16 красавіка 1983 г.
Вячаслаў Антонавіч.
Прыйшла амаль што вясна, але пасля нібы заблудзілася і знікла. Прыйшоў і вясновы нумар "Нёмана". Я такі доўга чакаў яго. Справа надта важная: усе студэнты-гуманітарнікі павінны вывучаць гісторыю свайго народа па падручніку, а падручнік — не падручнік, а макулатура. Такой дурной кнігі не бачыў даўно. Там спалучэнне непісьменнасці, нядобрасумленнасці і бяздарнасці.
Прачытаўшы, я кінуўся тут у рэдакцыі, але мне адмовілі: "Дык Вы лічыце, што там наогул няма нічога добрага. Дзіва. А як жа маглі выпусціць такую кнігу?". Разумеў, што важныя не аўтары, не тое, што напісана, важна — хто зацвердзіў (дарэчы, думаю, што адзін рэцэнзент (Бяляўскі) не чытаў рукапісу зусім, а другі (Фёдараў) хіба што паглядзеў, спадзеючыся на Бяляўскага).
Разумеючы ўсё гэта, рабіў націск на фактычныя памылкі. Мне сказалі, што да аўтараў такі дайшло, і што яны зараз сварацца, ведама, абвінавачваючы адзін другога. Аднак гэта неяк бокам, а мне варта было б пачуць што-небудзь больш грунтоўнае. Пра гэта хіба — калі прыеду ў Мінск.
У верасні, перад самым ад’ездам у Маскву, пабыў у Вязынцы. Доўга хадзіў там, сядзеў, разглядаў, думаў. Там і рэшткі гарадзішча, і рэшткі прысадаў. Некалі чуў ад чалавека, які жыў над рэчкаю Вязынкаю, што там вадзіліся выдры. Задумаўся, як добра было б узнавіць гісторыю Вязынкі, бо ў музеі бачыў толькі вытрымкі з "Геаграфічнага слоўніка". Надумаўся, што звесткі павінны быць у тапаграфічным апісанні Мінскай губ. на 1800 год (у той час Вялейскі павет належаў да Мінскай губ.).
Нядаўна зайшоў у Вайскова-гістарычны архіў, здабыў "апісанне", але там пра маёнтак нічога: занадта дробны аб’ект. Але рака: згодна з апісаннем, яна цячэ праз Радашковічы ў Вяллю. Не прабаваў высвятліць гэта, але думаў, што ў Свіслач.
3 "Рочніка беластоцкага" ўчора даведаўся, што на Беларусі не дзве Свіслачы, а чатыры. Думаю, што пра гэта не ведае і галоўны беларускі географ Жучкевіч, які наогул надта мала што ведае. Чытаў далей "апісанне" і думаў — які цікавы нарыс можна было б даць пра ваколіцы Мінска на пачатку XІX ст., колькі дробных рэчак, колькі хутароў і засценкаў там успамінаецца!
Урэшце — Мінск на 1800 г. Я чытаў і перачытваў гэта месца, прабаваў высветліць (і ўявіць сабе), які ён быў, і так не ўразумеў. Можа, трэба было больш пасядзець, але я надта не ў форме, і таму перапісаў гэта месца і буду прабаваць разабрацца ўдома.
Апісанне чытаў і ведае Ткачоў, ці ведае яго Трусаў? Пры выпадку скажэце яму пра гэта, а яшчэ лепш няхай ён мне напіша, ці проста дайце яго адрас.
Здаў свой рукапіс у выдавецтва, а там адразу вярнулі 71 старонку на перадрук. Хаця на старонках 2-3 папраўлены вельмі акуратна літары (трэба чорным, а ў Вас сінім і г. д.). Ва ўсякім разе, прыняты ў план рэдпадрыхтоўкі.
Напісаў успаміны пра работу ў 1924-1930 гг. у Бібліятэцы і Кніжнай палаце. Тут няма каму даць на перадрук, а самому не хочацца.Кепска з Нат. Марк.. Зараз яна ледзьве ходзіць па кватэры, трымаючыся за сцены. Думаю — як гэта ўладзіць, каб мне на верасень паехаць у Каралішчавічы ці ў другое месца, каб пахадзіць па лесе.
Напісаў у Мінск адносна таго, каб дазволілі даваць свае грошы на будаўніцтва музея ў Воўчкавічах. Даўно прапанаваў унесці месячны аклад, але і зараз не адказваюць, а гэта надта патрэбна. Няхай хто дасць паўрубля, а хто і... тысяч, у каго яны лішнія. Была б народная будова, як у Чэхах.
Адабраў для Бібліятэкі першыя свае 200 рэцэнзіяў, але няма з кім паслаць.
Вітаю ўсіх Вас з Першым мая.
Улашчык.
НІЛУ ГІЛЕВІЧУ
4 ліпеня 1983 г.
Дарагі Ніл Сямёнавіч.
[...] Быў у "Полымі" (выдавецтве). Увесь час уздымаецца пытанне адносна "Вёскі" (рукапісу). Паслаў адаведныя матэрыялы, але вельмі падобна, што тут "ніц не бэндзе". Надрукаваць можна толькі ў Маскве, хаця і тут скрозь намагаюцца: дай пра сённяшні дзень. Талкую, што ў кнізе ўздымаюцца дзве праблемы: ліквідацыя аднаго з найбольшых зямельных уладанняў у Расіі (і ў Еўропе) — Радзівілаў, і на яго руінах стварэння буйнай і сярэдняй сялянскай гаспадаркі (а таксама і банкірскіх дамоў Баларусі), але ўсё гэта не тое. Добрыя вучоныя наперад ведаюць, як яно было, і не трэба псаваць іх дасягненні.