Читаем Лісты полностью

Найперш віншую Вас з надыходзячым святам. Дай Вам, божа, самага найлепшага (мне сказалі з нейкаю зайздрасцю, што у Беларусі надзвычайны ўраджай на грыбы, то пажадаю Вам назбіраць іх як мага больш, насаліць і насмажыць. Збіранне грыбоў было самаю большаю радасцю).

У гэтыя дні ў мяне набралася навін: паклікалі ў рэдакцыю "Вопросов истории", каб падпісаць артыкул аб летапісах. Рэдакцыя папрасіла, каб даў у пераклад за ўрыўкі самых цікавых кавалкаў розных летапісаў, што я і зрабіў. Павінна выйсці ў № 12. Зразумела, можа што небудзь здарыцца, i мой тэкст перанясуць на другі нумар, але зараз арыентуюся на 12. Папрашу рэд. заставіць мне некалькі экз. і вы­шлю Вам.

Учора выклікалі ў выдавецтва: прыйшло 6 аркушаў карэкту­ры кнігі. Звычаі ў выдавецтве лютыя: што-небудзь мяняць проці паданага тэксту нельга. На карэктуру даецца два тыдні, але выйсці кніга павінна ў другім квартале 1985 г. Няхай так, але да гэтага часу ёсць праспект толькі на першы квартал, а мяне, як звычайна, падганяюць — арганізуй заказы, каб з Беларусі і Літвы не менш, як на тысячу. А як такое зробіш, калі і праспекгу няма, ды нават паездкі ў Мінск, што рабіў з папярэднімі выданнямі, не даюць вынікаў. Ва ўсякім разе, калі што можна зрабіць — прашу пра гэта. Друкуецца кніга ў Першай узорнай друкарні, і з таго, што прачытаў, — набор надта добры.

24-25 кастрычніка ва ўніверсітэце ў Мінску праходзілі Пічэтаўскія чытанні. Раней меў запрашэнне на гэта і падрыхтаваў вусны тэкст — успаміны пра Пічэту як педагога, настаўніка. Не надта быў пэвен, што паеду, бо дома зусім кепска, але тут адзін з арганізатараў чытанняў, Мельцар, пазваніў сюды чле­ну Аргкамітэта, паведамляючы, што ўн-т не дае мне запрашэння. Пазней, пры сустрэчы ён растлумачыў, што ва ўн-це шмат народу вельмі проці мяне. Зразумела, што за мяне там будзе мала, бо пакрыўдзіў ужо колькі вучоных (пры абароне Загарульскім тут доктарскай сказаў, што раку ў Мінску завуць не Няміза, але Няміга, і што, прабуючы вызначыць назву Менск, трэба мець на ўвазе існаванне Мінска Мазавецкага, навакол якога сабралася ці не пяць Сенніцаў.

А тут яшчэ валтузня з Лойкам (рэцэнзію на Лойку адсюль паслалі на апрабацыю ў Мінск, дзе яна і загінула). Уяўляю за­раз, як гістарычны факультэт універсітэта стаіць пры ўваходзе з дручкамі, чакаючы, што я парушу абвяшчэнне мяне персонаю нон грата.

Варта дадаць, што ў-тэт, калі жыў Гарбуноў, толькі бэсціў Пічэту, а выдаў яго творы я, хаця ўмовы ў мяне былі цяжкія. Зараз у зборніку "История и историки" змешчаны мой артыкул "“История белорусского народа” В. И. Пичеты". Зборнік павінен быў выйсці ў маі, але з яго выдралі нейкі артыкул, і ён "засеў". Кажуць, што да канца года выйдзе. Калі вый­дзе — прышлю Вам.

Ну, усе свае клопаты Вам не перакажаш, але і гэтых даволі.

Улашчык.

ГЕНАДЗЮ КАХАНОЎСКАМУ

7 снежня 1984 г.

Дарагі Генадзь Аляксандравіч!

Атрымаў Вашу кнігу. Покуль перагартаў, пазней трэба будзе прачытаць грунтоўна. Трагічная кніга! Амаль усіх, хто працаваў на нас, урад знявечыў, яшчэ страшней з музейнымі і бібліятэчнымі зборамі: столькі было сабрана, і што засталося! Усё расцягалі, паламалі і проста раскралі, а зараз мы нібы без мінулага. Такія бібліятэкі, такія мастакі з цэхавых працавалі, а дзе яно ўсё. Нават імён не засталося. Прасочваючы гісторыю Супрасльскага летапісу, я пісаў, што, згодна з інвентарамі Супрасльскага манастыра XVI ст., там было столькі мастацкіх рэчаў, што па-сутнасці гэта быў музей, а дзе яно што? А Вы ж даяце звесткі пра дзесяткі такіх збораў, якія зніклі ці раскіданы па розных сховішчах.

У нас доўгі час гісторыкі пісалі толькі (ці галоўным чынам) пра сялянства, пра сялянскі рух, культурная частка была зусім закінутая. Спрабую ўзняць цікавасць да гэтай тэмы, а мне кажуць, што гэта сфера Галенчанкі, а Галенчанка піша, што мы ўсе "дзякуючы". Пра Слуцак, Нясвіж, Капыль даўно піша Грыцкевіч, але пра іх як пра культурныя цэнтры ён не гаворыць, а гэтая тэма наспела даўно. Дарэчы, і цікавасць чытачоў да гэтай тэмы надта ўзрасла. Таму дзякуй Вам за абедзьве кнігі.

Па-другое. Ваша кніга навуковая, гэта значыцца, што Вы трымаецеся тых правілаў, якія належыць выконваць пры напісанні навуковых прац. На фоне тых кніг, якія выпусцілі ў апошнія гады Абэцэд, Чапко, Жучкевіч, Вашы можна ставіць як узорныя. Асабліва ўзрушыла мяне кніга Лойкі, які знайшоў мажлівым даследаваць, чыёй сапраўды дачкой была Ластаўскене. I такое паскудзтва надрукавана тыражом у 170 тыс. Спрабую надрукаваць рэцэнзію на кнігу, але аўтар абгарадзіўся такім тынам, што пэўна нічога ня выйдзе.

Цяпер некалькі заўвагаў да Вашай кнігі. Ня ведаю, чаму Вы не кранулі прац Баброўскага аб Гарадзеншчыне. У яго такія ж ёсць. Наогул, як генерал Баброўскі, так і яго дзядзька М.К.Баброўскі вартыя спецыяльнай манаграфіі.

Перейти на страницу:

Похожие книги