Читаем Лісты полностью

Пра беларускія пісаў нехта, хто матэрыялу не ведае, грунтуецца на працах Каяловіча і Жуковіча (наогул зараз беларускія гісторыкі даказваюць, што ў Беларусі галоўнаю сілаю гісторыі была праваслаўная вера). Што з гэтага будзе — не ведаю, а пісаў пра ўсё гэта так, як думаю.Але і гэта не бяда. Бяда з падручнікам па гісторыі Беларусі ("История БССР"), што склалі прафесары з універсітэта. Ду­маю, Вы ведаеце яго. Абэцадарскі быў фальсіфікатарам, але хітрым, у яго нашчадкаў няма і таго. Напісаў рэцэнзію і панёс у асноўны часопіс, дзе галоўны [рэдактар] з Магілёўшчыны. Галоўны прачытаў і сказаў "не": "Вы пахваліце, а пасля адзначце троха недахопаў, тады пойдзе, а так — не". А калі ўсе недахопы, а дахопаў наогул няма? Не, так нельга!

Два разы прэзідыум Акадэміі навук пасылаў мяне чытаць лекцыі ў ун-т, і абодва разы ўн-т адмовіўся мяне прыняць — нельга знайсці тыя 16-20 гадзін, на якія мяне пасылаюць. Схаваўшы гонар у кішэню, пайшоў сам да рэкгара і сказаў пра гэта. Рэкіар не паверыў і аддаў загад напісаць на мяне заяўку. 3 гэтага таксама нічога не выйшла. Гаварыў з загадчыцаю кафедры Чапко. Тая адра­зу, не круцячыся, адрэзала: "Такі курс (крыніцазнаўства) чытае Ігнаценка, і ён задавальняе ўсіх".

Між іншым, у Ваш Інстытут, як і ў Гродзенскі, запрашалі па адным разе. Значыцца, і там не дагадзіў, а тут і час сыходзіць, калі змагу штось сказаць.

Зараз сядзім з жонкаю ў пансіянаце ветэранаў навукі. Гэта на ўскраіне Масквы, каля самага лесу. Лес няварты, але такі ж лес, а не праспект. Добры пакой, і кормяць, а гэта сутнасць, бо дома невядома каму каго карміць. Народ усё такі, што хто з адным кіёчкам, а хто з двума, а хто і наогул не ходзіць.

Надумаўся, каб з вясны перайсці цалкам на пенсію і каб увесь цёплы час правесці за горадам, але зараз ідзе валтузня адносна кнігі пра летапісы. Калі зацвердзяць (другі раз) у выдавецтве, то не трэба спяшацца, а калі не? Хочацца наогул перабрацца дахаты, але як? Мяняцца зараз цяжка, ды і трэба заставіць кватэру сыну, а хто дасць "так сабе" ў Мінску? Маю граматы ад Саюзнай і Украінскай акадэмій, а ад Беларускай — хвігу (ад Ігнаценкі).

Яшчэ пра Вашу кнігу. Вы пішаце "паслязаўтра", у нас казалі "пазаўтра". Мяне вельмі абурае выраз "убіралі" (бульбу, жыта і інш.). Разумею так, што "ўбіралі" і "прыбіралі" — гэта тое самае, а бульбу капаюць ці выбіраюць, жыта жнуць і звозяць. Вельмі цяжкае слова "ўручаюць". Як можна такое сказаць ці напісаць і ці патрэбна наогул такое слова. А калі проста "далі"?

Слоўнік Ваш нейкі надлюдска багаты. Дарэчы, Тлумачальны слоўнік, што выдаецца ў Мінску, мне здаецца, самы недарэчны з усіх, апрача беларуска-расейскага і рас.-беларускага.

Абяцалі даць білет на ўшанаванне Купалы. Нябожчьща сястра [Ніна Бялькевіч] была добра з ім знаёма (і яшчэ больш з Купаліхаю), а я быў занадта сарамлівы, каб лезці на вочы, раз толькі праседзелі разам цэлы вечар у Лёсіка.

Яшчэ, дарэчы: стараўся у свой час трапіць на ўсе літаратурныя паседжанні, але за ўвесь час не сказаў там аніводнага сло­ва: баяўся сказаць глупства.

Прывітанне Серафіме Андрэеўне ад мяне і жонкі.

Улашчык.

АРСЕНЮ ЛІСУ

14 студзеня 1983 г.

Арсень Сяргеевіч.

Каспяровіч быў цікавай фігурай, і ў той час цікавых не бракавала наогул. Пра яго паходжанне і асвету матэрыялы павінны быць у архіве АН. Калі трапіцца што пісанае яго рукой, убачыце, наколькі характэрны быў яго почырк (востры з выразным нахілам). Яму далі пяць гадоў лагера, і ён паехаў (павезлі) у Кузбас. Працаваў на вугальных шахтах. У тыя гады хто выконваў (ці тым больш перавыконваў) норму, давалі так званыя зачоты: дзень залічваўся за два, у гэтым выпадку за паўтара. Такім чынам ён скончыў тэрмін прыблізна ў канцы 1933 ці ў пачатку 1934 г. Працуючы ў шахце, увесь вольны час вывучаў літаратуру па эканоміцы і таму, скончыўшы тэрмін, стаў працаваць у якасці эканаміста (старшага экакаміста) у трэсце Кузбасантрацыт. Жыў у Новасібірску, куды да яго прыехала жонка з двума малымі хлопцамі. Не ведаю як афіцыйна, але найбольш пэўна, што загінуў у 1937 г.

Гэта быў чалавек, які мог "прабіць" якую хаця справу. Працаздольнасць яго была фантастычнай. У сярэдзіне 20-х гадоў на розных парадах, канферэнцыях і г. д. ён разам з Барашкам былі заўсёды сакратарамі.

Мулявічусу даручылі напісаць пра мяне артыкул у літоўскую энцыклапедыю.

У Вільні ў архіве знойдзена Віцебская хроніка ці не трыста сярэдняга памеру аркушоў. Можа, гэта тая самая, якую Мураўёў загадаў забраць з друкарні Завадскага і здаць у бібліятэку, але якую з друкарні забралі, а ў б-ку не данеслі.

ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ

2 лютага 1983 г.

Дарагі Валянцін Пятровіч.

Набыў "Нёман", перачытаў і артыкул Тарасава, і рэцэнзію Ермаловіча. Свае погляды на ўсё гэта Ермаловіч выклаў даўно. Адзін час ён хацеў паставіць даклад у нашым інстытуце, я таго не падтрымаў. Даклад павінен быў ісці ў сектары Пашуты, а той чалавек малацырымонны і выклаў бы свае погляды на метады Ермаловіча ў такой форме, што таму было б крыўдна.

Перейти на страницу:

Похожие книги