Вялікі клопат пра лета. Ехаць на Нарач з-за Наталлі Маркаўны нельга. Па сённяшняму стану было б і можна, але калі што здарыцца, то надта далёка ехаць дамоў. Пэўна, будзем над Акою, там, дзе некалі жылі гадоў дзесяць. Месца вельмі харошае: Ака незабруджаная, а лесу км на 300. На верасень такі думаю ў Каралішчавічы, каб сабраць усе апенькі — і мінулыя, і гэтай восені. Філалагічны ф-т прыслаў прапанову выступіць у кастрычніку на святкаванні Купалы. Паслаў тэзісы — эпоха, калі пачыналася дзейнасць Купалы. Праграма мне здалася занадта шырокая — каб за столькімі дакладамі не засцілася фігура Купалы.
Добра справілі Вялікадня. 3 Ленінграда прыехалі сёстры Нат. Мар. — гаспадарлівыя жанчыны, напяклі і наварылі ўсяго, нават чырвоных яек, толькі не было з кім згуляць у біткі. Прыйшоў сын з жонкаю, сядзелі вечарам, і захацелася пачуць: "Добры вечар, пане гаспадару — вясна-красна на ўвесь свет!". Можа, калісь, хаця троха ў іншай форме, валачобнае ўзновіцца. Надта ж прыгожа ўсё гэта адбывалася.
Учора Аляксееў (аўтар "Полацкай зямлі") бараніў доктарскую: "Смаленская зямля". Абарона прайшла добра.
Прывітанне ўсім Вашым ад Наталлі Маркаўны.
Улашчык.
ФЁДАРУ ЯНКОЎСКАМУ
26 чэрвеня 1982 г.
Дарагі Хведар Міхайлавіч.
Пачаўшы чытаць Вашу кнігу, думаў, што напішу Вам вось так. Чытаючы далей, гэтых "вось так" рабілася больш і больш. Пра што ж напісаць, каб гэта было галоўнае (было б добра, каб проста сесці дзесь у парку і пагаварыць, але ж як гэта зрабіць?). Галоўнае такі ў Вас — чалавечнасць, гуманізм, хараство чалавека. Рознага паскудства Вы закранаеце мала і неахвотна. Гэта не Ваша сфера. Чытаючы, часам думаеш — як такі засталася гэтая чалавечнасць? Гэта ж наймудрэйшы з наймудрых талкаваў, што калісь новае дзіця не проста было бядою, але наогул мамы не любілі дзяцей і сталі любіць, толькі калі іх стаў навучаць сам мудрэйшы. Можна было завыць ад гэтага! Можна было і здурэць!
Пачатак кнігі: свая хата і полымя ў печы, а каля печы мама. Дарэчы, Вы скрозь пішаце "мама" і толькі там, дзе выступае пачвара, — гэта "маці". Так яно і павінна быць, так і патрэбна пісаць. У кнізе пра сваю вёску я напісаў, што ў нас да бацькоў зварочваліся на "вы", а зварот на "ты" ўсе лічылі як праяву найгоршага хуліганства. Тут на гэта глядзяць інакш: як жа да самага блізкага чалавека зварачацца на "ты"?
Мама каля печы з чапялою ў руках! Гэта ж нейкі сімвал. "Идиотизм деревенской жизни" і мама каля печы, а каля яе сямёра большых і меншых. Не, гэта мела сэнс, і не такое ужо дасягненне, што ўсё растрэслася. I нас мама выгадавала семярых, і калі я спытаўся — ці гэта было цяжка, то яна адказала, што не. Першых, як была зусім маладая, гадавала сама, а як падраслі першыя, то сталі малых даглядаць яны. Дасюль выразна памятаю восень 1911 г. і свой першы працоўны дзень (даглядаў малую, заганяў авечак, насіў мякіну каровам), а назаўтра пайшоў у агарод ссякаць капусту, што праходзіла не надта ўдала). Зараз малыя ў пятнаццаць, а часам і ў дваццаць гадоў, але што ж ім і рабіць? Калі пасылаць "убіраць" бульбу, то гэта проста недарэчная гульня.
Вельмі харошыя (зноў — вельмі чалавечыя) нарысы пра настаўнікаў, і наогул пра настаўніцкую працу. Гэта не лекцыі пра дабрадзейнасць, гэта разумная размова мудрага чалавека, і гэта размова закранае. Шкада, што нельга сказаць, як адносяцца да гэтых людзей. У 1980 г. на Нарачы (а пэўна, і скрозь) настаўнікаў-мужчын абавязалі даць тону ці больш сухога сена. Штодня ішлі дажджы, скошаная трава гніла, у законны адпачынак не пускалі, а, выклікаўшы ў раён, лаялі апошнімі словамі, такімі, што і пераказаць мне саромеліся. А гэта ж тых, хто павінен выхоўваць культурных людзей!
Вы напісалі нават пра Свіслач, напісалі і пра яе так сардэчна, без абрыдлага пафасу, і Свіслач стала неяк яшчэ харашэйшаю, чым ёсць.
Калі пішу пра Ваша дабро, то павінен напісаць і пра сваю бяду. Са свайго (і не свайго) Інстытута да мяне на рэцэнзіі ідуць працы, прысвечаныя Беларусі, Літве, Украіне, а часам і яшчэ якія. Апошні раз далі раздзелы пра школьную справу ў XVI—XVII стст. (ды яшчэ і пра больш ранні час) у Беларусі, на Украіне і ў Літве. Украінец (галоўным чынам на матэрыяле Львова) напісаў вельмі добра (дасканала ведае літаратуру XVI— XVII стст.), літовец (зразумела) напісаў, што Вільня таго часу — горад чыста літоўскі (між іншым адзначана, што там распачалося друкарства, і што Скарына "на русском языке" выдаў "Апостала", і што ў горадзе была брацкая школа і ўніяцкая калегія). Хто там вучыўся — невядома.