Читаем Лісты полностью

Кнігу пра летапісы рэкамендавалі да друку ў 1978 г., і яна павінна была скора пайсці ў выдавецтва. Паколькі ў папярэдніх выпадках патрэбны былі толькі два экзэмпляры, то я зрабіў чыстымі толькі два, а зараз відаць, якая гэта памылка, хаця вельмі добра, што выданне зацягнулася. Вясною я перачытаў рукапіс нанава і шмат чаго перарабіў, але гэтага здалося мала. Прыехаўшы з Мінска, увосень пачаў чытаць зноў. Заўвагі сталіся такія, што паехаў у Ленінград, каб перагледзець рукапіс Магілёўскай хронікі нанава, і добра зрабіў. Пасля ізноў пачаў параўноўваць Іпацьеўскі летапіс з Хронікаю Быхаўца. Давялося асноўныя вывады змяніць, убачыў паўторы, якія трэба было выкінуць. Наогул, шмат што дарабляў. А ці ўсё зараз як трэба? Надта не пэвен. Павінен здаць рукапіс на тым тыдні ў выда­вецтва, але ўсё неяк няпэўна. Праз кожныя тры-чатыры меся­цы планы выдавецтва пераглядаюцца, і што-небудзь рэжуць. Злыбеда з РИСО (вучоны сакратар), убачыўшы маю працу, кідаецца на сцяну: "Няхай выдае ў Беларусі!". Добра, што ёсць і тыя, хто бароніць. "Предпосылки" адстаяў (мне так сказалі пасля) старшыня РИСО — геолаг.

"Вопросы истории" даюць на сваіх старонках серыю артыкулаў пра летапісы. Я даў першым, спадзеючыся, што артыкул выйдзе раней, чым кніга (інакш ён не пойдзе наогул). Зараз чуваць, што мой першым не ідзе. Гэта нібы канспект кнігі. Пішу пра гэта таму, што выслаць Вам другі экзэмпляр нельга, але калі стане больш выразна, то прышлю артыкул, які знаходзіцца ў "Вопросах истории".

Зразумела, тае манаграфіі пра мемуары, якія ў мяне запісаны ў плане, я цалкам напісаць не змагу (не стае сілы), хаця частка ўжо ёсць. Затое заняты "малымі формамі". У Кніжнай палаце мне далі юбілейную брашуру (60 гадоў установе). Я калісь быў першым і адзіным супрацоўнікам Палаты, і шмат чаго ў брашуры мяне проста абурыла, у прыватнасці тое, што ні слова не сказана пра арганізатара і кіраўніка бібліятэкі (сучаснай Ленінскай) Сіманоўскага. Сеў пісаць пра гэта. Неяк "наехала" на мяне, і з тыдзень сядзеў, пісаў "3 сямейнай хронікі". Як-небудзь прышлю гэта Вам.У верасні быў у Вязынцы. Доўга хадзіў і сядзеў там, і надумаўся, што трэба папрабаваць узнавіць яе мінулае. Пайшоў у архіў і выпісаў "Описание Минской губ.". Павінен быў сесці за яе, але наехаў грып, і два тыдні прасядзеў дома. Ва ўсякім разе, матэрыялы пра мінулае Вязынкі ёсць больш багатыя, чым гэта паказана там у хаце ці ў Музеі.

Надышла вясна. Кожную вясну думаю — як было б добра пражыць некалькі месяцаў дзе-небудзь у лесе, над ракою ці возерам, каб убачыць усе фазы вясны і лета. Наша Віцкаўшчына была надта беднаю прыродным дабром (ні рэчкі, ні добрага лесу), і я з зайздрасцю чытаю "Пушчу" Карамазава.

20 гадоў назад, у 1963 г., я здаў рэцэнзентам свае "Предпосыл­ки". Жылі тады на Пясчанай, навокал тры паркі. I я надумаў: здаўшы сваю бяду, буду мець вольны час, буду хадзіць па парках. У харошы сонечны дзень у пачатку мая я выйшаў у парк, маючы намер пабыць там гадзіны са дзве. Пайшоў паціху, але пад канец (гэта 3 км), пачаў спяшацца. Я суцішаў сам сябе, казаў: трэба ісці ціха. Але ногі няслі. Варочаючыся, ужо разумеў, што пра дзве гадзіны няма што і казаць, што вось прыбягу і сяду за стол, хаця здавалася, што ўсё, патрэбнае зроблена. Зараз ужо не спяшаюся, але выехаць няма куды. Трэба хоць на месяц увосень пабыць у лесе, бо толькі ў лесе адпачываю, але не ведаю, як будзе з жонкаю. Без нагляду яе заставіць нельга.

Пасля такога ўступу — пра Мсціслаўца. Не адзін Неміроўскі прабаваў зрабіць са Скарыны першага рускага доктара медыцыны. Але дзе ж і калі яму належала ставіць помнік? Самае пэўнае было імя — Францыск. Надта ж не падыходзіць, таму і стараюцца зрабіць з яго Георгія, а між іншым, у нашых крыніцах такога імя не сустракаў нідзе. У зусім старасвецкіх гэта Гюргя, а ў нас у народзе — Юрай (не Юрый). "Святы Юрай" — так спявалі ў валачобных песнях.

Кім быў пры Фёдараве Мсціславец? Ну ніяк не парабак, не вучань. Пра большае не магу казаць, бо не ведаю, але наогул — ці саступаў ён Фёдараву?

Цяпер Вы пішаце пра Коршунава. У сваіх "Помніках" (зда­ецца так) ён зрабіў некалькі закідаў мне, адзін з іх слушны: пан люблінскі, гэта значыцца, камендант Люблінскага замка ў мяне выйшаў як пан Любельскі, з чыну атрымалася асоба. Але ён у сваіх каментарыях нарабіў занадта шмат памылак. На тое, чаго вымагаюць яго каментарыі, у Коршунава выразна не стае эрудыцыі. Я б Вам рэкамендаваў лепш Грыцкевіча, мінскага ці ленінградскага. У мяне ўражанне, што ленінградскі нават лепшы знаўца крыніцаў, чым старэйшы. Дарэчы, ленінградскі просіць, каб я Вам сказаў, што ён ні ў якім разе не абэцадарчык. Напроці. Куды лепш за Коршунава ведае матэрыял і Чамярыцкі (між іншым, прадмова Коршунава да "Філіповіча" нібы напісана ў 60-я гады мінулага сталецця).

209 маіх рэцэнзіяў ляжаць на паліцы, чакаюць чалавека, які б мог завезці іх у Мінск, у бібліятэку.

Бывайце здаровы. Добрага Вам настрою ў новай кватэры, у сваім асобным пакоіку. Калі набяруся дыхту, то хоць паеду ў Сярэбраны бор — пачуць, як крычаць гракі і шпакі.

Улашчык.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

Перейти на страницу:

Похожие книги