Читаем Лісты полностью

Зараз пра сваю працу. Сяджу ізноў і дарабляю, дарабляю і перарабляю. Шансаў на тое, што пойдзе ў блізкі час, няма. У гэтым годзе ўжо выкінулі з плана запланаваны чарговы том ПСРЛ і манаграфію Мураўёвай пра летапісанне. Выключэнне т. ПСРЛ — з’ява небывалая. Гэтай серыі заўсёды была зялёная вуліца. Як добра, што т. 35 выйшаў. 3 кожным годам мае магчымасці зніжаюцца, і можна было б дачакацца, што том ідзе ў друк, а я не магу за ім наглядаць.

Пра Мір мне сказалі яшчэ ў мінулым годзе, калі быў у Мінску. Гэта вынік усяго выхавання (культурнага) народа. Дзе-небудзь у Літве ці Эстоніі гэта абсалютна немагчыма, бо даглядае не вартаўнік, але народ, і ў органах, якія кіруюць гэтым, знайходзяцца не тыя, каму патрэбна хоць якая пасада, а людзі адукаваныя і разумеючыя, што яны ахоўваюць. У звязку з гэ­тым пра падручнік па гісторыі для ВНУ, укладзены цэлай гурбай прафесараў. Дасканала вывучыўшы гэту кнігу, можна нішчыць.

На звычайным аспіранцкім экзамене ўсе б аўтары зарабілі не больш, чым па тры або і па два. Такі найлепш напісаў Гнеўка, чалавек без цітулу.

Не ведаў, што Каханоўскі ўжо ў ін-це. Другога такога дырэктара музея не будзе. Такога гатунку быў Сіманоўскі, дырэктар Дзярж. бібліятэкі.

Нат. Маркаўна ў такім стане, што ехаць на Нарач бу­дзе нельга. Значыцца, трэба думаць, куды ехаць на лета. Мне, каб адпачыць, патрэбен лес, ды яшчэ вялікі, каб было дзе хадзіць, ну хоць як у Каралішчавічах. Буду ізноў збірацца туды, але на верасень, бо раней там з дзецьмі, а вось калі будзе што-небудзь на Іслачы, то туды ўжо абавязкова. Казалі, што калі б у генералаў (літаратурных) не было сваіх дач i машын, то гэты дом быў бы даўно гатовы, але генералам ён не патрэбен, а ў негенералаў няма сілы.

Дзіўлюся, але ўсю зіму не хварэў. Гэта першая такая зіма за дзесяць гадоў. Можа, таму, што сядзеў не каля таго стала ў сваім пакоі, каля якога заўсёды мерзнуў, а ў Сашыным пакоі, бо Саша жыве ў жонкі.

У Кіеў Вам трэба паехаць абавязкова. Тут неяк жаліліся, што калі трэба было арганізаваць нешта адносна старой беларускай літаратуры, то не было каму, дак жа апрача Вас такі нікога. Я ў гэтым толькі таму, што не было каму даручыць спра­ву з летапісамі. Дасылаю Вам сваю фатагр. Павінен быў фатаграфавацца ў мінулым годзе, калі канчалася 75, але сабраўся якраз праз год, За тое зараз у мяне ўсё гатова: ёсць фота і напісаны тастамент, застаецца толькі памерці. Нат. Мар­к. надта проці гэтага.

Прывітанне ўсім Вашым.

ЯЎГЕНУ РАПАНОВІЧУ

28 сакавіка 1982 г.

Шаноўны Яўген Нічыпаравіч.

Учора перагортваў яшчэ раз "Чаму так названа" і яшчэ раз здзівіўся — колькі памылак усадзіў прафесар у гэту кніжачку. Тым часам прынеслі Вашу кнігу, і я адразу пачаў правяраць тыя назвы, якія (самыя паселішчы) ведаў. Покуль знайшоў такое: каля ст. Фаніпаль з паўднёвага боку быў хутар Журы. У 1946 г. я праходзіў паўз яго і бачыў толькі здзічэлы сад (гаспадара ў 1930 г. выслалі, і ён недзе загінуў). Былы маёнтак Аніхоўскага заваўся не Марыполь, але Марыполе. А наогул — радаваўся і дзівіўся, што з’явілася такая грунтоўнай праца, якая вымагала так шмат часу і ўвагі.

Дарэчы, тут успомнілася частая памылка ў вызначэнні паходжання назвы ў Жучкевіча. Вельмі часта ён выводзіць назвы ад прозвішчаў: Мядзведзеў, Воранаў ці другіх падобных. А між іншым, прозвішчаў такога тыпу ў нас раней не было зусім, першыя Івановы з’явіліся нешта ў канцы XVIII ст. на Віцебшчыне (можа, гэта стараверы), а ў вялікай колькасці сталі трапляцца ў другой палове XIX ст., калі паліцыя проста перарабляла прозвішчы. У маёй Віцкаўшчыне ў канцы XIX ст. Крэса перарабіў прозвішча на Красінскага, што каштавала колькі руб­лёв пану пісару, але на ўсход ад Бярэзіны гэта рабілася бясплатна і ў абавязковым парадку. Кіслякоў казаў, што іх прозвішча было Кіслук і г. д.

У тым самым "Чаму так названа" назва Петрыкаў выводзіцца ад прозвішча Петрыкаў, але самі жыхары завуць свой пасёлак Пятрыкоў, а раней, прынамсі, у XVI ст., пасёлак зваўся Пятрыковічы, адкуль і націск.

Дзякуй за кнігу. Калісь, калі Броўка збіраўся пасля энцыклапедыі выдаваць гісторыю гарадоў і сёлаў, я раіў перш за ўсё надрукаваць некалькі тысячаў анкетаў з запытаннем у насельніцтва, як завецца іх вёска, пасёлак, рака (рэчка), возера, балота і г. д., каб уявіць сапраўдную назву, але з гэтага, як бачыце, нічога не выйшла.

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

24 красавіка 1982 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Дзякуй за Слоўнік. Уражанне ад яго самае лепшае. Словы даюцца ў фразах, адчуваецца вельмі добра мова таго часу. 3 слоўнікаў мне здаецца самым няўдалым Тлумачальны, бо там няма тлумачэння, але наогул тут чуў (ад М. Талстога), што Мінск у сэнсе мовазнаўства стаіць вельмі высока.

Адзін экземпляр Слоўніка аддаў Буганаву, другі — Думіну (гэта той, што рыхтаваўся для выдання Метрыкі), каб было яшчэ з дзесяць, то ўсе б разышліся ўмомант.

Перейти на страницу:

Похожие книги