Читаем Лісты полностью

У сваёй кнізе я змясціў будынак Інбелкульта, дзе ў свой час знаходзіўся і "Маладняк". Хаця ў свой час Гілевіч выдаў харошую кнігу пра "Маладняк", але гэтую тэму неяк усе абыходзяць, а тым больш Інбелкульт. На будынку нават няма памятнай дошкі.

Некалькі разоў быў у Гродна, адзін раз нават чытаў у Педінстытуце спецкурс, але адкуль будзеш ведаць, што там ёсць знаёмыя.

Маё прозвішча па-руску пачынаецца з "У". Буду рады сустрэць Вас тут.

Улашчык.

АНАТОЛЮ ГРЫЦКЕВІЧУ

23 снежня 1983 г.

Дарагі Анатоль Пятровіч,

Чакаю, што будзе далей, як будуць мяне клясці на Бацькаўшчыне. Паведаміце Ялугіну, што ў Вас ёсць рэцэнзія. Ён, калі захоча, можа перадрукаваць яе. Санько не званіў. У мяне зараз рукапіс кнігі пра летапісы, на якім рэдактар зрабіла безліч заўвагаў. Гэтае работы ў мяне стане яшчэ месяцы на два, а можа і на больш, а пасля яшчэ паказальнікі, а затым карэктура. Наогул, пішу гэта таму, што на бліжэйшую можа палову года я буду заняты толькі сваімі справамі.

Вітаю Вас з Новым годам.

Улашчык.

СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ

27 снежня 1983г.

Дарагі Станіслаў Пятровіч.

Ад Грамыкі ў мяне няма ні радка. Думаю, што наогул яго спадчына ў гэтым сэнсе бедная. Раз, калі я быў у яго, Грамыка сказаў, што вось атрымаў ліст ад Сушынскага (які некалі, да 1930 г., быў надта блізкі яму чалавек). Аднак Грамыка прызнаўся, што адказваць яму не будзе, і што наогул ён ні з кім не мае сувязі, бо часам ізноў хто-небудзь прычэпіцца... Яму ў той час было 80. Здаецца, у такім узросце баяцца чаго-небудзь не варта.

Жонка мая хварэе даўно, але апошнія паўгода стала ляжачаю. Можа, таму, што павінен даглядаць за хвораю, я покуль трымаюся, але ўсё гэта няпэўна.

У мінулым годзе Кніжная палата выдала кнігу (невялічкую), прысвечаную свайму 40-годцзю. Мяне ўразіла, што там ані слова пра Сіманоўскага, а ён жа быў заснавальнік як Палаты, так і Бібліятэкі. Напісаў, што да папярэднікаў трэба адносіцца з пашанаю, ва ўсякім разе, успомніць, што яны былі заснавальнікамі. Аде ўсё гэта засталося ў маім стале, бо хацеў паслаць у "Спадчыну", а "Спадчыны" і няма.

Вітаю з Новым годам. Мінулы год (1983) застаўся без адпачынку. Калі не будзе чаго горшага, то напрадвесні збіраюся ў Каралішчавічы.

Улашчык.

НІЛУ ГІЛЕВІЧУ

17 красавіка 1984 г.

Дарагі Ніл Сямёнавіч.

Калі быў у Мінску, то мне пазваніла Мэры Саламонаўна Мінц. Яна сказала, што зараз перакладае беларускія казкі на англійскую (у нас калісь казалі — ангельскую) мову. Казкі ёй выбірае выдавецтва, і ўсё тыя, што апрацаваў Якімовіч. Я не спецыяліст, але пэвен, што "апрацоўваючы" казкі ў запісах Сержпутоўскага, іх можна толькі папсаваць. Троха ведаючы Якімовіча, думаю, што мастацкая вартасць тых казак, якія ён апрацоўваў, не палепшылася.

Па маёй думцы, казкі Сержпутоўскага трэба было б выдаць, як нейкія помнікі нашай культуры, як шэдэўры народнай творчасці. У серыйным выданні яны павінны страціць сваю спецыфіку, перш за ўсё сваю моўную спецыфіку; гэта ж мова не паляшуцкая, але слуцкая.

Вельмі харошая была Ваша прамова пра Куляшова, але Вы выразна спяшаліся.

У сярэдзіне XVI ст. у Супрасльскім манастыры сярод іншых была кніга Касьяна Вераміты. У 20-я гг. Сцяпан Некрашэвіч напісаў артыкул "Мова Касьяна Рымляніна Вераміты". Па тым часе гэта быў крымінал першага рангу (напісаць артыкул пра сярэднявечнага аўтара), і Дудар у вершаванай форме выказаў, як ён гэтым абураны. Зараз мне трэба ў паказніку адзначыць, чым быў у свой час Вераміта, а я не ведаю. Можа, ведае Ніна Іванаўна?

Надыходзіць Вялікдзень. У гэты час заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады.

Улашчык.

АЛЕГУ ЛОЙКУ

4 чэрвеня 1984 г.

Чытаю Вашу кнігу ўрыўкамі, бо ўзапар не стае сілы. Раней галоўным фальсіфікатарам у Беларусі быў Абэцадарскі, а зараз Вы; далёка Абэцадарскаму да Вас.

Як бы ўзрадаваўся Бэндэ, калі б быў жывы, і што зрабіў бы Купала, прачытаўшы такую кнігу пра сябе.

Улашчык.

АРСЕНЮ ЛІСУ

12 ліпеня 1984 г.

Дарагі Арсень Сяргеевіч.

Кнігі атрымаў — дзякуй. Адразу прачытаў пра Шырму. 3 кароткіх паведамленняў ведаў, што ён вучыўся ў Седлецы, але на­ват не дагадваўся пра складанасць яго жыцця. Калі азірнуцца, то не адзін толькі Эпімах з нашых даўніх дзеячоў меў належную адукацыю, якая далася яму без ламання касцей. Невядома яшчэ, хто быў бацька Ігнатоўскага, рэшта дамагліся потам і крывёю. А колькіх яшчэ злаялі і зганілі пурысты.

Дарэчы, у "ЛіМе" прачытаў урывак з аповесці (ці раману) Лойкі. Падумаў, што ён адбірае хлеб у нашчадкаў Абэцэдлы. Чаго ён улез у такую тэму? Калі хто са старых быў кепскі, то такі ж стварыў добры музей, а хтось добры і разумны гэты му­зей расцярушыў.

Ад філалагічнага ф-ту атрымаў прапанову даць заяўку на ўдзел ва ўшанаванні Купалы і Коласа. Думаю, калі б гэта наладжваў гістарычны ф-т, то запрашэння не было б, але спадзяюся, што і гэта ні да чаго не давядзе. Даўно думаю, што на Купалаўскае свята мне патрэбна будзе 5-6 хвілін, каб выказацца пра "Мужыка". Гэта цэлая тэма, але мне трэба мала.

Перейти на страницу:

Похожие книги