Вялікае дзякуй за кнігу. Я прачытаў пра яе выхад у ЛіМе і хацеў прасіць, каб яе выслалі мне з Мінска. Выбачайце толькі, што так спазніўся з падзякаю. Здарылася так, што лета у гэтым годзе было надта суматошнае.
Я чытаю, пэўна, усё, што Вы друкуеце, і думаю, што Вы робіце надта важную справу. Знойдзеныя і апублікаваныя Вамі дакументы па гісторыі беларускае літаратуры робяць нашу літаратуру значна больш багатаю і цікаваю. Вашы вынаходкі паказваюць, што трэба не толькі пераказваць даўно вядомае, але шукаць усё новых матэрыялаў. Дарэчы ж, Вы і пра вядомае гаворыце па-своему.
У адносінах да маёнтка Багушэвіча думаю, што Вам варта паглядзець абавязковыя інвентары (Вільня, ф. 378,1846, № (прыблізна) 2126). У гэтым фондзе ёсць звесткі пра ўсе маёнткі, але часта надта скупыя. Варта таксама паглядзець "Губернские ведомости" за лета 1861 г., калі змяшчаліся спісы валасцей і вёсак.
Здаецца, Вы да гэтага часу яшчэ не кандыдат. Думаю, што гэта кніга дае Вам поўнае права на чын, і калі Вам будзе патрэбен водзыў ці што-небудзь падобнае, то я з ахвотаю зраблю гэта.
У некаторых мясцох (у адносінах да характарыстыкі дробнай шляхты) мы з Вамі сыходзімся проста літаральна. Наогул, я з вялікаю ўвагаю прачытаў Вашу кнігу.
ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ
29 кастрычніка 1983 г.
Дарагі Генадзь Аляксандравіч.
Атрымаў Вашу паштоўку і свае ўспаміны. На ўсякі выпадак напішу Вам пра гэта. Мяне калісь усе дзяўблі: пішы, пішы. Я напісаў пра першыя школьныя гады пад назваю "Навука ў Самахвалавічах" і паслаў у "Полымя". Адтуль мне вярнулі назад, бо гэта ім не падыходзіць. Амаль праз 20 гадоў паслаў пакрэмзаны чарнавік да Мальдзіса, просячы перадрукаваць начыста, а ён падаў у "Голас Радзімы". Між іншым, рэдакцыя скараціла, але амаль не пакалечыла тэксту — я, чытаючы, дзівіўся.
Запісы пра Дзяржаўную бібліятэку (зараз імя Леніна) і Кніжную палату ў 20-я гады ляжаць, чакаючы нейкага часу. У Самахвалавіцкую школу пасылаў свае кнігі, але ні разу не атрымаў паведамлення, што яны атрыманы. Толькі "следопыты" віталі мяне са святамі, а школа — нічога. Зараз варта было б паслаць ім тое, што адносіцца да іх непасрэдна. Няўжо не кране?
Як патрэбна была Ваша кніга, прытым масавым тыражом! 3 якім скрыпам ідзе ўсё патрэбнае! Ці ёсць перспектывы на тое, каб Вы сталі дырэктарам у Воўчкавічах (ці Валковічах)?
Мая кніга пра летапісы ляжыць з пачатку года ў выдавецтве. Па плане павінна выйсці ў наступным годзе, а трапіць да рэдактара ў гэтым. Але ад плана мала што засталося, хаця покуль няма нічога адмоўнага. "Віцкаўшчына" (не Віцькаўшчына) таксама ляжыць. У "Полымі" прапанавалі напісаць яе гісторыю за апошнія 70 гадоў, але не сказалі, як гэта зрабіць. Няма, бачыце, актуальнасці. Няхай ляжыць, не яна першая, не яна апошняя.
Ці нельга Вашага сына пасля сканчэння [БДУ] выправіць у навуку сюды? Што б мог — зрабіў бы. Зараз наогул я аслаб, бо жонка ўжо не ходзіць, і трэба даглядаць за ёю. Памагае сын, але ён жа на рабоце.
Дай нам усім божа, якога няма. Улашчык.
У ГУДЗЕВІЦКІ ШКОЛЬНЫ МУЗЕЙ
10 лістапада 1983 г.
Дарагія землякі.
Бацькі мае паходзілі з Наваградчыны, і таму я Ваш зямляк. Найперш вітаю з адрамантаваннем музея. Музейная справа — занядбаная галіна культурнай дзейнасці ў Беларусі. Цікава, хто з вучняў Вашай школы стане музейным працаўніком не толькі афіцыйным, але і сапраўдным.
Пасылаю Вам карэктуру з невялікімі недахопамі, тэму апісаў, том 35 летапісаў і зборнік, выдадзены ў сувязі са 100-годдзем нараджэння Грэкава.
Зараз трымаюся такога — калі выходзіць кніга, то я адсылаю машынапіс, перш карэктуру, чыстыя аркушы і гатовую кнігу — у аддзел друку рэдкай кнігі Бібліятэкі Акадэміі навук, каб кніга захавалася ва ўсіх этапах. Мне ўжо занадта шмат гадоў, і трэба дбаць пра спадчыну, а дома можа здарыцца ўсяк.
Дасылаю таксама машынапіс артыкула пра Сяргея Шутава. Скарочаны варыянт быў змешчаны ў "Помніках", затым свой экслібрыс (зрабіў мастак М. Купава) і партрэт Глябовіча (партрэт змешчаны ў мемуарах Віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага, нядаўна выдадзеных у Польшчы).
Думаю, што лепш за ўсё адносна пашаны да сваей мовы і культуры ў старасветчыну выказаў Леў Сапега. 3 яго прадмовы да "Статута" 1588 г.: "А еслі которому народу встыд прав своіх не уметі, то поготовю нам, которые не обчым якім языком, але своім власным права спісаныя маем" (Литовский Статут 1588 г. Т II. Стар. 17). Вельмі хораша пра ўсё гэта сказаў значна раней Ф. Скарына. Прышліце мне фота Музею і школы, а таксама вучняў і настаўнікаў, а Марына няхай прышле сваё фота асобна.
Улашчык.
ІВАНУ НАВУМЕНКУ
19 лістапада 1983 г.
Віцэ-прэзідэнту Акадэміі Навук Беларускай ССР Акадэміку І.Я.Навуменку