Чытаю Вашу кнігу. Шмат розных думак выклікае яна. Скарына — Францыск ці Георгій? Здаецца, справа простая — пэўна ж Скарына ведаў, як яго завуць, а тут знайшлося колькі народу, які лічыць, што яны ведаюць лепш. А ўсё з-за таго — які Бог. Наогул мы зараз наехалі на дзіўную пару: Бога няма, але сапраўдны Бог толькі праваслаўны, усе іншыя дрэнь. Адсюль і Георгій. Наогул мне здаецца, што такая форма абсалютна не падыходзіць да беларускага вымаўлення. У нас жа не было Георгія (як гэта імя гучыць у запісах Кракаўскага у-та?) а быў Юрай (нават не Юрый, а Юрай). Флароўскі нават упікнуў Пічэту, што той спярва быў за Францыска, а пазней далучыўся да Георгія. Сапраўды так, але Пічэта заўсёды стараўся ісці ў ногу.
Вельмі цікавыя Вашы разважанні адносна пражскага перыяду Скарыны.
Неяк летам 1929 г., параіўшыся з Уладзіславай Францаўнай, хацелі прайсці дарогамі, дзе бываў Купала, і зрабіць належныя фота (фатографам з цяжкай камерай быў мой прыяцель Калістрат Пастуховіч, які рабіў фота ў Тураўскім раёне ў 1927 г.). Для пачатку неяк у верасні мы ўтрох — археолаг Алесь Каваленя, хірург Юзік Бараноўскі і я рушыліся на Лысую гару пад Лагойскам. Дайшлі вечарам да Бяларуч, дзе і заначавалі. Каб жа маладыя ведалі! Можа, якраз былі ў хаце, дзе ў свой час змяшчалася школа, ва ўсякім разе ў той час можна было б шмат чаго даведацца. Паход быў першы і апошні. Пачалася іншая пара. Каваленя (ён быу з-пад Слоніма) загінуў у 1937 г., Бараноўскі гадоў дзесяць назад, перажыўшы ўсё, што яму належала, памёр у Бабруйску. Што было — мінула.
Вялікі дзякуй за кнігу. Шмат з таго, што выходзіць у Мінску, для мяне невядома.
Прывітанне Вашай сям і. Быў у Вас, здаецца, надта даўно.
АНАТОЛЮ ГРЫЦКЕВІЧУ
3 снежня 1981 г.
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Дзякуй за кнігу. I такую трэба мець і ведаць. Праглядзеў пачатак. Відаць, трэба было пасылаць на рэцэнзію ў наш Інстытут, але асцерагаліся, каб не трапіла да мяне (хаця можа як падручнік павінны былі паслаць у навуковую ўстанову). Бяляўскі (дарэчы, не М.П., а М.Т. — Тимофеевич) беларускімі праблемамі ніколі не займаўся, яшчэ меншы спецыяліст у гэтай галіне Фёдараў, але, зразумела, ад іх вымагалі самай агульнай ацэнкі, накіраванасці, а гэта Бяляўскі можа даць. У гістарыяграфічным раздзеле ўсе аўтары, пачынаючы з Турчыновіча, ідуць адным цветам, без усялякае спробы аналізу. Нарбут, Ярашэвіч і наогул усе, хто ня пісаў па-руску, адсутнічаюць. Нават пра Космана няма згадкі. Адпаў і я, а з-за мяне (так думаю) адпалі Пахілевіч і Мальцаў.
Пару дзён назад чуў, што лёс "Беларусі ў складзе…" вырашаецца зноў, бо прысланая без подпісу рэцэнзія на 30 старонак. Кажуць, што ўсё прыйдзе ў Інстытут яшчэ раз. Спадзяюся, што пра ўсё гэта мне зноў нічога ня скажуць.
Я, ведама, згодзен быць у Вас апанентам, але я фігура няпэўная па дзвюх акалічнасцях. Цяпер шыфр апанента павінен супадаць з шыфрам дысертацыі, а ў мяне ён далёкі. Другое, — я наогул не магу быць пэўным па гадох. Пакуль што добра, але ніякіх гарантый на будучае. Майце гэта на ўвазе і прыглядайцеся да кантрольнага.
Калі быў у Мінску ў жніўні, гаварыў па тэлефону з Чапко. Між іншага спытаў, ці ёсць на кафедры адпаведныя тамы ПСРЛ. Сказала, няма, — ні першага, ні другога. А як жа Вы так? Чаму ж не набылі, як жа ў Вас ідуць заняткі? Набываць — гэта справа бібліятэкі, а ня кафедры, а калі трэба, то студэнты ходзяць у Ленінскую бібліятэку. Адкуль жа тут загарэцца студэнту!
Скора новы год. Як хутка ідуць наогул гады.
Улашчык
УЛАДЗІМІРУ КАРАТКЕВІЧУ
10 студзеня 1982 г.
Дарагі Уладзімір Сямёнавіч.
Ссння да мяне дайшла Ваша "Зямля". Я чытаў яе раней, але з цікавасцю пачаў чытаць яшчэ раз. Чытаючы, перажываю сваю маладосць, бо найбольш любіў бадзяцца па сваёй зямлі. Па-за межамі Беларусі быў толькі ва Украіне і адзін год меркаваў, даехаўшы да Сінельнікава, прайсці пехатою да Харкава. 3 гэтага, аднак, нічога не выйшла.
Апошні падарож быў такі: да Урэчча, адтуль у Любань, далей на Кузьмічы, з Кузьмічоў у Дзякавічы, адтуль на Мяжэвічы - Пагост - Слуцак. Паміж Дзякавічамі і Мяжэвічамі была відаць настолькі выразная розніца (палешукі і случакі), што меркаваў на наступны год (гэта значыцца, на 1930) прайсці ўздоуж гэтай мяжы, аднак жа давялося паехаць на поўнач.
Калісьці наша краіна здавалася нейкай аднастайнай, але зараз толькі, пабыўшы на Нарачы, убачыў розніцу і ў прыродзе, і (тым больш) у гаворцы. Дзякуй Вам, што Вы не толькі пабачылі, але і запісалі. Між іншым, з месяц назад тут былі палякі і літоўцы, літоўцы сказалі, што кніга перакладзена на літоўскую мову, дадаўшы, што ў ёй нічога антылітоўскага няма, таму і пераклалі.
Калісь дамаўляўся з Купаліхаю, што абыдзем усе мясціны, дзе жыў Купала, апішам і (калі хопіць сілы, бо ў той час гэта было складана) сфатаграфуем. Было гэта ў 1929 г. Утрох схадзілі ў Бяларучы - Лысую Гару - Лагойск, і на гэтым скончылася. Зараз з усіх падарожнікаў жывы я адзін.
Ідуць Каляды. Апошні раз сядзеў за сталом, накрытым сенам і настольнікам, пэўна, у 1926 ці 1927 годзе.
Улашчык.
ВЯЧАСЛАВУ РАГОЙШУ
3 лютага 1982 г.
Дарагі Вячаслаў Пятровіч.