне в эпоху фео­дализма: К столетию академика В. И. Пичеты"). Пасля прамоваў Пічэты, Вазнясенскага, а можа, і яшчэ некага, Купала (ён быў тады ў даволі пашарпанай бекешы, бо ў зале было холадна, і адзін толькі Пічэта хадзіў без паліто) прачытаў свой верш "Перад будучынай". Гэты верш быў надрукаваны на першай старонцы зборніка, які выйшаў з друку нешта напрадвесні 1924 г. Пачатак яго такі:

Стаім мы перад будучынай нашай

I ўсё варожым, сочым [ейны] ход...

Ці ўскрэснем мы з душой, упаўшай, звяўшай,

Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...

.......................................................

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі

Засеў за наш бяседны, сытны стол

І кідае як з ласкі, нам агрызкі,

А мы [к зямлі] з падзякай гнёмся ўпол.

Гэты зборнік "Адраджэнне" прадаваўся толькі некалькі дзён, пасля перапынку месяцы на тры, калі ён знік, "Адраджэн­не" з’явілася ізноў, але без верша Купалы.

У зборніку было апавяданне Т. Забелы "Жанкі падзялілі", пераклады з Горкага ("Песня пра Сокала"?) Ю. Бібілы, артыкул Лёсіка пра Грунвальдскую бітву і яго ж артыкул пра герб Пагоня, артыкул П. Любецкага (П. Каравая) аб этнаграфіі (фальклоры) Беларусі і штось яшчэ.

У Беларускім аддзеле ў Бібілы бачыў кароткі верш Купалы, пісаны яго рукою. 3 верша памятаю адзін радок:

Далі шэсць паветаў — ну, дзякуй за гэта.

У вершы, здаецца, было шэсць радкоў.

Сёння атрымаў "ЛіМ". Там артыкул пра Гурло. 3 восені 1921 прыблізна [да] 1925-26 гг. я з сёстрамі (адна пазней жонка — Я. Бялькевіча) жылі за вакзалам у завулку, які зараз завецца Студэнцкім (дом застаўся).

Сястра Ніна была ўжо студэнткай, і ў яе былі закаханы двое з капылян — А. Дземідовіч і А. Гурло. Каб не перашкаджаць адзін другому, яны прыходзілі паасобку. Наколькі гаварлівы быў Дземідовіч, настолькі ж маўклівы Гурло. Гаварыў ён неяк нібы глытаючы асобныя гукі, і, увайшоўшы ў пакой і сказаўшы "Добры вечар, ну як маецеся", сядаў на табурэтку і маўчаў. Так мог сядзець падоўгу, нічога не гаворачы. Часам ён прыносіў свае вершы, і сястра пазней з жалем гаварыла (незадоўга да смерці), што вось была якая дурная, не ведала, што гэтыя вершы трэба было б хаваць, а куды яна іх дзявала, зараз не памятае, ва ўсякім разе, ад іх не засталося і следу. Па звычаю таго часу (як памятаю зараз) вершы (была нават адна і цэлая паэма) Гурло пісаў ад рукі на аркушы лінаванай паперы, перагнутай на палавіну. Калі выйшаў яго "Барвёнак", ён адразу прынёс да нас, быў надта ўзрушаны.

У свой час (1938 г.) усе зборы сястры, як і Бялькевіча, загінулі. Пра адзіную сваю сустрэчу з Купалам у "гасціных" умовах я пісаў Ядвізе Юльянаўне. Пісаў чамусьці вельмі спяшаючыся, неахайна.

Гады тры назад пачаў пісаць успаміны пра Моркаўку. 3 ім таксама сустракаўся толькі некалькі разоў, але зараз, можа, наогул няма тых, хто яго ведаў ці проста бачыў.

На жаль, мая працаздольнасць нізкая, пішу планавыя працы, а часам, вось як зараз, на мяне находзіць, і тады пішу пра тое, што бачыў.

Прывітанне вашай жонцы. Калі будзеце ў Маскве, вельмі прашу зайсці.

ВЯЧАСЛАВУ РАГОЙШУ

7 лютага 1982 г.

Дарагі Вячаслаў Пятровіч.

У дадатак да ранейшага: у загадчыцы Беларускага аддзела Ю. Бібілы была папка вершаў Купалы, відаць, тых, якія не мелі шанцаў трапіць у друк. У папцы было нешта каля 20-30 упоперак аркушаў чыстай (без лінеек) паперы з вершамі. "Далі шэсць паветаў..." ляжаў зверху. Я яго толькі і прачытаў і пачатак запомніў. Што было больш — не ведаю. Што гэта ўсё вершы Купалы — сказала Бібіла.

У Купалы загінула столькі, што гэтая папка, відаць, была толькі маленечкаю часткаю, але няхай будзе і яна. Бібіла была зволена з пасады нешта вясною 1937 г. (у жнівені яна пераехала ў Саратаў), і пасля яе (калі не раней) папка бясспрэчна загінула.

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

2 сакавіка 1982 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Вы прыслалі мне цэлы стос навінаў, які трэба было перадумаць.

Крапіву ведаю, пэўна, з 1923 ці 24 года. У той час ёй не быў персонай і пісаў: "Не цягнуся я за Чаротам, я і Купале не раўня". Пасля ўбачыў, як ён не хоча вітацца з тымі, хто дзесь быў.

Не лепшае гэта ў чапавека. Пасля яго артыкулы пра мову. Вар­та дадаць, што усё гэта для яго асабістых спраў непатрэбна. Ен выдатны пісьменнік, гэта ад яго ніхто не адбірае, і можна было быць больш чалавечным.

Набыў т. 5 энцыклапедыі: біяграфіі. Нават усхваляваўся: якая багатая крыніца ведаў пра наш час. Рыўлін, Сербента, Гарбуноў, урэшце Ігнаценка. Найбольш пампезна ў Рыўліна (ён быў маім настаўнікам у у-це). Маючы адзін ці два артыкульчыкі пра нямецкую сац-дэмакратыю, за два гады стаць віцэ-рэктарам, акадэмікам, нам. камісара асветы і затым так ёмка скруціць галаву. Ці не прабаваў ён стаць прэзідэнтам? I яшчэ акадэмік Платун, які пасля стаў начальнікам Палітаддзела пад Омскам. Я б з вялікаю ахвотаю ўзяўся напісаць біяграфіі гэтых герояў, але ж не выйдзе.

Перейти на страницу:

Похожие книги