Читаем Лісты полностью

У 1971 г. група працаўнікоў Інстытута гісторыі АН БССР пачала пісаць манаграфію пад назваю: "Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага". Гадоў праз пяць-шэсць гэтую працу пачалі абмяркоўваць у адпаведных установах Мінска і Масквы, прычым кожны раз рабіліся важкія заўвагі. Пасля новых і новых дапрацовак кніга стала звацца: "Беларусь у XIV — сярэдзіне XVI ст." (Назва вельмі няўдалая, бо гісторыю механічна на кавалкі не сякуць). I зараз, пасля ўсіх дапрацовак, манаграфію ніяк нельга лічыць гатоваю да друку. Разам з гэтым узнікае пытанне: колькі каштуе адна старонка гэтага рукапісу, над якім сядзяць 12 гадоў?

У чым рэцэнзенты і чытачы ня могуць пагадзіцца з аўтарамі (з асноўнаю групаю аўтараў)? Аўтары манаграфіі імкнуцца даказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім улада належала выключна літоўскім каталікам, а беларускае праваслаўнае насельніцтва было прыгнечаным, пры тым жа яно складалася выключна з сялян і беднага мяшчанства (кожны раз, калі на Беларусі пачыналася паўстанне ці хаця б хваляванне, то яго душылі літоўцы ці палякі, але не беларускія феадалы, якіх нібы і не было). Пры такім тлумачэнні гісторыі Беларусі сацыяльнай барацьбы ў Беларусі нібы й не было, а была толькі рэлігійна-нацыянальная. Вельмі спрэчным у манаграфіі з’яўляецца пытанне пра склад паноў рады, — вышэйшай урадавай установы ў дзяржаве. Аўтары сцвярджаюць, што там улада належала выключна літоўцам-каталікам (табліца, якая сцвярджае адваротнае, з апошняга варыянту кнігі выкінута). Так, багацейшымі ў свой час у Вялікім Княстве былі літоўскія паны, але найбольш уплывовыя з іх — Гаштаўты, Кезгайлы да сярэдзіны XVI ст. вымерлі, і пасля кіруючая роля ў дзяржаве перайшла да феадалаў беларускіх і ўкраінскіх. Ці было наогул нацыянальнае прыгнечанне беларусаў у Вялікім Княстве? Яшчэ пры нараджэнні гэтай дзяржавы ў 1263 г. пасля забойства Міндоўга сын яго Войшалк збег у Пінск, адкуль з жыхарамі гэтага гораду і воласці пайшоў на Наваградак ды з дапамогаю наваградчан знішчыў сваіх ворагаў-літоўцаў. Ці ж былі наваградчане і пінчане прыгнечанымі ў такім разе? Калі ў Вялікім Княстве ўзнікла пытанне аб неабходнасці выбару асобнага князя (паколькі палякі абралі вялікага князя Казіміра сваім каралём), то кандыдатам быў высунуты праваслаўны князь Алелькавіч-Слуцкі. Праваслаўны князь Міхаіл Глінскі (паходжаннем з татарскага роду) у пачатку XVI ст. стаў другою (пасля вялікага князя) асобаю ў дзяржаве. Літоўцы ніколі не спрабавалі дэнацыяналізаваць беларусаў, а наадварот, — самі ўспрымалі беларускую мову, у першую чаргу якраз магнаты і шляхта. Беларуская была дзяржаўнаю моваю ў Вялікім Княстве. Падканцлер Вялікага Княства Леў Сапега, галоўны дзеяч пры стварэнні Статуту 1588 г., напісаў у прадмове, што жыхары ВКЛ "своим власным языком права писаные мают". "Власная" мова — гэта беларуская.

Самаю няўдалаю часткаю кнігі з’яўляецца гістарыяграфія. У гэтым раздзеле У.І.Пічэта, у якога налічваецца больш за 300 прац, паказаны як аўтар адзінай кнігі: "Гісторыі Беларусі" 1924 г. Дарэчы, гэтую кнігу сам аўтар лічыў вельмі няўдалай, пра што і напісаў у сваім аглядзе. З працаў М.В.Доўнар-Запольскага (аўтара больш за 200 прац) названа адна манаграфія і адна рэцэнзія, але разгледжана толькі адна брашура. Вялікая колькасць гісторыкаў, якія пісалі пра Вялікае Княства Літоўскае, наогул не згаданая, не названы нават Абэцэдарскі, погляды якога такія блізкія поглядам аўтараў манаграфіі. Наколькі можна зніжаць культурны ўзровень Беларусі таго часу.

Выхад у свет кнігі пад грыфам Акадэміі навук БССР скампраметуе Акадэмію.

М.Улашчык,

доктар гістарычных навук

ФРАНЦУ ГІНТАЎТУ

29 лістапада 1983 г.

Дарагі Франц Віктаравіч.

Людзей 20-х гадоў зараз засталося надта мала, і таму кожная сустрэча (хаця б лістом) — радасць, а разам і ўспаміны.

Я прадаваў некалькі кніг у букіністычным магазіне, і калі назваў сваё прозвішча, то Вы азірнуліся. Адразу было відаць, што Вы што-небудзь пра мяне ведаеце, а калі назвалі сваё прозвішча, то яно таксама было мне неяк вядома, пэўна, ад Антона [Адамовіча].

У Саратаве я ніяк не ўладкаваўся і паехаў настаўнічаць у сяло Дзергачы (можа, ведаеце?) — на граніцы з Казахстанам. Працаваў там да канца мая 1938 г., а пасля круціўся ў розных месцах. Стала жыву з 1955 г. у Маскве, зараз пенсіянер і кансультант. Сёе-тое раблю.

Пра Юзіка Балбакоўскага не чуў. Бібілу летам 1937 г. у Саратаў перацягваў я. У Мінску яе зволілі з працы, а я, спыніўшыся ў Саратаве, знайшоў ёй у абмен пакой. Гадоў 5-6, як яна памерла ў Мінску. Наогул, жывых з нашай эпохі засталося надта мала. Усё жывы Крапіва, але кажуць — амаль нічога не бачыць.

М. Ал. сказаў, што Вы сустракаліся з маткаю Купалы, а можа, і з Купалам. Зараз усё з мінулага, нават самае дробнае, мае вялікую вартасць. Пасля смерці Купаліхі матэрыялы пра Купалу збірае галоўным чынам яго пляменніца Ядвіга Юльянаўна Раманоўская. Калі не маеце з ёю кантакту, то абавязкова трэба наладзіць. Скора павінна выйсці кніга пра Максіма Гарэцкага, можа, што памятаеце пра яго?

Перейти на страницу:

Похожие книги