Ці вядома Вам, што ў 1863 г. у друкарні Завадзкага знаходзіўся рукапіс Міхала Борха пад назваю "Легендарная история русско-нормандского периода Белорусских стран". Рукапіс гэты быў адпраўлены ў Публічную бібліятэку, але да яе не дайшоў. Найбольш пэўна, што нехта паспеў схапіць яго і схаваць, але хто, і ці захаваўся ён.
Пра музей у Нароўлі Горвата. У верасні 1929 г. дырэктар Бібліятэкі Сіманоўскі даручыў мне паехаць у Нароўлю і забраць там рэшткі бібліятэкі Горвата, нават далі мяшок тары, каб пакаваць кнігі. Калі я прыехаў, то палац Горвата быў цэлы (надта прыгожы, над Прыпяццю). Там даведаўся, што ўвесь палац уяўляў сабою музей прыроды Палесся, а ў бібліятэцы было сабрана ўсё (так у прынцыпе), што было надрукавана пра Палессе. Але ў той час, калі я прыехаў, там засталося некалькі чучалаў звяроў, і больш нічога. Тубыльцы сказалі такое: да першага пашырэння Беларусі Нароўля належыла да Гомельскай губерні, і калі ў Гомелі даведаліся, што Нароўля адыходзіць за "граніцу", то адтуль прыйшоў параход, каб забраць ўсё, што засталося (а было нямала). Музейныя экспанаты кідалі з вокан на зямлю, і адтуль кідалі ўніз (бераг там стромкі), а там на параход. Пра гэта я казаў людзям, але (здаецца так) ніколі нідзе не пісаў. Таму майце на ўвазе, як было.
Мая кніга пра летапісы пэўна ў гэтым годзе будзе гатова на машынку, а можа будзе і надрукаваная, выйсці павінна ў другім квартале наступнага году. Пасля здарэння з вёскаю, гаварыў пра гэта асцярожна. У плане выпуску на другі квартал выдавецтва "Наука" кніга лічыцца пад нумарам 19. Цана паказана незразумела высокая — 3.50, але гэта залежыць ад тыражу.
Вітаю Вас з вельмі цікаваю і патрэбнаю кнігаю.
ВІТАЛЮ СКАЛАБАНУ
13 снежня 1984 г.
Шаноўны Віталь Уладзіміравіч.
Здарыўся нібы цуд: Вы прыслалі нататку з газеты, якая была надрукавана амаль 60 гадоў назад. Я толькі што паступіў ва ўніверсітэт, адкуль добрыя людзі так стараліся мяне выжыць, і адразу ўхапіўся за ідэю стварыць краязнаўчую арганізацыю. Я быў неяк троха ашалеўшы з гэтаю ідэяй, мне здавалася, што ці не ўсе людзі павінны займацца краязнаўствам. Дарэчы, гэта дало, хаця і на кароткі час, вынікі: летам 1926 г. мы, як члены краязнаўчага гуртка (я і Сяргей Шутаў), хадзілі ў першую ў гісторыі ўніверсітэта даследчую экспедыцыю, расшукалі і апісалі археалагічныя помнікі на ніжняй Свіслачы (ад Асіповіч да вусця).
У наступны год гурток вырас у Таварыства, старшынёю якога стаў Пічэта. Між іншым, у кастрычніку гэтага года ўніверсітэт наладзіў Пічэтаўскія чытанні, на якіх я збіраўся зрабіць паведамленне пра Пічэту як настаўніка і педагога, але ўніверсітэт у асобе Мельцара перадаў, што я не проста не жаданы, але што загадана не пускаць мяне на чытанні. Не ведаю — у якой форме ўніверсітэт не пускаў бы мяне (хіба стаў пры дзвярах і не пусціў сілом), калі б я такі прыехаў.
Скандракоў сакратаром быў нядоўга; яго змяніў Каспяровіч (інструктарам ЦБК быў Крапіва). Спатыкаўся з ім я толькі некалькі разоў, прытым толькі на паседжаннях. На нас, у той час паўвясковых, надта малакультурных хлопцаў, яго далікатнасць у абыходжанні з людзьмі рабіла вялікае ўражанне.
Памятаю такі выпадак. Нейкая вучоная жанчына з Ленінграда рабіла ў памяшканні Камісарыяту асветы (зараз Рэвалюцыйная) даклад. Мы ўсе сядзелі апранутыя, дакладчыца хаця і мерзла, але скінула паліто. Пасля ўсяго яна пачала адзяваць паліто, і тут Скандракоў, які быў недзе збоку, кінуўся памагчы ёй, а пасля паціху да нас: што ж вы, хлопцы, не памаглі? А мы і не ведалі, што павінны былі памагаць, у нас так не было. Мне здаецца, што скора Скандракоў знік з Мінска (можа, быў у Горках). Вось і ўсе мае небагатыя ўспаміны пра гэта.
У той час была мода падпісвацца калі не псеўданімамі, то ініцыяламі. Першы раз, відаць, падпісаўся сваім прозвішчам, калі даў нешта ў літаратурную старонку "Звязды". У той час рэдактарам старонкі быў Жылка. Некалькі разоў друкаваў рэцэнзіі ў "Полымі", але як падпісваў — не памятаю. У "Савецкай Беларуси ў 1926 ці 1927 г. пісаў пра кепскую ахову помнікаў; таксама не памятаю — за якім подпісам.
Між іншым, калі пагартаеце "Сав. Беларусь" за восень 1926-27 гг., можа, напаткаеце нататку пра тое, як Сербаў у тым годзе каля Быхава рабіў археалагічныя раскопкі плугам, а ў наступным збіраецца пусціць трактар. Сказаў гэта як жарт Садоўскаму, які збіраў якія хаця навіны, а той узяў і надрукаваў. Было сорамна, а Сербаву — нібы і нічога.
Улашчык.
ЭРНЕСТУ ЯЛУГІНУ
23 снежня 1984 г.
Дарагі Эрнест Васілевіч.
Прыйшоў Ваш невясёлы ліст. Надыходзіць Новы год, і належыць сваім добрым знаёмым слаць прывітанні і пажаданні добрага здароўя. Не будзем ламаць традыцыю: пажадаю ўсяго добрага Вам. Мне лепш такога, аднак, не варта жадаць, бо хаця сам яшчэ — сяк-так, а жонка даўно без памяці.